Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У Мінску ўпершыню пройдзе выстава, прысвечаная Івану Луцкевічу

У наступны аўторак, 20 жніўня, а 17:00 у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выставы "У народ і край свой толькі веру". Праект падрыхтаваны да 100-годдзя з дня смерці знанага грамадскага дзеяча, палітыка, археолага Івана Луцкевіча.

20 жніўня ў межах адкрыцця выставы адбудзецца асвячэнне памятнага каменя на колішняй сядзібе Луцкевічаў у парку Янкі Купалы. Вечар памяці Івана Луцкевіча завершыцца Святой Імшой у касцёле святога Роха на Залатой горцы а 18.30.

 

2019.08.13 0

З нагоды 30-годдзя ТБМ кіраўніцтва арганізацыі наведала новы бар Kalinoŭski. Раім усім!

Нагадаем, што сёлета Таварыства беларускай мовы святкуе 30-годдзе. З гэтай нагоды старшыня ТБМ Алена Анісім, ганаровы старшыня Алег Трусаў і журналіст, сузаснавальнік беларускага інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН" Віталь Цыганкоў наведалі новы бар Kalinoŭski (Зыбіцкая, 4). Афармленне рэстарацыі, беларускамоўнае меню, ветлівасць афіцыянтаў, кухня - усё было на ўзроўні, кіраўніцтва ТБМ рэкамендуе!

2019.07.30 0

Навіны Універсітэта імя Ніла Гілевіча: пададзены пакет дакументаў для атрымання ліцэнзіі (абноўлена)

У пятніцу, 19 ліпеня, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім (ТБМ з'яўляецца заснавальнікам універсітэта) падала падрыхтаваны рэктаратам Універсітэта імя Ніла Гілевіча першы неабходны пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год, прынамсі, на гэта вялікі спадзеў.

Нагадаем, што ў аўторак, 2 ліпеня, адбылося пасяджэнне рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча, на якім былі падведзены вынікі дзейнасці за час атрымання рэгістрацыі і было вырашана ў гэтым месяцы цалкам падрыхтаваць і падаць пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год па 4-х спецыяльнасцях. Акрамя іншага, сярод дакументаў і 18 вучэбна-метадычных комплексаў, падрыхтаваных нашымі выкладчыкамі.

Таксама кіраўніцтва Універсітэта імя Ніла Гілевіча ўдзячнае за фінансавую падтрымку. У першую чаргу, выказваем падзяку спн. Мотуз і спн. Мікульскай.

Калі маеце магчымасць падтрымаць універсітэт, то па гэтай спасылцы ёсць інструкцыя. Любыя пытанні задавайце праз пошту nhuniversitet@gmail.com.

Чытайце пра нас на сайце ўніверсітэта www.nhu.by і ў інстаграме www.instagram.com/nhu.by.

2019.07.19 0

Алена Анісім накіравала ўладам праект закона аб прыпыненні выканання смяротнай кары

Учора, 18 ліпеня, Старшыня ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў спн. Алена Анісім накіравала праект закона аб прыпыненні выканання смяротнай кары ў Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў (для іх заўваг і прапаноў, праект дасланы на дзвюх дзяржаўных мовах). 

Праект

ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары

Прыняты Палатай прадстаўнікоў
Ухвалены Саветам Рэспублікі

Артыкул 1. Прыпыніць дзеянне артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь да адмены смяротнай кары.

Артыкул 2. Асобы, у адносінах да якіх ёсць прысуд да смяротнай кары, які ўступіў у сілу, накіроўваюцца ў папраўчыя калоніі ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 65 і 70 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, для іх утрымання на ўмовах, прадугледжаных у адносінах да асобаў, якія адбываюць пажыццёвае зняволенне.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

2019.07.19 0

Viber і Telegram можна беларусіфікаваць. Даступныя і стыкеры на беларускай

У Viber запусцілі падтрымку беларускай мовы. Каб адсвяткаваць гэтую падзею, кампанія прэзентавала стыкерпак "Лесавiчок", які стане неад'емнай часткай новага нацыянальнага вобраза Viber. Запуск лакалізаванага інтэрфейсу адбыўся напярэдадні важнай для Беларусі даты — дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай мовы і выдатнага паэта Янкі Купалы.

Каб змяніць мову, неабходна спампаваць апошнюю версію дадатку Viber у Play Mаrket або Apple Store, зайсці ў "Настройкі", абраць "Агульнае" і паставіць птушачку насупраць "Беларуская". Сярод стыкераў на беларускай у Viber шукайце пад назвамі "Наперад, Белакрылыя!", "Minskikot"," Традыцыі на новы лад" (2 наборы стыкерпакаў).

У Telegram беларуская мова пакуль не адлюстроўваецца ў наладах, але зрабіць свой Тэлеграм беларускім можна, націснуўшы на спасылку t.me/setlanguage/be-beta.

 

2019.07.12 0

Тэрмінова! Моўнае даследаванне ў Беларусі

Да Беларускага ПЭН-цэнтра звярнуўся амерыканскі сацыялінгвіст і выкладчык Бостанскага каледжа (ЗША) Курт Вулхайзер. Ён праводзіць моўнае даследаванне ў Беларусі і запрашае Вас паўдзельнічаць. Калі Вы ведаеце, каму яшчэ можа быць цікавая гэтая інфармацыя, падзяліцеся ёю, калі ласка.

Інтерв'ю плануюцца ў чатырох найбуйнейшых гарадах Беларусі: у Мінску 10-га ліпеня (18.30-20.30), у Гомелі 15-га і 16-ага, у Магілёве 19-га і 20-га, і ў Віцебску 22-га і 23-га ліпеня. 

Калі Вы жадаеце прыняць удзел у гэтым даследаванні, калі ласка, напішыце па адрасе: woolhise@bc.edu.

2019.07.09 0

petitions.by атрымаў адказ на зварот аб прыняцці нацыянальнай Інструкцыі па транслітарацыі замест састарэлай раманізацыі BGN/PCGN

На сайце petitions.by у мінулым месяцы збіралі подпісы, каб дамагчыся прыняцця нацыянальнай Інструкцыі па транслітарацыі замест састарэлай раманізацыі BGN/PCGN.

Петыцыя была дасланая 18 чэрвеня, 28 чэрвеня прыйшоў адказ. На старонцы петыцыі можна азнаёміцца з самой петыцыяй і адказам цалкам.

2019.07.01 0

Прайшлі першыя заняткі новага сезона "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

Сёння, 27 чэрвеня, прайшлі першыя заняткі новага сезона "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. На сустрэчу прыйшло два дзясяткі чалавек рознага ўзросту. Адкрывала сустрэчу старшыня ТБМ спн. Алена Анісім, якая адзначыла, што сёння асабліва адметны дзень не толькі дзякуючы заняткам гістарычнай школы, але і ў сувязі з 30-годдзем ТБМ.

Таксама на сустрэчы ладзіліся прагляды гістарычных фільмаў выбітнага гісторыка Алеся Краўцэвіча пра Мір і Мірскі замак, а Алег Трусаў распавёў пра тое, што засталося за кадрам.

Штомесяц будзе праведзена па 1-2 лекцыі, у якіх сп. Трусаў будзе распавядаць пра гісторыю розных гарадоў Беларусі, сярод якіх Мір, Слонім, Валожын, Мсціслаў і мястэчка Івянец. Тэма другой сустрэчы - "Старажытны Мсціслаў".

Чакаем у офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13)  4 ліпеня ў 18:20. Уваход вольны.

2019.06.27 0