Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

ТБМ звярнулася да ўладаў з прапановамі аб выкарыстанні беларускай мовы ў пашпарце турыста і інфармацыйных абвестках на дзяржаўнай мяжы Беларусі

2016.10.31 2

Гарадзенскі сябар гарадской Рады ТБМ і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч напісаў ліст у аблвыканкам і атрымаў невясёлы адказ. У ліставанні гаворка ідзе пра мовы "пашпарта турыста" для замежных турыстаў, якія будуць выдаваць ў снежні 2016 г. "Пашпарты" будуць толькі на трох мовах - рускай, польскай, англійскай. Аблвыканкам не бачыць сэнсу рабіць яшчэ і беларускамоўную версію. Кіраўніцтва ТБМ далучылася да прапановы і даслала ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта.

Цалкам ліставанне чытайце далей.

31 кастрычніка 2016 г.  № 74

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

А. М. Косінцу

вул. К.Маркса, 38

г. Мінск

Аб  выкарыстанні дзяржаўнай беларускай мовы

ў пашпарце турыста і інфармацыйных абвестках

на дзяржаўнай мяжы Беларусі

Шаноўны Аляксандр Мікалаевіч!

Да нас неаднаразова звяртаюцца сябры ТБМ з г. Гродна, якія звяртаюць увагу на тое, што ў пашпартах-буклетах для замежных турыстаў, якія без візы могуць наведваць Гродзенскую вобласць, адсутнічае дзяржаўная беларуская мова. Гэта ў першую чаргу выклікае вялікае абурэнне ў беларусаў, грамадзян Польшчы, які ўжо пачалі наведваць нашу краіну.

Звароты нашых актывістаў да мясцовых чыноўнікаў жаданага выніку не далі.

Акрамя таго, са сродкаў масавай інфармацыі мы даведаліся, што на дзяржаўнай мяжы, праз якую праходзіць Аўгустоўскі канал, з'явіліся інфармацыйныя шыльды для турыстаў, дзе таксама адсутнічае дзяржаўная беларуская мова, а ў тэкстах на польскай мове ёсць памылкі.

У нас складваецца ўражанне, што мясцовыя ўлады не падзяляюць наступнае выказванне Кіраўніка нашай дзяржавы, якое ён нядаўна агучыў перад дэпутатамі беларускага парламента: "Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

У сувязі з гэтым просім тэрмінова выправіць адзначаныя недахопы.

З павагай,

 

Старшыня ТБМ                                                                             А.Трусаў

Каментары

Госць 2016-11-09 12:56:37

А чаму новаспечаная дэпутатка з ТБМ не зрабіла адпаведны запыт?

Госць 2016-11-26 20:19:52

"новаспечаная дэпутатка" - ну вы даёце!


← вярнуцца ў навіны