Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Дэпутат Алена Анісім выступіла з прывітальным словам на навуковай канферэнцыі ў Стоўбцах

2016.11.01 2

У Стоўбцах 27 кастрыніка адбылася навукова-практычная канферэнцыя  “Стаўбцоўшчына – гісторыка-культурная спадчына Наднёманскага рэгіёна”, арганізаваная сумесна Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў, Стаўбцоўскім выканаўчым камітэтам. Было заяўлена звыш сарака дакладаў і паведамленняў. У канферэнцыі бралі ўдзел навукоўцы з НАН Беларусі, аспіранты, студэнты, прадстаўнікі турыстычнай сферы, архітэктары, краязнаўцы, а таксама вучні старэйшых класаў з розных школ Стаўбцоўшчыны. Канферэнцыя выклікала вялікую цікавасць у грамадскасці. Паводле яе вынікаў была прынята рэзалюцыя.
З прывітальным словам на канферэнцыі выступіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 Алена Анісім. Яна выказала некалькі прапаноў для выніковай рэзалюцыі. Прыводзім тэкст яе выступу.

Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі!

Паважаныя госці, шаноўныя прысутныя!

Дазвольце мне прывітаць вас з нагоды адкрыцця навукова-практычнай канферэнцыі “Стаўбцоўшчына – гісторыка-культурная спадчына Наднёманскага рэгіёна”. Трэба сказаць, што правядзенне такой канферэнцыі менавіта тут вельмі важна. Бо Стаўбцоўская зямля – дарагая і блізкая кожнаму беларусу, хто ведае і шануе беларускае слова, беларускую культуру. Менавіта тут нарадзіўся волат беларускай літаратуры Якуб Колас. На гэтай зяямлі адбылася знакавая сустрэча нашых класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Мова Стаўбцоўшчыны стала асновай сучаснай беларускай літаратурнай мовы. І ўсе гэтыя факты патрабуюць асэнсавання і актыўнага выкарыстання ў штодзённым жыцці. На жаль, мусім канстатаваць, што тут, у Стоўбцах, няма краязнаўчага музея, да гэтай пары няма помніка Якубу Коласу.

Таму я звяртаюся да ўдзельнікаў канферэнцыі з наступнымі прапановамі:

1.     Стварыць аргкамітэт для заснавання краязнаўчага музея ў г. Стоўбцы, у які запрасіць прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады, навукоўцаў-гісторыкаў, краязнаўцаў, настаўнікаў.

2.     Ініцыяваць арганізацыю ў г. Стоўбцы гімназіі з беларускай мовай навучання для таго, каб справа адукацыі на роднай мове, якой Якуб Колас прысвяціў шмат працы і сіл, мела належнае ўвасабленне і перспектыву.

3.     Падтрымаць ідэю ўсталяваць помнік Якубу Коласу ў г. Стоўбцы і накіраваць адпаведны ліст у Міністэрства культуры.

Гэта будзе добрым практычным вынікам канферэнцыі і паспрыяе таму, каб Стаўбцоўшчына заняла сваё належнае месца ў культурным жыцці нашай краіны.

Шаноўнае спадарства! Жадаю ўсім удзельнікам канферэнцыі плённай працы, цікавых даследаванняў і новых перспектыўных задум. 

Каментары

Госць 2016-11-03 22:53:32

Як больш правільна: Стаўбцоўшчына ці Стаўпеччына?

Госць 2016-11-26 20:19:02

Вусна кажуць "Стаўпеччына", а пішуць мо "Стаўбцоўшчына"


← вярнуцца ў навіны