Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Гомельскае ТБМ запрашае запісацца ў беларускамоўную групу ці клас. Нядаўна ў Гомелі ўсталявалі адпаведны бігборд (абноўлена)

Грамадскае аб’яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" займаецца тэмай беларускамоўнай адукацыі ў Гомелі больш за 6 гадоў. У выніку агульных высілкаў разам з установай "Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ" быў уведзены асобны ўлік для жадаючых навучацца па-беларуску.

Два гады існавання чаргі паказалі, што аднаго толькі ўліку не дастаткова, чарга не рэкламуецца, звесткі чаргі грамадскасці не прадастаўляюцца, таму Гомельскае ТБМ вырашыла арганізаваць свой ўлік і заклікае запоўніць анкету.

Вынікі разнастайных апытанняў праведзенных і араганізацыяй, і ў навучальных установах з падачы ТБМ паказваюць, што існуе попыт на беларускамоўную адукацыю, але не заўсёды права навучацца па-беларуску рэалізуецца.

Бацькам кажуць пра мінімальную колькасць дзяцей, якая павінна быць у такіх групах ці класах, але гэта нельга пацвердзіць дакументамі, таму што ў іх напісана толькі пра максімальную колькасць дзяцей. Для школы гэта 25 чалавек, а для гімназіі 20.

Практыка паказвае, што больш эфектыўнымі з’яўляюцца скаардынаваныя дзеянні групы людзей, чым высілкі адзінак. Мы запрашаем далучыцца да нас хаця бы дэклараваннем таго, што вы ёсць. Запоўніце анкету, па выніках анкетавання мы прааналізуем размеркаванне анкет па раёнах горада, збярэмся разам і распрацуем далейшыя крокі. Проста ўявіце, што французы ў Францыі патрабуюць навучанне па-французку! Неверагодна, але для беларусаў гэта рэальнасць, — кажа старшыня Гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч.

У 2018/2019 навучальным годзе ў Гомелі беларускамоўнае навучанне было арганізавана ў трох дзяржаўных установах: яслі-сад № 160 і № 161 і ў гімназіі № 36 імя Мележа. Агулам колькасць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску 105 чалавек. Запаўняйце анкету і далучайцеся.

Даведка: +375299089162 (Алеся), gomeltbm@gmail.com

Крыніца: gomel.today

2019.07.25 0

Помнік Алесю Адамовічу нарэшце замаўляюць, а помнік Льву Сапегу паўстане ў цэнтры Слоніма ўжо ў канцы лета

У канцы мінулага тыдня сродкі на помнік Алесю Адамовічу нарэшце сабралі. У 2018 г. былі сабраныя грошы на бюст з улікам коштаў таго года (каля шасці тысяч даляраў), за год кошты выраслі — і 900 рублёў, якіх стала не хапаць, сабралі на платформе molamola.by за 10 гадзін! Бюст аўтарства Гэніка Лойкі і Яўгена Білея паставяць на малой радзіме Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша (Бабруйскі раён). Дазвол на ўсталяванне ад улады атрыманы быў. Плануецца адкрыць помнік падчас фэста "Глушанскі хутарок", але дата правядзення яшчэ не вызначаная.

У той час, як паведамляе racyja.com, у цэнтры Слоніма ў скверыку на плошчы Леніна пачаліся земляныя работы па падрыхтоўцы падмурку пад помнік былому слонімскаму старосту, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Цягам месяца ўсе работы будуць выкананыя і ў канцы жніўня помнік аўтараства менскіх скульптараў В.Пініна, І. Міско і С. Логвіна паўстане ў цэнтры Слоніма. Вышыня помніка разам з пастаментам будзе 4 метры. Урачыстае адкрыццё яго адбудзецца 1 верасня падчас рэспубліканскага свята Дня беларускага пісьменства і друку.

2019.07.23 0

Улады накіравалі ліст у Вікіпедыю з просьбай выкарыстоўваць для беларускіх назваў нацыянальную сістэму раманiзацыi геаграфiчных назваў

Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі накіраваў ліст у Вікіпедыю з просьбай пры напісанні беларускіх геаграфічных назваў лацінкай выкарыстоўваць нацыянальную сістэму раманiзацыi геаграфiчных назваў. Аўтар канала Спадчына ў тэлеграме прапануе падтрымаць такую падзею і запосціць у сацсетках фотаздымак свайго ўпадабанага горада, дадаўшы да яго хэштэг кшталту #PolackNotPolotsk.

2019.07.22 0

На petitions.by збіраюць подпісы за права атрымаць ад супрацоўнікаў дзяржаўных органаў вусны адказ на мове звароту (абноўлена)

На сайце petitions.by пачалі збіраць подпісы за права атрымліваць ад супрацоўнікаў дзяржаўных органаў вусны адказ на мове звароту. Сабрана ўжо амаль 800 подпісаў, да адсылання петыцыі ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь і Палату прадстаўнікоў Нацыянальгага сходу Рэспублікі Беларусь застаецца 4 дні.

Падпісаць і прачытаць тэкст цалкам можна на старонцы петыцыі.

2019.07.19 0

Навіны Універсітэта імя Ніла Гілевіча: пададзены пакет дакументаў для атрымання ліцэнзіі (абноўлена)

У пятніцу, 19 ліпеня, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім (ТБМ з'яўляецца заснавальнікам універсітэта) падала падрыхтаваны рэктаратам Універсітэта імя Ніла Гілевіча першы неабходны пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год, прынамсі, на гэта вялікі спадзеў.

Нагадаем, што ў аўторак, 2 ліпеня, адбылося пасяджэнне рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча, на якім былі падведзены вынікі дзейнасці за час атрымання рэгістрацыі і было вырашана ў гэтым месяцы цалкам падрыхтаваць і падаць пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год па 4-х спецыяльнасцях. Акрамя іншага, сярод дакументаў і 18 вучэбна-метадычных комплексаў, падрыхтаваных нашымі выкладчыкамі.

Таксама кіраўніцтва Універсітэта імя Ніла Гілевіча ўдзячнае за фінансавую падтрымку. У першую чаргу, выказваем падзяку спн. Мотуз і спн. Мікульскай.

Калі маеце магчымасць падтрымаць універсітэт, то па гэтай спасылцы ёсць інструкцыя. Любыя пытанні задавайце праз пошту nhuniversitet@gmail.com.

Чытайце пра нас на сайце ўніверсітэта www.nhu.by і ў інстаграме www.instagram.com/nhu.by.

2019.07.19 0

Алена Анісім накіравала ўладам праект закона аб прыпыненні выканання смяротнай кары

Учора, 18 ліпеня, Старшыня ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў спн. Алена Анісім накіравала праект закона аб прыпыненні выканання смяротнай кары ў Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў (для іх заўваг і прапаноў, праект дасланы на дзвюх дзяржаўных мовах). 

Праект

ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары

Прыняты Палатай прадстаўнікоў
Ухвалены Саветам Рэспублікі

Артыкул 1. Прыпыніць дзеянне артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь да адмены смяротнай кары.

Артыкул 2. Асобы, у адносінах да якіх ёсць прысуд да смяротнай кары, які ўступіў у сілу, накіроўваюцца ў папраўчыя калоніі ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 65 і 70 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, для іх утрымання на ўмовах, прадугледжаных у адносінах да асобаў, якія адбываюць пажыццёвае зняволенне.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

2019.07.19 0

Экскурсія да 200-годдзя Станіслава Манюшкі і з нагоды 30-годдзя ТБМ ужо ў суботу! (абноўлена)

З нагоды 30-годдзя ТБМ і 200-годдзя кампазітара Станіслава Манюшкі запрашаем 20 ліпеня (субота) на экскурсію па мясцінах нашага вядомага суайчынніка. Экскурсавод: Аляксей Фралоў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, фагатыст, музыказнаўца і дырыжор.

Кошт: 45,00 рублёў. Кошт для дзяцей школьнага ўзросту:  40,00 рублёў.

У кошт уваходзіць: праезд на аўтобусе, экскурсійнае суправаджэнне па маршруце, абед, уваходныя квіткі і экскурсіі ў музеях.

Запіс і збор грошаў вядзецца да 15 ліпеня ці да поўнага запаўнення аўтобуса.

Кантактная асоба: старшыня Менскай арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч (тэл. +375 29 276 08 06).

2019.07.18 0

Валанцёрскі летнік "Лютэранская спадчына" (абноўлена)

Валанцёрскі некрапалістычны летнік адбудзецца з 27 ліпеня па 5 жніўня ў мястэчках Ізабеліна і Падароск (Ваўкавыскі раён, Гарадзенская вобласць).

Калі вы стаміліся ад гарадской мітусні і прагнеце пабываць у ціхім і прыгожым мястэчку, дакрануцца да спадчыны і паразважаць над вечным "быць або не быць", ды яшчэ і зрабіць карысную справу – запісвайцеся на гэты летнік. З 27 ліпеня па 5 жніўня 2019 г. “Студэнцкая Рада” запрашае на летнік, які адбудзецца ў цудоўных беларускіх мястэчках Ізабеліна і Падароск. Падчас летніка ўдзельнікі прывядуць у парадак старыя лютэранскія могілкі ХVIIІ ст., якія знаходзяцца ў Ізабеліне, навучацца расчытваць надпісы на камянях, рабіць іх інвентарызацыю, а таксама прасякнуцца вячэрняй культурнай праграмай і атмасферай мястэчкаў праз экскурсіі па Падароску і лекцыі ад запрошаных культурніцкіх дзеячоў і гісторыкаў.

Пражыванне ў аграсядзібе, якая знаходзіцца ў Падароску, і харчаванне, а таксама даезд да месца правядзення летніка забяспечваюцца арганізатарамі. На працягу ўсяго летніка плануецца некалькі арганізаваных даездаў. Увесь патрэбны рыштунак і матэрыялы для працы прадастаўляюцца арганізатарамі ўжо на месцы.

Каб стаць удзельнікам летніка, трэба проста запоўніць анкету па спасылцы https://bit.ly/30k2fli  (https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSfQr6rm0xKCdEHk3tYkrFUyZtODdCOJDZvK8eul-T2IbM_NQg/viewform). Пасля запаўнення заяўкі праз некаторы час удзельнікам будзе разаслана падрабязная праграма летніка і лагістычныя дэталі.

Па усіх дадатковых пытаннях тэлефануйце +37529 3829002 (Алесь) альбо пішыце на паштовую скрыню students.rada@gmail.com.

2019.07.17 0

На ulej.by збіраюць сродкі на беларускамоўныя відэа-інструкцыі для выхавацеляў садкоў

Праект "Вялікая місія выхавацеляў Беларусі" на ulej.by шукае сродкі для стварэння адукацыйных матэрыялаў новага фармата, каб бацькі маглі пашыраць беларускае навучанне ў сваіх садках, дасылаючы відэа-інструкцыі выхавацелям.

Сабраць плануецца 3350 рублёў, пакуль сабрана толькі 4% ад неабходнай сумы, а да канца збору сродкаў застаецца 9 дзён. Падтрымаць можна на сумы ад 1 да 1050 рублёў, прычым за розныя падзякі і падарункі: ад налепак, карцін, згадкі імя ў відэа да магчымасці ўдзелу ў здымках ці майстар-класа традыцыйных гульняў.

Для азнаямлення стваральнікі праекта прапануюць паглядзець дэма-версіі адукацыйных матэрыялаў у фармаце відэа-інструкцый: Гульня "Сонейка", Гульня "Шуляк", Гульня "Яваровы людзі".

Відэа-інструкцыямі змогуць карыстацца да 15 тысяч выхавацеляў і 380 тысяч дашкольнікаў.

Кантакты: Аляксандра Бойка-Падкапаева +375 44 775-82-17, +3752 29 711-30-74 (viber), Фэйсбук, Тэлеграм, garnylos@gmail.com

2019.07.16 0

"Хамф" па-беларуску: каб выкласці перакладзеныя мульцікі бясплатна, збіраюць грошы. На збор засталося 2 дні! (абноўлена)

Студыя Gavarun.by пачала перакладаць на беларускую мову брытанскі дзіцячы мультсерыял "Хамф". Пілотная серыя ўжо перакладзеная, але на цэлы праект на сайце Ulej.by трэба сабраць 5900 рублёў.

Студыя абяцае бясплатны легальны прагляд, тры новыя серыі штотыдзень, новы ўнікальны кантэнт, якасная шматгалоска ад Gavarun.by! Добры, яскравы і пазнавальны мультсерыял 3+! 48 серыяў агульнай працягласцю 336 хвілінаў у шматгалосным перакладзе хочуць выдаць для бясплатнага прагляду на Youtube, публікаваць па тры серыі штотыдзень. Усяго ў серыяле ў 2009–2010 гадах выйшлі два сезоны і 78 эпізодаў.

На збор застаецца ўсяго 2 дні. За сумы ад 14 рублёў абяцаюць падарыць значок ды іншыя сувеніры, пра астатнія ўзнагароды за большыя ахвяраванні глядзіце на старонцы праекта. 

2019.07.16 0