Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Куды звяртацца па дапамогу і як дапамагчы

У сувязі з тым, што адбываецца зараз у краіне, многія людзі выходзяць на мірныя дэманстрацыі і пакутуюць ад гвалтоўных дзеянняў збоку сілавых структур. Гэтыя людзі – сапраўдныя героі. Але не ўсе героі выходзяць на плошчы. Вялікая колькасць людзей, устаноў, арганізацый гатовыя аказваць любую дапамогу пацярпелым і іх семьям. Створаны фонд для збору сродкаў на аплату штрафаў, юрыдычных і медыцынскіх паслуг; створаны тэлеграм-каналы і чаты валанцёраў, што дапамагаюць з пошукам затрыманых, з дастаўкай іх дадому пасля таго, як іх выпусцілі (https://t.me/help_people_belarus  https://t.me/spiski_okrestina  https://t.me/jodinozaderjanie). Шмат якія спецыялісты прапануюць свае паслугі бясплатна. 

Шчыры дзякуй усім, хто не застаўся раўнадушным і прапануе свой час, свае рэсурсы і паслугі для нашых братоў і сясцёр, якія церпяць ад гвалту.

Але ў плыні бясконцых паведамленняў такія прапановы губляюцца, іх цяжка адшукаць. Каманда грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” пастаралася стварыць агульную базу канатктаў, па якіх можна атрымаць самую разнастайную дапамогу.

Гэты файл будзе папаўняцца і абнаўляцца па меры знаходжання новых прапаноў дапамогі

Як карыстацца базай:

1. Калі Вам штосьці патрэбна, глядзіце аркуш “дапамога” – тую сферу, што Вас цікавіць

2. Калі Вы самі жадаеце аказаць дапамогу, можна паглядзець аркуш “Ты можаш дапамагчы”. Калі Вы хочаце прапанаваць дакладныя паслугі для пацярпелых, пішыце што прапануеце, дзе, для каго, як з Вамі звязацца на скрыню stasyaky88@gmail.com альбо @Eva_Stasya; фэйсбук і мы ўнясем Вас і Вашу дапамогу ў базу.

3. Калі Вы знайшлі свой кантакт у аркушы “дапамога”, але ўмовы змяніліся (бо інфармацыя збіралася па розных чатах, суполках за розныя даты), таксама напішыце stasyaky88@gmail.com альбо @Eva_Stasya, каб мы выправілі і інфармацыя заставалася актуальнай.

Разам мы пераможам!

Крыніца budzma.by/

2020.08.19 0

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікае да пакаяння і прабачэння ў імя агульнанацыянальнага паяднання

У аўторак, 18 жніўня, ва ўспамін святой Алены, у касцёле святога Сымона і святой Алены Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы за Беларусь.

2020.08.18 0

Рада інтэлігенцыі – на баку народа

Уся сёлетняя кампанія па выбарах прэзідэнта, як і ў папярэднія гады, праходзіла пад знакам самапрызначэння аднаго кандыдата – Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які карыстаўся неабмежаваным манапольным доступам да ўсіх дзяржаўных СМІ дзеля ўласнага самапіяру. Некаторыя з прэтэндэнтаў, які пачалі набіраць найбольшую папулярнасць, былі арыштаваны. Усе астатнія кандыдатуры былі зарэгістраваны выключна для таго, каб забяспечыць яўку выбарнікаў і стварыць ілюзію палітычнай канкурэнцыі і дэмакратычнасці працэсу. Тым не менш народ скарыстаўся легальнай магчымасцю змены ўлады і зрабіў свой выбар. Падчас працэдуры датэрміновага і асноўнага галасавання адбыліся беспрэцэдэнтныя парушэнні з боку выбарчых камісій і ЦВК, што зафіксавана многімі назіральнікамі. Незалежных назіральнікаў не дапускалі да працэдуры падліку галасоў, ім адмаўляліся прад’яўляць выніковыя пратаколы. Журналістаў незалежных СМІ, якія вялі стрымы з выбарчых участкаў, затрымлівалі і вывозілі ў невядомым кірунку. Кандыдатка Святлана Ціханоўская, якая верагодна атрымала большасць галасоў, была вымушана з’ехаць з Беларусі. Такія факты ў сваёй сукупнасці дазваляюць прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Недавер да афіцыйных вынікаў галасавання выказалі шматтысячныя групы людзей у розных гарадах Беларусі, якія выйшлі на вуліцы з мэтай адстаяць сваё права на годнае жыццё.

Нелігітымная ўлада схавалася за спіною сілавых структур і перайшла да гвалту ў дачыненні да ўласнага народа. Сваімі дзеяннямі па фальсіфікацыі вынікаў галасавання і жорсткім разгоне мірных пратэстоўцаў улада цалкам страціла давер грамадзян. Яна не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права выступаць ад імя народу і прымаць любыя рашэнні на міжнародным узроўні.

Менавіта народ быў і застаецца адзіным паўнавартасным і паўнамоцным суб’ектам улады.Мы ганарымся тым, што беларускі народ сваімі штодзённымі пратэстнымі дзеяннямі нагадвае ўсяму свету, хто з’яўляецца сапраўдным гаспадаром у нашым беларускім доме.

Але такі стан не можа працягвацца надалей. Па ўзроўні жыцця мы даўно павінны былі стаць у адным шэрагу з заможнымі еўрапейскімі краінамі. Гэты шанс чарговы раз збіраюцца ў нас адабраць.

У цяперашняй сітуацыі процістаяння ўлады і народа мы бачым выйсце ў скліканні круглага стала, на які мы запрашаем прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі і ўладных структур. У выніку яго правядзення павінна быць выпрацавана прававая аснова выхаду з крызіснай сітуацыі і правядзення выбараў новай легітымнай улады.

Сакратарыят Рады беларускай інтэлігенцыі,

12 жніўня, Менск

2020.08.14 0

Выйшаў дваццаць другі нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень"

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Мілады Паўлавай, Вікторыі Смолкі, Кацярыны Массэ, Кацярыны Ваданосавай, Міколы Кандратава, Тамары Аўсяннікавай і Эдуарда Акуліна. Раздзел «Проза» складаюць апавяданні Уладзіміра Шыпілы, Сяргея Белаяра, Зміцера Дзядзенкі, Лявона Валасюка, Паўла Ляхновіча і Вінцэся Мудрова.     

Пытайце «Верасень» № 22 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com

2020.06.14 0

Гурт PyLai стаў пераможцам конкурсу “Заспявай-6”

На рашэнне журы песня гурта Рыгора Лайкова і Уладзя Пыльчанкі на верш Віктара Жыбуля “Мафія” прызнаная найлепшай у конкурсе, які ў шосты раз ладзілі фонд “Вяртанне” і партал TuzinFM. 

Cёлета ўзнагароджанне прайшло ў тэлеэфіры, у межах праграмы Belsat Music Live, а не на канцэрце фіналістаў. Пераможцы атрымалі галоўны прыз - 1500 беларускіх рублёў на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.


 

2020.05.06 0

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай

У кароткі спіс прэміі Наталлі Арсенневай ўвайшлі 3 кнігі:

Данута Бічэль-Загнетава “Гускі вяртаюцца”. Выдавецтва “ЮрСаПрынт”, Гродна.
Вольга Гапеева “Чорныя макі”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
Андрэй Хадановіч “Школа травы”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Цырымонія ўзнагароджання, на якой будзе названы пераможца прэміі, адбудзецца анлайн (дзень і час удакладняюцца). Пераможца прэміі атрымае грашовы прыз.

У журы прэміі Наталлі Арсенневай сёлета ўвайшлі: паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук, выкладчыца сусветнай літаратуры Вольга Гронская, паэт, літаратуразнаўца, архівіст, кандыдат філалагічных навук  Віктар Жыбуль,  літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца Анжэла Мельнікава, паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Лера Сом.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН-цэнтрГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

 

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае” і Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”.

2020.04.27 0

ТБМ выказвае падзяку медыцынскім супрацоўнікам!

Паважаныя супрацоўнікі медыцынскай сферы Беларусі!

Дарагія нашы ўрачы і медсёстры!

ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” выказвае шчырую падзяку за вашу штодзённую дзейнасць падчас пандэміі, аб’яўленай Сусветнай арганізацыяй здароўя ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса.

Мы ўдзячныя вам за тое, што вы, рызыкуючы сваім здароўем, штодня без мітусні і панікі робіце ўсё, што ў вашых сілах, каб абараніць наш народ ад страшнай хваробы. Вы праяўляеце лепшыя якасці, уласцівыя беларускай нацыі: адказнасць, прафесіяналізм, самаахвярнасць, спагадлівасць і дабрыню.

Дзякуй вам за вашу працу! Будзьце здаровымі!

Беражыце сябе!

Сакратарыят ТБМ

2020.04.03 2

Новая прадукцыя Белпошты

Нядаўна Белпошта выдала адметны канверт, прысвечаны культурнай сталіцы Беларусі ў 2020 годзе — Лідзе. На канверце: помнік Гедыміну, Лідскі замак, касцёл Узвышэння Святога Крыжа і царква ў гонар Усіх Святых. Канверт распрацаваны адразу з маркай, на якой выяўлены ўязны знак у Ліду. Вельмі раім набыць гэты канверт сабе ў калекцыю і для ліставання.

2020.03.16 0