Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выстава "Як намаляваць слова: сучасная беларуская дзіцячая кніга". Ворк-шоп "Робім старонку кніжкі"

2014.09.16 0

У памяшканні Мемарыяльнага музея-майстэрні З. І. Азгура (вул. З. Азгура, 8) 21 верасня 2014 г. а 14.00 адбудзецца ворк-шоп "Робім старонку кніжкі", прысвечаны дзіцячаму інтэрактыўнаму кніжнаму малюнку. Мерапрыемства пройдзе ў межах выставы ілюстрацый Марты Герашчанкі да кніг Вольгі Гапеевай "Сумны суп" і "Дзве авечкі" - “Як намаляваць слова: сучасная беларуская дзіцячая кніга".

Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура сумесна з Грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” запрашаюць на выставу ілюстрацый Марты Герашчанкі да кніг Вольгі Гапеевай “Сумны суп” і “Дзве авечкі”.

Кніга “Дзве авечкі” (выдавецтва “Логвінаў”, 2014) – гэта забаўныя гісторыі пра дзвюх авечак-сябровак і пра іх прыгоды.
Кніга “Сумны суп” (выдавецтва “Галіяфы”, 2014) – гэта гісторыі для дарослых дзяцей і маленькіх дарослых. Кніга “Сумны суп” выйшла з друку дзякуючы намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі "Будзьма беларусамі!" і з’яўляецца пераможцам літаратурнага конкурсу “Экслібрыс”, арганізаванага Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам.

Падчас правядзення выставы ў Мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура запланаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прамоцыю сучаснай культуры і літаратуры, у тым ліку:

- 17 верасня 2014 г., 18/30 – круглы стол “Несур’ёзная размова пра сур’ёзную літаратуру” з публічным абмеркаваннем і дыскусіяй на тэму сучаснай дзіцячай літаратуры з удзелам:
- паэткі, перакладчыцы, літаратаркі, даследчыцы, кандыдаткі філалагічных навук, аўтаркі кніг “Сумны суп” і “Дзве авечкі”
Вольгі Гапеевай;
- мастачкі, мультыплікатаркі, дызайнеркі, аўтаркі ілюстрацый да кніг Марты Герашчанкі;
- паэткі і пісьменніцы, даследчыцы дзіцячай літаратуры, кандыдаткі філалагічных навук Джэці (Вера Бурлак);
- мадэратар – культурны аналітык, даследчык, кандыдат філасофскіх навук Максім Жбанкоў.
- 17 верасня 2014 г., 19/15 – прэзентацыя пераможцы Пятага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! – дыплом за 3-е месца ў намінацыі “Інтэрактыўная рэклама” за буктрэлер да кнігі “Сумны суп” (аўтаркі – Вольга Гапеева і Марта Герашчанка);
- 17 верасня 2014 г., 19/30 – урачысты вернісаж з удзелам музыкаў Улада Бубена і музычнага праекта AORTHA.
- 20 і 21 верасня 2014 г., 14/00 – ворк-шопы, прысвечаныя дзіцячаму інтэрактыўнаму кніжнаму малюнку.

Выстава прадоўжыцца па 18 кастрычніка 2014 г.

Кантакты:

Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура

вул. З.Азгура, 8, г. Мінск

тэл.: +375–17–3800632

www.azgur.by/

Паводле прэс-рэліза

 


← вярнуцца ў навіны