Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

З чаго пачынаецца мова?

2014.06.23 0

З чаго пачынаецца мова?

Цікавы выпадак, але для адказу на гэта пытанне я магу  назваць нават канкрэтную дату – 2-га кастрычніка 2005-га года.  Менавіта тады на Кангрэсе дэмакратычных сілаў будучы рэдактар “Новагу часу” Аляксей

Кароль прапанаваў зрабіць цыкл нарысаў  для рубрыкі “найноўшая гісторыя ў асобах”. Пазней яна стане кнігай з адпаведнай назвай, аднак у той час  крыху разгубіўся, бо ведаў, што газета выходзіць на беларускай мове.

Як былы вайсковец, чый “адрес не дом и не улица”, а цэлы Савецкі Саюз, да гэтага я пісаў амаль заўсёды на “великом и могучем”, таму прапанова  стаць аўтарам цалкам беларускамоўнай газеты крыху “напружвала”.

Безумоўна, рабіць падобныя тэксты  даводзілася і раней, бо, напрыклад, уявіць (у беларускай прэсе) інтэрв’ю з Васілём Быкавым на рускай мове вельмі-вельмі цяжка.

Але раней  існавала “падстрахоўка” у выглядзе цудоўна ведаючага беларускую мову Аляксандра Уліцёнка, які быў маім  настаўнікам у журналістыцы. Тут жа ніякай “падстрахоўкі” не было.

 Свае сумневы я  і агучыў рэдактару “Новага часу”. Аляксей Сцяпанавіч адказаў, што не бачыць ніякіх праблем. Маўляў, “пішы на рускай. Будзем перакладаць”. І тут мне стала сорамна, бо перакладаць на беларускую мову этнічнага беларуса, які нарадзіўся  і вырас ў Беларусі, мякка кажучы, няправільна.

З дапамогай слоўнікаў і камп’ютарнай праграмы, што чырвоным колерам падкрэслівае памылкі і “русізмы”,   я пачаў пісаць па-беларуску. Шчыра спачуваю тым, хто тады гэта чытаў і вельмі  ўдзячны за тое, што яны мужна вытрымалі такую  колькасць «недарэчнасцей»…

Але..

 Літаральна ўжо праз некалькі тыдняў заўважыў, што колькасць чырвонага колеру ў тэкстах стала значна меншай, а неабходнасць карыстання слоўнікамі амаль знікла.

Гэта я да таго, што пераход на беларускую мову даволі просты нават для тых, хто вучыўся за межамі краіны. Як кажуць, было б жаданне.

На жаль, апошняга большасці з нас якраз і не хапае. Дакладней, жыццёвыя ўмовы складаюцца так, што ў ім няма ніякай патрэбы.

Элементарны прыклад – працаўладкаванне.

Напэўна, кожны  не раз бачыў аб’явы са словамі, пра тое, што неабходнасць валодання англійскай мовай з’яўляецца абавязковай умовай. Адкажыце, калі ласка, хто-небудзь хоць адзін раз бачыў нешта падобнае наконт мовы беларускай? Я –  не.

 Магчыма, некаторыя пракаментуюць  пытанне адсутнасцю неабходнай патрэбы. Маўляў, гэта павінна быць “само сабой”. Згодны – павінна, але рэчаіснасць  ужо шмат разоў пацвярджае адваротнае.

Мне, напрыклад, неяк няёмка бачыць надпіс “Остраў” замест  “Востраў” і “Акцябр” замест “Кастрычнік”. А назву праслаўленай Уладзімірам Караткевічам вёскі “Азярышща” чытаць з літарай, якая  адсутнічае ў беларускай алфавіце.

Больш за тое, я упэўнены, што сучасныя чыноўнікі ў большасці пройдуць самы просты тэст па беларускай мове з адзнакамі, якія непрыстойна нават агучваць. І не здзіўлюся загаду “усё засакрэціць”…

Таму, калі нехта з іх  смяецца з Віктара Януковіча, які пісаў “факантная” пасада, а слова “прафесар” з двумя  “ф”, мне заўсёды хочацца спытаць: “А самі?”

Дарэчы,  шмат пытанняў і да агучанай “інфы”  пра тое, што зафіксавана аж 964 адмовы ад удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове.

Па-першае, чаму гэта лічба “мусіруецца” менавіта зараз, калі стала відавочным, што толькі сваё, беларускае, нацыянальнае можа стрымаць іншамоўную экспансію, якую чамусьці  называюць “славянскім братэрствам”?

Па розных прычынах (напрыклад, хвароба) падобныя дадзеныя былі і раней, але ў фокусе грамадскай увагі аказаліся толькі ў гэтым годзе… Чаму?..

Другое. Чаму не стала такой жа моцнай “інфармацыйнай нагодай” і першае падсумаванне вынікаў ЦТ па рускай мове? Там адмовілася прымаць удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні  яшчэ большая колькасць юнакоў?

Не схільны бачыць усюды нейкія  “тэорыі змовы”, але ў тым, што Віні-Пух у дадзеным выпадку сказаў бы сваё легендарнае “Это ж-ж-ж неспроста” упэўнены.

 Калі ў пачатку бягучага года Канстытуцыйны суд Беларусі ў адказе праваабаронцу Валянціну Стэфановічу напісаў, што не бачыць дыскрымінацыі беларускай мовы, нягледзячы на відавочную спрэчнасць гэтай тэзы, я крыху ўзрадаваўся, бо вышэйшая судовая інстанцыя краіны дакладна (як ніхто іншы ) ведае, як мае  быць па закону.

З аднаго боку, можна ўбачыць у гэтым адказе звычайную адпіску, з другога – пацверджанне таго, што многіх сучасных чыноўнікаў па вялікаму рахунку можна лічыць злачынцамі. Іншымі словамі, калі нехта з іх “не разумее” беларускую мову, яго адразу можна пасылаць у вядомы прыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна.  І спаслацца пра гэтым на ліст галоўнага суда Беларусі.

 Жарт, канешне, але нездарма кажуць, што “в каждой шутке есть доля щутки”. Смешна будзе толькі тады,  калі  падобных зваротаў будуць  адзінкі. Калі ж іх напішуць тысячы, любая ўлада адразу ўспомніць класічнае “Хто смяецца апошнім”.

І сапраўды.  Раз “наверсе” “не бачаць праблем” з беларускай мовай , то чаму “на нізе” гэтыя самыя праблемы пастаянна ўзнікаюць і  законы перакручваюцца  так, як  гэта для сябе нехта лічыць карысным?

Не трэба быць прафесійным юрыстам, каб зразумець – сутнасць любога двухмоўя  палягае не ў патрабаванні “говорить нормально”, а ў магчымасці кожнага чалавека пачуць адказ на той мове, на якой ён звяртаецца. Асабліва, калі яна дзяржаўная.

У Бельгіі так і ёсць, таму, калі яе прыводзяць у якасці прыкладу, кожны раз цяжка пазбавіцца ад адчування нейкага “лагічнага” падману. У нас “правапрымяненне” не такое, як там.  На жаль…

Шкада таксама, што чыста культурніцкаму пытанню ў Беларусі  ужо амаль стагоддзе імкнуцца “навязаць” і нейкі палітычны кантэкст. Маўляў, добрае валоданне беларускай мовай – абавязковая прыкмета агрэсіўнага нацыяналізму.

Наконт “агрэсіўнасці”  і разважаць не хачу, бо гэта такі барадаты “фейк”, што яго перасталі сур’ёзна ўспрымаць нават тыя, хто ўсё прыдумаў.  А што датычыцца “нацыяналізму”, то тут, на мой погляд, няма нічога экстраардынарнага, а негатыўныя эпітэты прыдумалі тыя, хто ў адносінах да сябе нацыяналізм лічыць  патрыятызмам. Нешта падобнае адбываецца і тады, калі сваіх называюць разведчыкамі, а чужых – шпіёнамі.

 Менавіта, падзел на “сваіх” і “чужых” па майму прынцыповаму перакананню  ў моўных пытаннях і вядзе да ўсялякіх манаполій.  Як з аднаго боку, так і з другога – абодва імкнуцца дзейнічаюць па  адным прынцыпе “хто не з намі, той супраць нас”.

І, калі з уладай усё больш-менш зразумела, бо гэтыя мімікруюць у залежнасці ад настрояў свайго гаспадара  (цалкам згодны з тымі, хто гаворыць пра хуткі пераход наменклатуры на беларускую мову пры наяўнасці такой каманды), то дзейнасць іх візаві час ад часу выклікае шмат пытанняў. Перш за ўсё маральнага плана.

Адзін знаёмы журналіст нядаўна ўспамінаў выпадак, як ён у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя  з адным вядомым спеваком у гадзіну ночы трапіў  у першы мінскі “начнік”. І выпадкова сустрэў там аднаго з самых гаварлівых змагароў за беларускую мову, у вазку якога было тавару на  дзесятак тагачасных “зарплат” суайчыннікаў. Няма сумневаў,  падобнае бачылі і іншыя. І рабілі адпаведныя высновы.

Не скажу, быццам бы так рабілі многія. Хутчэй наадварот. Крыўдна толькі тое, што гэта і было той самай “лыжкай дзёгцю”, якая, як вядома, можа сапсаваць “бочку мёду”.

 Інакш патлумачыць, чаму ўплыў адной з самых моцных тады апазіцыйных структур на беларускае грамадства так лёгка быў прыбліжаны да нуля адным дакументальным фільмам.

Безумоўна, спецслужбы папрацавалі даволі актыўна, але патрэбны ім эфект быў дасягнуты тым, што дзяржаўная хлусня трапіла на падрыхтаваную эксцэсамі накшталт “начнікоў” глебу.

 А самае агіднае ў тым, што сёння  той самы “змагар”, нагадваючы  часы станаўлення дзяржаўнай незалежнасці, успамінае толькі пра тое, які ён  быў “белы і пухлявы”…

Калі паслухаць альбо пачытаць падобныя “мемуары”, то складаецца ўражанне, быццам бы ўсе тады былі альбо партнаменклатурай, альбо дысідэнтамі.

Як сказаў бы Станіслаўскі – не веру…

Мой яшчэ школьны знаёмы ў сяброўскіх кампаніях даволі часта ўслых чытае вельмі прыгожы, узнёслы, пафасны  верш пра Леніна і прапануе ўгадаць аўтара. Амаль ніколі сапраўднае прозвішча не называюць, бо ўсе вакол ведаюць, што менавіта гэты чалавек зрабіў для беларушчыны, не менш за некаторых палітычных пікетаў і мітынгаў.

Так што галоўнае не толькі ў  зробленым раней, а і  ў тым, што чалавек думае зараз…

 Я далёкі ад нейкага “палявання на вядзьмарак”, але тое, што  зноў у фаворы тыя, хто тады ўсё “прафукаў”, вельмі насцярожвае.  Як бы яшчэ раз не наступіць на  знаёмыя граблі.

Крыўдна  назіраць і яшчэ адно -- жаданне “прывацізіраваць”  цікаўнасць  да беларускай мовы і памяць пра яе лепшых носьбітаў.  Можа ў нечым  памыляюся, але, на мой погляд, чым больш будзе бясплатных курсаў па вывучэнні беларускай мовы, тым лепш, і ніякай нядобрасумленнай канкурэнцыі тут не павінна быць па вызначэнні. Тым больш “пажаданняў” з аднымі сябраваць, а з другімі – не.

 Галоўнае, не хто будзе “руліць”, а каб “руліць” было кім…

Аднак, як кажуць, “не будзем пра сумнае”. Значна больш важна тое, што  тэндэнцыя павелічэння ў грамадстве ўсяго беларускага   ёсць. І гэта –факт.

Яшчэ год назад у мяне ўзнікалі сур’ёзныя праблемы з набыццём у дзяржаўным гандлі сувеніраў з беларускімі надпісамі (зубры і саламяныя вырабы – трывіяльна). Выбар быў такім абмежаваным, што здавалася быццам бы іх робяць толькі для пацверджання лозунга “Купляй беларускае”.

Сёлета сітуацыя кардынальна супрацьлеглая. Многія (не без падстаў) звязваюць гэта з чэмпіянатам свету па хакеі. Маўляў, хутка ўсе  вернецца, і знайсці нармальны беларускамоўны “магніцік”  для лядоўні будзе не прасцей, чым купіць саму лядоўню. Магчыма, так яно і будзе, але, на мой погляд, самы вядомы эканамічны прынцып “попыт нараджае прапановы” усё ж пераможа.

Да і ўвогуле. Было бы цалкам нелагічным, калі б мы з-за мяжы прывозілі на памяць сувеніры не з той краіны, у якой пабывалі. "Рускую водку" з Германіі, напрыклад.

Так што мода на нацыянальнае – абсалютна абгрунтаваная рэч

Як і мода на беларускамоўныя віншаванні. Не так даўно мне пашанцавала быць на салідным юбілеі. Уразіў не толькі зварот да імянінніка на   добрай беларускай мове, але і тое, што адбывалася гэта ў далёкім ад Мінску раёне.

Маладыя сказалі б так – КРУТА!!!

 І такі выпадак, на шчасце, не адзіны.

Хочацца верыць у  тое, што распаўсюджанае валоданне матчынай мовай паступова  вернецца туды адкуль і прыйшло – у правінцыю.

Знаёмы дызайнер не так даўно расказаў, што ў першыню за пяць год існавання фестывалю беларускамоўнай рэкламы “АD.NAK!”, мінскія улады  дазволілі з гэтай нагоды зрабіць бігборды.

 Пагадзіцеся, прыемная навіна, але яе тут жа (каб ніхто не расслабляўся) “кампенсавалі “ буйным штрафам за графіці партрэта Васіля Быкава. Нічога больш бязглуздага  і прыдумаць немагчыма.

Канешне, трансфарматарная будка не лепшае месца для выявы знакамітага пісьменніка, але навошта было рабіць з гэтага такі гучны негатыў. У той жа Варшаве, напрыклад, афіцыйна правялі цэлыя спаборніцтвы школьных графіці-каманд і ніхто з улады  не спужаўся.

Да таго ж я бы не здзівіўся, калі б рэакцыя была менш жорсткай намалюй стріт-арт-мастакі каго-небудзь з “правільнага” пісьменніцкага саюза…

  Словам, дарога, якую большасць з нас абрала, не будзе простай, а гэтыя нататкі аўтар просіць не разглядаць, як нешта далёкае ад дыскусій.  Дыскусіі (як і канкрэтныя дзеянні)  вельмі патрэбныя.  Толькі не па прынцыпу “сам дурань”,  а сапраўдныя, цікавыя, выніковыя.

А то асабіста мяне надзвычай крыўдзіць, калі ў гарадах, дзе жывуць сотні тысяч, не могуць знайсці дзяцей для беларускамоўных класаў. Пры жаданні іх можна было б ўкамплектаваць аднымі нашчадкамі апазіцыйных актывістаў… 

Аляксандр Тамковіч

спецыяльна для

Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны


← вярнуцца ў навіны