Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Справаздача Старшыні ТБМ Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2013 год

2014.02.08 0

Мінулы год прайшоў для сяброў ТБМ у цяжкай, штодзённай, але плённай працы на карысць Беларушчыны.

У сваім дакладзе я спынюся на асобных фактах нашай дзейнасці ў 2013 г., бо ў асноўным уся наша дзейнасць асвятлялася на старонках газеты "Наша слова", а таксама на нашым партале.

Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Мінску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гродна, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Мінска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Мінску. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі “Наша слова”, “Новы час”, "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Камсамольскай праўда ў Беларусі", "Краязнаўчая газета"  і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё “Свабода”, радыё “Рацыя”, партал tut.by і іншыя.

Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, працягвае выходзіць у эфір рэгулярная перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў (выходзіць штосераду і пятніцу на АНТ). Беларуская мова паступова  вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ. Быў створаны новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае. 17 лістапада на незалежным тэлеканале "Белсат" прайшоў 100-ты выпуск лінгвістычнай праграмы "Моўнік", заснаваны з ініцыятывы ТБМ.

Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прынялі актыўны ўдзел у 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілеям Кірылы Тураўскага, паўстання Каліноўскага, Максіма Гарэцкага. У акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. Зараз мы актыўна рыхтуемся да 7-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У гэтым годзе мы прапануем падчас дыктоўкі выкарыстаць тэксты з твораў Васіля Быкава, 90 -гадовы юбілей якога будзе адзначацца  ў 2014 годзе.

У мінулым годзе выйшлі 8 і 9 нумары часопіса “Верасень” (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за межамі нашай краіны.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 – 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Была арганізавана асобная група для навучання беларускай мове для дарослых, якую ўзначаліла Юля Бажок. Заняткі адбываліся два разы на месяц. З восені 2013 г. пачалі працаваць беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам спадарыні Л.Бурлевіч.

У мінулым годзе актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства “Прамова”, кіраўнік – Аляксандр Давідовіч.

Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ бярэ чынны ўдзел у праекце “Будзьма беларусамі”. У Мінску і ў іншых гарадах адбылося шмат розных мерапрыемстваў: прэзентацыі беларускіх кніг, сустрэчы з цікавымі асобамі. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім і Эдуарда Акуліна. Летам 2013 г., нягледзячы на вакацыі, штотыднёва праходзілі ў межах кампаніі "Будзьма!" заняткі летняй гістарычнай школы "Гісторыя на вакацыях". Паколькі гэтыя заняткі выклікалі вялікую цікаўнасць, вырашылі прадоўжыць надалей пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках (каардынатар Алена Анісім). З ініцыятывы Ірыны Краўчук і ўдзеле Алены Анісім з'явілася "Вяселле па-беларуску", калі маладыя могуць замовіць цалкам беларускамоўнае вяселле.  

Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з’яўляюцца ЗБС “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай культуры Літвы, Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

У мінулым годзе мы працягвалі выпускаць “Наша слова” у фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865, кошт падпіскі на месяц - 5600 руб). Нягледзячы на тое, што з’яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў, на жаль, не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Тым не менш, хачу адзначыць актыўную працу па падпісцы на "Наша слова" кіраўнікоў Салігорскай і Слуцкай гарадскіх арганізацый ТБМ спадароў М. Шаравара і М. Курыльчыка. Салігорск падпісаў 71 асобнік (2-е месца па краіне пасля Мінска), Слуцк - 23 асобнікі, даўней было 7.  Але я вымушаны зноў звярнуцца да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая на працягу мінулага года выдзеліла каля 4 мільёнаў рублёў на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.

У нас усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Украіны, Славакіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Германіі, а таксама АБСЕ.

Цяжкая сітуацыя па-ранейшаму ў беларускамоўнай адукацыі. Тым не менш, у Менску адрадзіў сваю дзейнасць Беларускі  бацькоўскі камітэт і колькасць навучэнцаў у гімназіях, школах, асобных класаў і ў садках засталася стабільнай.

Найлепш працуюць у гэтым накірунку сябры ТБМ з Гарадзеншчыны, дзе ў 2011 годзе з'явілася 20 новых беларускамоўных класаў у рускамоўных школах. Тут варта адзначыць дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ (кіраўнік Станіслаў Суднік). Вельмі станоўчым прыкладам з'яўляецца газета "Нашай Ніва", якая рэгулярна друкуе інфармацыю пра беларускамоўныя садкі, класы, школы і гімназіі. Мы заклікаем журналістаў салідарызавацца з бацькамі і дзецьмі, якія хочуць атрымаць беларускамоўную адукацыю, і дапамагчы ім у гэтым. Напярэдадні новага навучальнага года падаваць інфармацыю непасрэдна ад устаноў Міністэрства адукацыі, якія садкі і школы праводзяць набор у беларускамоўныя групы і класы.

Як вядома, з 1 красавіка 2013 года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся амаль у два разы і дасягнуў 9 млн. 801 тыс. 600 руб. у месяц. Акрамя таго, мы мусім аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі, што складае, асабліва зімой, дадаткова некалькі мільёнаў рублёў. Пасля нашага звароту да грамадскасці адгукнуліся многія людзі як з Беларусі, так і з іншых краін. Дзякуючы іх дапамозе, на нашым рахунку па стане на 8 студзеня 2014 г. знаходзіцца 40 мільёнаў 91 тысяча 703 рублі. За мінулы год на рахунак ТБМ паступіла 171.082.854 рублі. З іх складак - 20.043.290 рублі, а ахвяраванняў - 151.039.564 рублі.

Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх – Андрэй Міцкевіч, Павел Бераговіч з Таліна, сям’я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Алег Лягушаў са станцыі Ясень Асіповіцкага раёна, Юлія Пухоўская, Павел Чайкоўскі, Ірына Прылішч, Тамара Лазарук, Анатоль Чачотка, Іван Кукавенка, Мікола Бамбіза, Валянціна Вяргей, Таццяна Навасельцава з Мінску, Аляксандра Восіпава з Гомеля, Людвіка Таўгень з Валожына, Роза Рымар, Лілія Некраш, Зміцер Мартынчык з Гродна, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб “Спадчына” з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба “Прамова” з Мінску,  Мар’ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, сябры ТБМ з Наваполацка, Надзея Барт-Юрэвіч з Германіі і многія іншыя.

Улічваючы сённяшнюю інфляцыю, Рада ТБМ прыняла рашэнне з 1 студзеня 2014 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што ў 2013 годзе большасць суполак ТБМ своечасова здалі складкі, а таксама сабралі немалыя ахвяраванні.

У мінулым годзе мы распачалі праект па распрацоўцы Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы на падставе рэкамендацый еўрапейскіх грамадскіх структур. Зроблена многае. Падрыхтаваны тэставыя заданні, апісаны патрабаванні да пацвярджэння кожнага ўзроўню валодання мовай. Работа будзе працягвацца і ў гэтым годзе. Дзякуючы папярэднім праектам і актыўнай дзейнасці моладзі ТБМ у папярэднія гады, напрыканцы 2013 г. выйшаў з друку "Беларуска-шведскі і шведска-беларускі размоўнік". Гэта сталася магчымым найперш праз наша ўзаемадзеянне з амбасадай Швецыі і Шведскім Інстытутам.

Сябры ТБМ годна адзначылі 150-я ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага. Толькі на старонках "Нашага слова" прайшла 91 публікацыя на гэту тэму. Сакратарыят ТБМ з дапамогай Ігара Марачкіна выдаў разнастайныя календары з партрэтам лідара паўстання. Актыўна працавалі ў гэтым накірунку Лідская, Магілёўская, Баранавіцкая, Гродзенская, Мінская гарадскія арганізацыі, а таксама актывісты і сябры ТБМ з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа.

Вось ужо пяты год кіраўнік Гродзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гродзеншчыны.

У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Дзякуючы яму, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За перыяд існавання партала на яго старонках пабывала звыш 25 тысяч чалавек з розных краін свету. Хачу выказаць асаблівую падзяку за працу партала наступным сябрам ТБМ: аўтару ідэі гэтага праекта, перакладчыку тэкстаў на англійскую мову намесніку старшыні Дзянісу Тушынскаму, адміністратарам партала Жэні Парашчанка і Юлі Бажок, рэдактару, першаму намесніку старшыні Алене Анісім. У мінулым годзе было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашым парталам і Дзяржаўнай бібліятэкай Баварыі.

На нашым партале прадугледжаны старонкі для найбольш актыўных рэгіянальных структур ТБМ. Многія рэгіянальныя арганізацыі ўжо скарысталіся гэтай магчымасцю. Мы запрашаем усіх астатніх далучацца да гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.

Шаноўныя сябры! У мінулым годзе нам шмат што ўдалося зрабіць, дзякуючы нястомнай працы нашых актыўных сяброў. Мы ўмацавалі свой аўтарытэт у грамадстве як найбуйнейшай грамадскай арганізацыі. Пра гэта сведчаць падзеі 2013 года, калі мы разам з грамадзянамі адстаялі ў чарговы раз беларускую лацінку ў метро, беларускамоўнае афармленне Брэсцкага чыгуначнага вакзала і інш. праявы прысутнасці беларускай мовы ў візульнай прасторы нашай краіны. Мінулы год засведчыў, што цікавасць да роднай мовы і культуры ў нашым грамадстве ўзрастае. Дастаткова прыгадаць грамадскі праект "Мова ці кава?", які прыцягнуў сотні жыхароў Мінска і іншых гарадоў.  Хочацца выказаць вялікую падзяку вядоўцам, актывістам ТБМ Алесі Літвіноўскай і Глебу Лабадзенку.

 У мінулым годзе мы пачалі перарэгістрацыю  наяўных сяброў ТБМ. На сённяшні дзень анкеты запоўнілі каля тысячы чалавек. Гэту справу асабліва ў рэгіянальных структурах нам неабходна працягваць і надалей.

У 2014 годзе ТБМ адзначае свой 25-гадовы юбілей. У сувязі з гэтым мы з вамі можам выдаць летапіс арганізацыі за апошнія 5 гадоў. Рэдактар выдання ўжо прызначаны. Таму просім кіраўнікоў рэгіянальных структур падаць інфармацыю ў сакратарыят ТБМ да 1 сакавіка гэтага года  пра дзейнасць сваіх арганізацый з верасня 2009 г. па студзень 2014 г.

Старшыня ТБМ                                                                                                                                                   А. Трусаў


← вярнуцца ў навіны