Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Звароты і заявы ТБМ, прынятыя на Радзе 2014 года

2014.02.08 0

На Радзе ТБМ, якая адбылася 26 студзеня 2014 года, былі разгледжаныя і ўхваленыя некаторыя звароты і заявы:

 

Зварот да выбаршчыкаў

Сёлета ў нашай краіне адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Падчас агітацыйнай кампаніі, акрамя іншага, варта звяртаць увагу і на тое, наколькі кандыдат у дэпутаты адстойвае нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны, як ставіцца да роднай культуры і мовы – асноўных чыннікаў нацыі і незалежнай дзяржавы.

Таварыства беларускай мовы заклікае падтрымаць тых кандыдатаў, якія ведаюць і шануюць беларускую мову, карыстаюцца ёю і спрыяюць яе пашырэнню. Менавіта ад гэтага залежыць, наколькі ён будзе бараніць інтарэсы народа – носьбіта духоўнага скарбу, інтарэсы незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

Рада ТБМ

26 студзеня 2014 г.

Зварот Рады ТБМ да кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў на выбарах 2014 г.

Паважаныя сябры!

Наперадзе ў нас нялёгкая перадвыбарчая кампанія. Нашы людзі зняверыліся ў сваіх лепшых надзеях, шмат хто наогул не збіраецца ісці на выбары і спадзяецца толькі на самога сябе. Тым не меней, пад ляжачы камень вада не цячэ, і таму мы звяртаемся да Вас з прапановай браць удзел у выбарчай кампаніі па-беларуску, з пачуццём нацыянальнай годнасці.

Звяртайцеся да выбаршчыкаў на роднай беларускай мове, уключайце ў свае прадвыбарчыя платформы пункты аб адкрыцці ў Вашай мясцовасці беларускамоўных класаў, школ, гімназій, студэнцкіх групаў і плыняў, аформіце па-беларуску свае ўлёткі, лозунгі і плакаты – і Вы адразу адчуеце падтрымку тых, каму баліць душа за стан нашай мовы і культуры, хто  хоча жыць у заможнай еўрапейскай дэмакратычнай краіне.

Поспеху Вам і перамогі!

Рада ТБМ

26 студзеня 2014 г.

Заява Рады ТБМ аб захаванні Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Міністэрства культуры Беларусі прыняло загад № 3 ад 4 студзеня 2014 года аб ліквідацыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча як самастойнай юрыдычнай адзінкі і ператварэнні яго ў малазначны філіял, ствараючы гэтым небяспечны прэцэдэнт у айчыннай музейнай справе.

Кожны адукаваны грамадзянін Беларусі добра разумее, што Максім Багдановіч разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам – гэта тры зоркі беларускай паэзіі, тры асобы, якія аказалі вялікі ўплыў на станаўленне беларускай нацыі і нашай дзяржаўнасці, вызначылі галоўныя напрамкі развіцця нашай літаратуры.

Мы выказваем вялікую ўдзячнасць усім грамадзянам нашай краіны, якія напрыканцы 2013 г. сваімі лістамі ў Міністэрства культуры і іншымі дзеяннямі спынілі гвалтоўную ліквідацыю добра вядомага ў свеце музея.  Лісты даюць плён. Таму мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі і суайчыннікаў за мяжой звяртацца непасрэдна да Прэм'ер-міністра нашай краіны М.У. Мясніковіча з настойлівай просьбай захаваць Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча ў якасці самастойнай юрыдычнай асобы.

Рада ТБМ

26 студзеня 2014 г.


← вярнуцца ў навіны