Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Каралішчавічы. Сустрэча праз гады...

2014.01.29 0

 Выява ўзятая адсюль.

У Бібліятэцы №1 імя Л.Талстога 31 студзеня 2014 года а 16-й гадзіне адбудзецца імпрэза “Каралішчавічы. Сустрэча праз гады...”. Арганізатарамі мерапрыемства сталі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і паэтка Галіна Каржанеўская, якія напярэдадні традыцыйнага вечара сустрэчы выпускнікоў вырашылі наладзіць сустрэчу выпуснікоў аднаго з Рэспубліканскіх семінараў пісьменнікаў, што праводзіўся ў Доме творчасці “Каралішчавічы”. У гэты раз ва ўтульнай зале бібліятэкі збяруцца “выпускнікі” семінара 1967 года.

Кожны з пісьменнікаў рана ці позна азіраецца на пачатак свайго творчага шляху. Першыя няўмелыя спробы пяра... Першая публікацыя... Першыя настаўнікі-дарадчыкі – праваднікі ў свет прыгожага пісьменства... Многія з сяброў Саюза пісьменнікаў БССР (так як ён тады называўся) прайшлі праз рэспубліканскія семінары маладых і добра памятаюць Дом творчасці “Каралішчавічы”, куды яны з’язджаліся з розных куткоў Беларусі са сваімі творчымі напрацоўкамі.

Зімой 1967 года адбылася чарговая вучоба маладых паэтаў: чытанне і калектыўны разбор вершаў, знаёмства ўдзельнікаў, спрэчкі і абмен думкамі, прагулкі па зімовым лесе... Безумоўна, без гэтага семінара не ўсе з іх сталі б прафесійнымі літаратарамі, майстрамі слова.

Колішнія “выпускнікі” даўно ўжо сталыя людзі. У іх шмат выдадзеных кніжак, грамадскае прызнанне, літаратурны вопыт. Яны самі ўжо вучаць маладых, дапамагаюць ім стаць на крыло. І вось, больш чым праз сорак гадоў, яны збіраюцца на сустрэчу. Не ўсе. На жаль, не ўсе, бо многіх ужо няма сярод нас. Сустрэнуцца вядомыя паэты – вучні і настаўнікі, каб успомніць часы маладосці і хаця б у думках зноў прайсціся сцежкамі былога Дома творчасці “Каралішчавічы”...

У праграме мерапрыемства – выступленні паэтаў Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, Васіля Жуковіча, Галіны Каржанеўскай, Ніны Шкляравай, Фелікса Баторына, Марыі Шаўчонак, літаратуразнаўцы Людмілы Карпавай, навуковых супрацоўнікаў Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, маладых беларускіх бардаў.

Уваход вольны. 

Месца правядзення: Цэнтральная гарадская бібліятэка №1 імя Л.М.Талстога (станцыя метро “Інстытут культуры”, вул. Маскоўская, 18).

Кантактны тэлефон: (017) 222-82-58.

 


← вярнуцца ў навіны