Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выкарыстанне беларускай мовы ў сферы гандлю і паслуг

2013.01.12 0

3 студзеня 2013 г. Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны быў атрыманы адказ на зварот ад 12 снежня 2012 г., накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які тычыўся абавязковага выкарыстання англійскай мовы аб’ектамі прыдарожнага сэрвісу, з Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь (далей – Мінгандлю).

 
У сваім адказе Мінгандлю абгрунтавала неабходнасць наяўнасці ў аб’ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове правядзеннем у 2014 годзе Чэмпіянату свету па хакеі ў г. Мінску і паведаміла фактычна наступнае: устанавіць абавязковае для выканання суб’ектамі гаспадарання патрабаванне да наяўнасці ў аб’ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове можна, і для гэтага дастаткова нават нарматыўнага акта Мінгандлю, у той час як такое ж патрабаванне ў адносінах да беларускай мовы нібыта пацягне парушэнне канстытуцыйнай нормы аб яе дзяржаўнасці.
Зробленая Мінгандлю выснова, на наш погляд, пазбаўлена логікі. Але спачатку звернемся да аналізу існага моўнага заканадаўства ў азначанай сферы:
 
Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы (арт. 17, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь).
 
Рэспублiка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця (арт. 2, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”).
 
На транспарце, у гандлi, у сферы медыцынскага i бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасцi - iншыя мовы (арт. 13, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”).
 
Информация, предусмотренная пунктами 1 - 8 настоящей статьи(інфармацыя пра тавары (працы, паслугі) – заўвага аўт.), на белорусском или русском языке четким и разборчивым шрифтом доводится до сведения потребителя в документации, прилагаемой к товарам (работам, услугам), на потребительской таре (упаковке), этикетках или иным способом, принятым для отдельных видов товаров (работ, услуг). Информация, сообщенная или переданная на иностранном языке, считается непредоставленной, за исключением случаев, когда она была сообщена или передана на иностранном языке по желанию потребителя (арт. 7, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”).
 
У адпаведнасці з Дадаткамі 7 і 8 да Інструкцыі па класіфікацыі гандлёвых аб’ектаў грамадскага харчавання, зацверджанай пастановай Мінгандлю ад 4 кастрычніка 2010 г. № 26, ва ўсіх рэстаранах, кафэ і барах катэгорый люкс і вышэйшай, а таксама рэстаранах хуткага абслугоўвання і ва ўсіх аб’ектах грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу незалежна ад катэгорыі меню павінна быць надрукавана “на беларускай (рускай) мове і не менш як на 1 замежнай мове”.
 
Цікава таксама, што на сённяшні дзень не адменены сумесны загад Мінгандлю з Беларускім рэспубліканскім саюзам спажывецкіх таварыстваў ад 1 кастрычніка 1997 г. № 128/117 “Аб увядзенні характарыстыкі рэстаранаў хуткага абслугоўвання замежнага прадпрыемства “Рэстараны “Макдональдс”, у якой ёсць норма аб абавязковым афармленні ў згаданых рэстаранах меню коштаў на прадукцыю ў выглядзе светлавой рэкламы “ў т.л. на рускай і беларускай мовах”.
 
Такім чынам, з аднаго боку, дзяржава абавязана клапаціцца пра ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця, а з другога боку, у заканадаўстве адсутнічае норма, якая абавязвала б аб’екты грамадскага харчавання падаваць інфармацыю ў меню на беларускай мове.
 
Аднак у сваім адказе Мінгандлю, спасылаючыся на Канстытуцыю і ўласную Інструкцыю, падало іншую выснову, а менавіта: ўстанавіць патрабаванне да наяўнасці ў аб’ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове можна, а такое ж патрабаванне ў адносінах да беларускай мовы нібыта пацягне парушэнне канстытуцыйнай нормы аб яе дзяржаўнасці.
Заўважым, што ўстанаўленне патрабавання аб наяўнасці ў аб’ектах грамадскага харчавання меню на беларускай мове ніякім чынам не можа парушыць канстытуцыйную норму аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Бо Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь – актам найвышэйшай юрыдычнай сілы і непасрэднага дзеяння – замацавана дзяржаўнасць беларускай мовы, а не што іншае (не права выбару суб’ектамі гаспадарання мовы іх дзейнасці).
 
Больш за тое, у сваёй дзейнасці Мінгандлю абавязана кіравацца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, у адпаведнасці з часткай другой арт. 2 якога Рэспублiка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця.
 
Устанаўленне абавязковасці меню на замежнай мове без адначасовай наяўнасці яго ў аб’ектах грамадскага харчавання на беларускай мове прадастаўляе неабгрунтаваную перавагу замежнай мове, чым парушае і без таго хісткі моўны баланс у нашай краіне.
 
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў чарговы раз вымушана апеляваць да рашэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 “Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, у якім Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што пры фармальна-юрыдычным раўнапраў’і беларускай і рускай моў на практыцы баланс іх выкарыстання не вытрымліваецца, маюцца прыклады пераважнага выкарыстання рускай мовы, і такая сітуацыя патрабуе зменаў з мэтай забеспячэння фактычнай роўнасці дзяржаўных моў.
 
Мінгандлю ж сваёй пазіцыяй не толькі не спрыяе балансу ў фактычным выкарыстанні дзяржаўных моў, але стварае перакос на карысць замежнай мовы, якая не з’яўляецца дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь.
 
З улікам гэтага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярнулася да Міністра гандлю Рэспублікі Беларусь з прапановай, каб абавязковая наяўнасць у аб’ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове адбывалася пры ўмове яго наяўнасці на дзяржаўнай беларускай мове.
 
 

Юрыст ТБМ


← вярнуцца ў навіны