Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Язэп Драздовіч цяпер у інтэрнэце

2013.01.12 0

Перад Новым годам у беларускім сеціве з’явіўся электронны рэсурс, прысвечаны асобе Язэпа Драздовіча, славутага беларускага мастака першай паловы ХХ стагоддзя. Сайт змяшчае калекцыю твораў “беларускага Леанарда”, артыкулы і выказванні пра яго асобу, падборку прысвечаных мастаку вершаў. Гэта, бадай, самы поўны збор карцін Язэпа Драздовіча ў байнэце, хоць і не вычарпальны.

Сайт створаны для ўсіх, хто цікавіцца гэтым незвычайным творчым чалавекам, вандроўнікам, грамадскім дзеячом. Галерэі сайта складаліся паводле ключавых тэм ці матываў у творчасці Язэпа Драздовіча. Напрыклад, галерэя “Касмавізіі” ўключае ўсе творы на касмічную тэму - як графічныя лісты, так і жывапісныя палотны; а галерэя “Партрэты” - творы і жывапісу, і драўлянай скульптуры. Асобна прадстаўлены маляваныя дываны, кніжныя ілюстрацыі, выявы архітэктурных помнікаў і гістарычных асоб, пейзажы, а таксама плён этнаграфічных экспедыцый Язэпа Драздовіча. Магчыма, мастацтвазнаўцам такі падзел здасца недастаткова дакладным, аднак ён дазваляе найбольш яскрава паказаць грані таленту творцы і яго мастацкія захапленні. Менавіта гэта і было мэтай праекта – прадставіць асобу Язэпа Драздовіча па магчымасці поўна, цэласна.

Сайт некамерцыйны, створаны “людзям паспалітым дзеля добрай навукі”. Стваральнікі рэсурсу не мастацтвазнаўцы, таму будуць удзячныя за любыя парады ці заўвагі, а таксама запрашаюць усіх да супрацоўніцтва: артыкулаў, водгукаў, экспрэсій.

Язэп Драздовіч, Аўтапартрэт

← вярнуцца ў навіны