Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алег Трусаў: Мова – гэта адзіны фактар, які трымае беларусаў як нацыю

2012.11.29 0

 Які статус беларускай мовы сёння? Што робіць Таварыства беларускай мовы дзеля таго, каб папулярызаваць беларускую мову ў грамадстве? Які узровень сённяшніх падручнікаў па гісторыі Беларусі? Ці была Вайна 1812 года “айчыннай” для беларусаў? На гэтыя і іншыя пытанні “Гістарычнай праўды” адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

- Алег Анатольевіч, давайце спачатку вызначым якую ролю іграе мова ў развіцці нацыянальнай свядомасці народа?

-  Для кожнага народа мова з’яўляецца асноўным элементам нацыянальнай свядомасці. Беларусы ў гэтым сэнсе не выключэнне. Больш таго, у нас, нажаль, няма іншых фактараў якія аб’ядноўваюць нацыю. Напрыклад, рэлігія. Тут шмат пытанняў і часцей у выпадку беларусаў рэлігійны фактар раз’ядноўвае, чым аб’ядноўвае. Шмат пытанняў і ў сэнсе этнічнай беларускай тэрыторыі, якая не цалкам знаходзіцца ў складзе беларускай дзяржавы. Таму мова – гэта адзіны фактар, які трымае беларусаў як нацыю. 

- А які статус у беларускай мовы сёння? Гэта мова горада ці вёскі?

- Дзякуй Богу, сёння статус у беларускай мовы дзяржаўны, чаго, дарэчы 200 год не было. Зараз упершыню ў беларускай гісторыі горад загаварыў па-беларуску. Найбольш добра мова адчувае сябе у сталіцы, у Мінску. Тут інтэлігенцыя, тут эліта і нават па колькасці беларускамоўных школ і вучняў Мінск займае першае месца ў рэспубліцы. 

Дарэчы, у сталіцы зараз працуе некалькі цалкам беларускамоўных гімназій і што галоўнае, не зніжаецца колькасць заяў бацькоў з просьбай арганізаваць навучэнне іх дзетак менавіта на беларускай мове. 

Нажаль, гэтым не могуць пахваліцца іншыя беларускія гарады і перш за ўсё абласныя цэнтры. Там колькасць класаў з беларускай мовай навучання скарачаецца і гэта сапраўды праблема, якую трэба вырашаць. 

- А што сёння робіць ТБМ дзеля таго, каб папулярызаваць беларускую мову ў грамадстве?

- Мы робім усё магчымае і немагчымае. Зараз, нажаль, пра гэта многія забываюць, але мы стаялі ў пачаткаў першага незалежнага беларускамоўнага тэлеканала “Белсат”. Так, ён працуе ў Польшчы, але варта разумець, што мы звярталіся да ўладаў, каб зрабіць першы беларускамоўны спадарожнікавы канал менавіта на тэрыторыі Беларусі. Быў створаны канал “Беларусь ТБ”, але, нажаль, беларускамоўнага кантэнту там зусім мала. 

Акрамя гэтага, мы выдалі Правілы дарожнага руху на беларускай мове.  Ніхто не верыў, што нам удасца гэты праект, але зрабілі і ёсць плён. 

На сённяшні дзень у ТБМ больш пяці тысяч сяброў і некалькі дзесяткаў тысяч прыхільнікаў. Варта падкрэсліць, што лічба людзей, якія нам сімпатызуюць з кожным годам павялічваецца. 

- Вы ўзгадалі тэлеканал “Белсат”. Зусім нядаўна яго дырэктар спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы заявіла пра фінансавыя праблемы телеканала, якія прымусілі да змянення сеткі вяшчання. Якую будучыню чакае гэты праект?

- У “Белсата” зараз даволі вялікая тэлеаўдыторыя і ў Беларусі і па за межамі нашай краіны. Гэты канал ужо добра ведаюць у Еўропе. А што датычыцца фінансавых цяжкасцяў, то яны зараз у ва ўсёй Еўропе, так што няма нічога дзіўнага, што і “Белсату” прыходзіцца зацягваць пояс. Мяркую, што ўсё там будзе добра. 

- Вяртаючыся да пытання аб самасвядомасці беларусаў, якія на ваш погляд перспектывы ў беларускай мовы, гісторыі, культуры? Наколькі ўвогуле гэтыя аспекты цікавяць сённяшнюю моладзь?

- Трэба падкрэсліць, што найбольш высокі ўзровень цікавасці да беларускай мовы, да нацыянальнай гісторыі і культуры назіраецца ў моладзі, якая жыве ў сталіцы. Але двадцаць гадоў незалежнасці ў пустую не прайшлі, і наша грамадства зараз ужо ўсведамляе, што мы – не Расія. Мы іншая краіна, з іншым мінулым, традыямі, культурай і мовай. 

- Вы гісторык і мяркую, што развіццё нацыянальнай гістарычнай навукі для Вас таксама з’яўляецца важным пытаннем. Як вы аценьваеце перспектывы развіцця гістарычнай адукацыі ў Беларусі?

- Зараз у Беларусі ёсьць добрыя, калі так можна казаць, рэгіянальныя гістарычныя школы, якія базіруюцца ў універсітэтах. Менавіна яны рухаюць беларускую гістарычную навуку. 

- Але ў Беларусі ёсьць праблема з атрыманнем навуковых ступеняў…

- Так, сапраўды ёсьць такая праблема. І тычыцца гэта перш за ўсё доктарскіх дысертацый, якія зараз абараніць вельмі цяжка. Але з другога боку узровень гісторыка вызначаюць не столькі па дыплому, колькі па індэксу цытавання. І тут, калі даследчык варты ўвагі з боку навуковай супольнасці, то яго напэўна заўважаць. 

- А які ўзровень сённяшніх падручнікаў па гісторыі Беларусі?

- У Беларусі сёння даволі шмат падручнікаў і іншай гістарычнай літаратуры. І вельмі добра, што ёсьць выбар якім падручнікам карыстацца. Я асабіста нават часам карыстаюся падручнікам Трашчанка (Я.Трашчанок – беларускі гісторык, які стаяў на скрайніх пазіцыях заходнерусізму і праваслаўнага фанатызму. Не прымаў беларусаў, як самастойную нацыю і разглядаў Беларусь як частку Расіі – ГП.), бо ў яго, напрыклад, упершыню ёсьць такі параграф як “ліцьвінства”. Так, што калі мець набор усіх падручнікаў, ад тых, першых, на газетнай паперы, з бел-чырвона-белай вокладкай, да сучасных, дык можна выкладаць гісторыю на вельмі добрым узроўні. І так трэба рабіць. 

-  Вы ўпамянулі прозвішча Я. Трашчанка, які прытрымліваўся заходнерускіх поглядаў. Сёння таксама назіраецца актыўная дзейнасць рознага рода дзеячоў “заходнерускай” накіравансці ў Беларусі. Як Вы лічаце, ці ёсьць небяспека для нашага грамадства з боку ўсіх гэтых прыхільнікаў “адзінай і недзялімай”?

-  У сённяшніх пріхільнікаў заходнерусізма на Беларусі няма сацыяльнай базы. Ідэі заходнерусізма могуць уплываць толькі на малаадукаваных людзей. Але нават людзі з невысокім узроўнем адукацыі не вельмі жадаюць, каб іх краіна стала часткай Расіі. Нават тыя, хто часта ездзіць на заробкі ў Расію, пазней вяртаюцца і кажуць: “Не, беларуская незалежнасць, яна значна лепей, чым той “маскоўскі” бардак”. 

У Расіі зараз шмат праблем, і нацыянальных у тым ліку. Беларусы гэта разумеюць і робяць правільныя высновы. 



Алег Трусаў

- У 2012 годзе адзначаюцца 200-гадовыя ўгодкі Вайны 1812 года. Ладзяцца канферэнцыі, адбываюцца рэканструкцыі, іншыя мерапрыемсты. А якой гэта вайна была для беларусаў? Ці насіла яна характар “айчыннай”? 

- Сёння нават прадстаўнікі дзяржаўнай ідэалогіі прызнаюць, што тая вайна не была “айчыннай”. Амаль у ўсіх сучасных беларускіх падручніках той канфлікт называюць проста “вайна”. Глядзіце, якія сёння робяцца цудоўныя музейныя выставы. Яны яскрава дэманструюць, што для беларусаў тыя падзеі былі вельмі страшэнным выпрабаваннем. 

Па сутнасці вайна 1812 г. для нашага народу насіла характар грамадзянскай. На тым жа Барадзінскім полі беларусы змагаліся супраць беларусаў. Тагачасная Беларусь стала арэнай сутыкнення інтарэсаў дзвух імперый. І пра гэта трэба памятаць!

Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда"

← вярнуцца ў навіны