Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

"Галоўнае, каб любілі беларускую мову..."

2012.06.30 0

...Еду дадому ў сумным аўтобусе. Стомлены. Абыякава трымаюся за поручань і мару аб тым, як дома нарэшце адпачну.

Чую голас. Дзіцячы голас:

— Мам, а тут вось замест "стекло" напісалі "шкло"...

Дзяўчынка год сямі-васьмі паказвае сваёй маці на шыльдачку "Запасны выхад..."

— Гэта па-беларуску, дачушка, — растлумачыла жанчына.

— Па-беларуску? — не зразумела дзіця. — А там яшчэ і "пры аварыі" напісана... Гэта ж таксама няправільна. Трэба: "при аварии", — прамовіла дзяўчынка, шчыра не разумеючы "памылак" на шыльдачцы.

Наўмысна пачаў з гэтага выпадку, які неяк нечакана ўспомніўся. Так бы мовіць, падводжу праблему да жыцця тварам. Вось ёсць у нас і закон аб беларускім правапісе, і Канстытуцыя, якая сцвярджае роўнасць рускай і беларускай моў, у школе ўсе вывучаем родную мову і літаратуру. Здаецца, умовы створаны. Бяры ды размаўляй па-беларуску. Але назіраем мы зусім іншую сітуацыю: справаводства рускамоўнае, мала хто аднолькава валодае і рускай, і беларускай, школ і дзіцячых садкоў беларускамоўных амаль няма. Таму пытанне распаўсюджвання беларускага слова так пакуль і застаецца без выразнага адказу.

Але нядаўна, каля трох месяцаў таму, з'явілася яшчэ адна крыніца, з якой можна спатоліць роднамоўную смагу. У Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з'явіўся новы сайт у інтэрнэце. Каля тысячы праглядаў штодня, наведнікі з 39 краін свету — гэта першыя поспехі партала. На мінулым тыдні адбылося абмеркаванне гэтых дасягненняў і далейшых напрамкаў укаранення беларускай мовы ў нашым грамадстве.

Ад ліставання —
да міжнароднага
супрацоўніцтва

Арганізатары сцвярджаюць, што новы сайт паспрыяў пашырэнню аўдыторыі: тыя, хто ніколі не хадзіў на імпрэзы таварыства, цяпер мае магчымасць даведацца пра іх праз інтэрнэт. Асабліва гэта датычыць моладзі.

Асобны раздзел сайта заняло ліставанне са шматлікімі ўстановамі, якое ўвесь час вядзе таварыства. "Сайт задумваўся з дваякай мэтай. З аднаго боку, візітоўка арганізацыі, а з другога — юрыдычная праца, якую гэта ліставанне добра ілюструе, — патлумачыў Дзяніс Птушынскі, намеснік старшыні ТБМ. — Яшчэ адна мэта — наладзіць міжнароднае супрацоўніцтва. Рэальна ўжо пачалася супраца з Еўрапейскім даследчым цэнтрам шматмоўнасці і вывучэння моў "Меркатар". Гэта частка сеткі з пяці даследчых і архіўных цэнтраў, якія займаюцца рэгіянальнымі і меншаснымі мовамі ў Еўрасаюзе. У іх ёсць даччыны сайт, прысвечаны моўнаму заканадаўству. Яны ўключылі цяпер нас у сваю базу звестак. Сумесных праектаў пакуль што не распачалі, але плануем. Вялікай удачай Д. Птушынскі лічыць тое, што ўдалося звязацца з арганізацыяй "Лінгвапакс". "Ёсць Сусветная дэкларацыя лінгвістычных правоў, прынятая ў 1996 годзе. Былі зроблены вялікія намаганні па яе ратыфікацыі ў ЮНЕСКА як дадатку да Дэкларацыі правоў чалавека. Але, на жаль, яна не прайшла, таму што накладвае вельмі вялікія абавязацельствы на нацыянальныя ўрады. Там шмат што трэба рабіць па абароне моў. Так і была створана арганізацыя "Лінгвапакс", якая павінна гэтыя ідэі прасоўваць. Неўзабаве мы пачнём перакладаць іх сайт на беларускую мову, — паведаміў Дзяніс Птушынскі. — Хацелася б, вядома, яшчэ больш рабіць, з яшчэ большай колькасцю арганізацый наладзіць кантакт, але прасоўванне беларускай праблематыкі ў свеце — гэта няпростая справа. І не таму, што яна беларуская, а таму, што нацыянальная".

"Дыялогу з міжнароднымі арганізацыямі вельмі спрыяе амаль поўная перакладзенасць сайта на англійскую мову", — падкрэсліў Алег Трусаў, старшыня ТБМ. Таксама ён засяродзіў увагу на тым, што цяпер кожная з рэгіянальных суполак таварыства мае фактычна свой сайт і можа выкладваць туды ўсе свае матэрыялы. А ў выніку ўсе яны становяцца дасяжнымі для ўсёй Беларусі. Акрамя таго, на сайце можна знайсці ўсе выданні ТБМ, а значыць беларус у любым кутку свету можа іх пачытаць.

Пры сутыкненні з праблемай трэба яе вырашаць

Таварыства спадзяецца, што сайт дазволіць выяўляць і вырашаць розныя праблемы, якія ўзнікаюць у беларусаў з ужываннем беларускай мовы. Так, напрыклад, пастаянна дзейнічае "Бацькоўскі камітэт", дзе абмяркоўваецца магчымасць навучання дзяцей у беларускамоўным класе ці адпраўкі іх у беларускамоўную групу ў дзіцячым садку. "Галоўная наша задача — маніторыць моўныя правы, — упэўнена Алена Анісім, першы намеснік старшыні ТБМ. — Пры з'яўленні нейкіх цяжкасцяў спрабуем вырашаць іх сваімі сіламі. Напрыклад, сутыкнуліся мы з тым, што правілаў дарожнага руху на беларускай мове, нягледзячы на абвешчаную роўнасць моў, няма. Пяць гадоў мы ліставаліся на гэты конт, але ў адказ прыходзілі толькі абяцанні. Тады мы знайшлі магчымасць закрыць гэтае пытанне сваімі грамадскімі сіламі. Так мы зрабілі пераклад правілаў".

Беларуская —
гэта еўрапейская мова

А значыць, і выкладацца яна павінна па ўсіх еўрапейскіх стандартах. Такой думкі прытрымліваецца Алена Анісім: "Мы зацікаўлены ў выкарыстанні досведу замежных калег у навучанні беларускай мове, каб абагуліць яго і зрабіць для нашай мовы еўрапейскі стандарт. Таму што гаварыць, што беларуская мова роўная, можна будзе толькі тады, калі мы "закрыем" пэўныя нішы. Сёння чалавек можа навучацца беларускай мове, але, на жаль, ніякага дакумента, заканадаўча аформленага, пасля гэтага не выдаецца. Патрэбен сертыфікат, дзе будзе напісана, што чалавек валодае мовай у пэўным аб'ёме. Гэта наша стратэгічная задача. Наяўнасць такога сертыфіката ўзвысіць Беларусь на міжнародным узроўні". Дапамогі ў таварыстве чакаюць, напрыклад, ад сусветна вядомага Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі навук, з якім таксама пачалі супрацоўнічаць.

Галоўнае — любіць мову

"Праз сайт, дзякуючы у тым ліку і англамоўнаму перакладу, увесь свет даведаецца, што мова наша выміраць не збіраецца, што яна моцная, што ва ўсіх сферах жыцця дзейнічае, — заявіў Алег Трусаў. — Мы падтрымліваем любыя беларускамоўныя пачынанні. Мы не дзелім людзей на партыі, канфесіі, нацыянальнасці: галоўнае, каб любілі беларускую мову. Для такіх людзей партал і ствараўся". Ніна Шыдлоўская, старшыня МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", таксама пацвердзіла важнасць аб'яднання аматараў мовы: "Адкрыццё гэтага сайта — доўгачаканая падзея. Асабліва таму, што для нашых сяброў з замежжа дужа важна знайсці спецыфічную інфармацыю і адчуваць пэўную еднасць. А яшчэ — гэта абсалютна сучасны сайт, які, найперш дазволіць заахвочваць моладзь. Трэба толькі напоўніць яго яшчэ тымі цікавосткамі, якія прывабяць маладых".

Далучайцеся і вы, чытачы. Тым больш, што вам ёсць з каго браць прыклад. Апошнім часам многія камерцыйныя кампаніі сталі рэкламаваць сябе па-беларуску і перакладаць свае сайты на беларускую мову. Яны пачалі разумець, што гэта важна. І вы разумееце, я веру. Толькі часта проста саромеецеся быць першым у сваім асяроддзі. Зайдзіце на сайт tbm-mоvа.bу — і зразумейце, што вы не адзін. А то пасля будзе сорамна за тое, што вашы дзеці стануць лічыць беларускую мову "памылковай"...

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Крыніца


← вярнуцца ў навіны