Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч выкладаў фізіку па-беларуску

2012.06.13 0

- З Гомельскай вобласці тэлефаную. Скажыце, вы выпісваеце “Народную Волю”?
 
- Выпісваем, чытаем і нават час ад часу распаўсюджваем на офісе!
 
- Тады вы ведеце, што апошнім часам у газеце з’яўляюцца публікацыі наконт стану беларускай мовы. У мяне да вас просьба - паразмаўляйце, калі ласка, з палітычнымі партыямі: чаму яны паўсюль лезуць, а моўнае пытанне абыходзяць бокам? Мова - гэта ж нацыянальны гонар!
 
- Я сам прыхільнік беларускай мовы, карыстаюся ёй кожны дзень. Дзеці нашы, што вучацца ў Польшчы, таксама. І я так скажу: за час улады Лукашэнкі колькасць беларускамоўных класаў у школах крытычна зменшылася. У свой час я быў віцэ-мэрам Гродна і адказваў у тым ліку за адукацыю і моўнае пытанне. І мы тады праводзілі беларусізацыю, пачынаючы з садкоў. І мелі поспех: да 1994 года ў горадзе ўжо было 75 працэнтаў беларускамоўных першых класаў! А потым не стала ніводнага. І гэта вынік працы цяперашняй улады. Я не хачу, каб вы падумалі, што я ўсю адказнасць перакладаю на чыноўнікаў. Іх віна -- асноўная, але і мы таксама мусім рабіць тое, што ад нас залежыць, -- напрыклад, часцей ужываць беларускую мову.
 
- Старшыня ТБМ спадар Трусаў часта хваліць міністра адукацыі. Але ж міністр проста душыць мову!
 
- Я добра ведаю і паважаю сённяшняга міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. Мы разам з ім працавалі ў Гродзенскім універсітэце. І гэта быў адзін з прыхільнікаў вяртання беларускай мовы ва ўсе ўстановы! У нас тады нават на фізічным факультэце першыя шэсць семестраў фізіку выкладалі па-беларуску. І Маскевіч сам, дарэчы, адзін з першых пачаў чытаць лекцыі на роднай мове. Сёння, на жаль, ён найчасцей гаворыць па-руску...
 
- А можа, усё ж такі варта было б сабрацца ўсім партыям і зрабіць агульны зварот да народа з нагоды сітуацыі з беларускай мовай? Людзі павінны ведаць, што партыйныя лідары салідарны хаця б у нечым!
 
- Згодны: партыі маглі б рабіць больш у гэтым накірунку. Бо палітыкі часта засяроджваюцца на рэчах менш значных, чым адраджэнне мовы. Не будзе адраджэння мовы -- будзе народ без душы.
 
Народная Воля

← вярнуцца ў навіны