Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алег Трусаў: Праграмай “Замкі Беларусі” дзяржава афіцыйна зацвердзіла праграму вяртання ў Еўропу

2012.05.19 0

У гэтым годзе ўпершыню ў беларускай гісторыі на дзяржаўным узроўні зацвердзілі праграму па аднаўленню замкаў. Згодна афіцыйнаму дакументу 38 аб’ектаў атрымалі права на новае жыццё. Дэталёва пра кожны з іх TUT.BY ужо пісаў. Наконт ролі гэтай падзеі для краіны і яе жыхароў мы папрасілі паразважаць Алега Трусава, выбітнага беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук, дацэнта і старшыню Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

“Галоўная праблема беларускай рэстаўрацыі - недахоп кадраў”

- Ці можна праграму “Замкі Беларусі” лічыць крокам на шляху да збліжэння Беларусі з Еўропай?

- Безумоўна, можна. Нарэшце, наша дзяржава дажыла да таго, што афіцыйна зацвердзіла праграму вяртання ў Еўропу. У аснове беларускіх замкаў ляжыць менавіта еўрапейская архітэктурная традыцыя. Уся наша будаўнічая лексіка бярэ пачатак з нямецкай і галандскай моў. А вось у рускай мове ў “будаўнічым слоўніку” ў асноўным выкарыстоўваюцца цюркскія словы. Напрыклад, слова “кирпич” татарскае. Па лексіцы адразу бачна, што мы – еўрапейцы.
  
- Чым факт прыняцця гэтай праграмы карысны для лёсу замкаў у маленькіх гарадах і мястэчках?
- Калі ўлада на месцах ведае, што замак на тэрыторыі іх раёна ўнесены ў дзяржаўную праграму, прынамсі, хлеў там будаваць не будуць. У справе аднаўлення нашай культурнай і гістарычнай спадчыны шмат што залежыць ад мясцовай ініцыятывы. У прадстаўнікоў улады ў кожным раёне свая пазіцыя: адны замкі руйнуюць, другія адбудоўваюць. Так атрымліваецца таму, што ў адным раёне больш патрыятычна настроенае чынавенства, у другім – менш.
 
 - Якія хібы, на ваш погляд, мае праграма?
- Самы галоўны адмоўны момант і адначасова пазітыўны ў тым, што на ажыццяўленне праграмы выдзяляюцца адносна невялікія грошы. Тым больш бюджэт праграмы распрацоўваўся да эканамічнага крызіса мінулага года. Гэта значыць, што запланаваныя сумы пад уплывам інфляцыі паменшыліся ў тры разы.
  
- Чаму гэты момант вы лічыце пазітыўным?
- Калі непрафесіяналам даць на рэстаўрацыю шмат грошай, яны зробяць больш шкоды, чым карысці. У нас шмат праблем у сферы рэстаўрацыі, але асноўная – нам не хапае кадраў. Большасць людзей, якія займаюцца аднаўленнем помнікаў архітэктуры, не маюць патрэбнай гістарычнай адукацыі. Гэта звычайныя будаўнікі, якія не разумеюць, што рэстаўрацыя - не тое месца, дзе только зарабляюць ці асвойваюць грошы. Пакуль наш народ не пасталее інтэлектуальна, мы будзем заставацца на тым узроўні, які французы і немцы пераадолелі яшчэ ў XIX стагоддзі. Калі верхнія часткі храмаў у іх будавалі з чыгуна, чым правакавалі скандалы ў грамадстве. Мы не можам пераскочыць гэтыя этапы развіцця, таму і набіваем аскоміну. Але сёння мы ўжо навучыліся прызнаваць свае памылкі і выпраўляць іх. Як гэта было з вежай Нясвіжскага замка, калі ў 2004 годзе яе прыблізна рэканструявалі і выклікалі пярэчанні спецыялістаў і прадстаўнікоў былых уладальнікаў. У выніку ўлады пагадзіліся на замену канструкцыі. Новая верхняя частка вежы была зроблена ў стылі барока на грошы грамадскасці. Гэта быў адзін з першых прыкладаў у гісторыі Беларусі, калі ў барацьбе за аднаўленне гістарычнай спадчыны перамагла эліта, якая не пашкадавала грошай на выпраўленне рэстаўрацыйнай памылкі.
 
 
“Першую спробу аднавіць нашы замкі зрабілі палякі”
 
- У межах праграмы ў асноўным выдзяляюцца сродкі на добраўпарадкаванне тэрыторый. Як можна ацаніць гэты момант?
- Калі, да прыкладу, ўзяць Мсціслаўскі замак, які яшчэ некалькі гадоў таму быў у заняпадзе. Сёння там праходзіць рыцарскі фэст, і замак не пазнаць: тэрыторыю вакол яго вычысцілі, агарадзілі, траву скасілі... У любым выпадку турыста туды ўжо не сорамна прывезці. Таму нават добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол замкаў будзе мець плён. Каб не прынялі гэту праграму, на тэрыторыі многіх замкаў заставаўся б сметнік, а, можа, і грамадская прыбіральня. Святое месца пустым не бывае: калі няма Бога, то прыйдзе д’ябал.
 
 
- Сёння кажуць, што гэта праграма стала першай спробай аднавіць нашы замкі. Ці так гэта на самой справе?

- Першую спробу аднавіць нашы замкі зрабілі палякі ў 20-30 гг. XX стагоддзя, калі ў складзе іх дзяржавы была Заходняя Беларусь. Палякі абвясцілі ўсе дзяржаўныя замкі сваёй спадчынай. Да таго ж яны захавалі прыватную ўласнасць. І гаспадары, якія мелі палацы, добраўпарадкавалі іх за свой кошт. Там, дзе ўласнікаў не было, палякі правялі вялікія работы па ўмацаванню і добраўпарадкаванню. Ні адзін замак яны цалкам не аднавалі, але аб’екты закансервіравалі і расчысцілі тэрыторыю вакол. Ува Усходняй Беларусі сітуацыя з замкамі ў той час была нашмат горшай. Руіны замкаў бальшавікі асабліва не разбуралі, але і не даглядалі за імі.
 
 
“Гісторык Міхась Ткачоў першым абнародаваў тэзіс “Беларусь—краіна замкаў”
 
- Беларускія замкі вельмі пацярпелі падчас двух сусветных войн. Якія яшчэ перыяды ў гісторыі можна лічыць заняпадам для нашых замкаў?

- Перыяд праўлення Мікіты Хрушчова быў ліхалеццем у адносінах да нашай архітэктуры. У той час на чале з дзяржавай у беларусаў фарміравалі думку, што мы маем толькі лапці, курныя хаты і з абдымкамі чакаем цара, а пасля прыходу да улады саветаў -- бальшавікоў. А замкі гэта перажыткі ўплыву польскіх і літоўскіх феадалаў. Таму ў той час проста на вачах разбураўся Гальшанскі замак...
 
Затым да ўлады прыйшоў Леанід Брэжнеў. Пры ім сітуацыя палепшылася. А ў 1969 годзе ў нас нарэшце стварылі першыя рэстаўрацыйныя майстэрні. У літоўцаў яны з’явіліся яшчэ ў 1949 годзе. І з таго часу прыкладна за двадцаць гадоў яны за кошт бюджэта СССР адбудавалі гістарычна-культурныя помнікі ў Вільні, Тракайскі замак і шмат чаго іншага. Пакуль мы тут знішчалі ўсё беларускае, яны за савецкія грошы адбудоўвалі важныя для сваёй гісторыі аб’екты. У той час у беларускую навуку прыйшоў Міхась Ткачоў. Ён першым вярнуў нашай краіне тытул краіны замкаў. Гісторык, археолаг і грамадскі дзеяч, ён абараніў па замках заходняй Беларусі кандыдацкую дысертацыю, а па гарадскіх замках – доктарскую. Тым самым Міхась Ткачоў першым абнародаваў гэты тэзіс і пацвердзіў яго ўнікальнай кнігай-альбомам пра беларускія замкі, якая вытрымала некалькі выданняў.
 
 
- Як вы наогул ацэньваеце сітуацыю з аднаўленнем помнікаў архітэктуры ў суверэнная Беларусі?
- З моманту існавання суверэннай Беларусі ў рэстаўрацыю замкаў таксама ўкладваюцца вялікія грошы. Другое пытанне, наколькі прафесійна і згодна з усімі рэстаўрацыйнымі законамі аднаўляюцца аб’екты. Але ідэальнай рэстаўрацыі нідзе не бывае. Там дзе гутарка ідзе пра вялікія грошы, знойдзецца каму іх асвоіць. У цэлым, канешна, за апошнія 35 гадоў адных храмаў на Беларусі пабудавана і адноўлена як мінімум 1 500. Напрыклад, цалкам адбудаваныя цэрквы ў Сынкавічах і Мураванцы. Пры саветах яны былі ў руінах, там усё зарасло бур’янам. Сёння ў нас ідзе прапаганда адбудовы помнікаў. Гэта гаворыць пра тое, што перамагае тая частка наменклатуры, якая глядзіць у бок Еўропы, а не Расіі.

← вярнуцца ў навіны