Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Гурт PyLai стаў пераможцам конкурсу “Заспявай-6”

2020.05.06 0

Гурт PyLai стаў пераможцам конкурсу “Заспявай-6”

Журы прызнала найлепшаю ў конкурсе песню гурта Рыгора Лайкова і Уладзя Пыльчанкі на верш Віктара Жыбуля «Мафія». Гэта быў шосты конкурс, які зладзілі фонд «Вяртанне» і партал TuzinFM.

Сёлета ўзнагароджанне прайшло ў тэлеэфіры, у межах праграмы Belsat Music Live, а не на канцэрце фіналістаў. Пераможцы атрымалі галоўны прыз – BR 1500 на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.

«Фіналісты прайшлі чатыры этапы выпрабаванняў і кожны з іх засведчыў, што варты перамогі. Маем чатыры выдатныя песні, напісаныя пад натхненнем ад беларускай паэзіі, якія будуць і надалей гучаць на стрымінгавых платформах і жывых выступах. Маладыя артысты пазнаёміліся з сучаснымі паэтамі і паміж сабою ды збіраюцца надалей трымацца разам – рабіць сумесныя песні і падтрымліваць адзін аднаго. Акурат у гэтым галоўны вынік нашага конкурсу», – зазначае прадзюсар «Заспявай» Сяргей Будкін.

Усе чатыры песні фіналістаў «Заспявай» былі запісаныя ў студыі і прэзентаваныя ў фармаце сінглу на асноўных лічбавых пляцоўках.

Гомельскі гурт «Юность» паклаў на музыку верш Віталя Рыжкова «Вяртайся».

«Мне ня трэба было асабліва нічога рабіць, бо музыка нарадзілася ў момант першага прачытання верша. Я працую ў кавярні, таму часта яе ўключаю фонам і вельмі прыемна назіраць, калі госці пачынаюць яе шазаміць», – кажа аўтар музыкі Рыгор Давыдзян.

Песню выканала спявачка Стэфанія Хрушчова. Яе можна спампаваць і паслухаць тут і тут. 

 Гурт PyLai – пераможца конкурсу «Заспявай-6» Belsat Music Live. Фота: Андрэй Лянкевіч

Менскі гурт «PyLai» зрабіў песняю верш Віктара Жыбуля «Мафія».

«Нам не хацелася браць твор, які быў бы для аўтара глыбока асабістым, хацелася адшукаць штосьці глабальнае, нестандартнае – але тое, што знайшло б у нас эмацыйны водгук. «Мафія» падышла ідэальна – і па тэматыцы, і па рытміцы ды мелодыцы. Упэўненыя, што гэтая песня шчыльна замацуецца ў нашым рэпертуары», – кажуць музыкі Рыгор Лайкоў і Уладзь Пыльчанка.

Песня даступная для праслухоўвання тут і тут.

«У гэтым вершы я ўбачыла адлюстраванне свайго роднага гораду, дзяцінства і шчымлівага суму ды настальгіі. У 19 год таксама можна настальгаваць», – кажа Марыя Чапрасава з Барысаву.

Яе твор, зроблены разам з Кірылам Даншыным, на верш Антона Рудака «Горад вёсак» можна паслухаць тут і тут.

Песню «Планета знасіла сваю арбіту» на верш Віталя Рыжкова напісала Валерыя Суравіцкая з праекту LEAR.

«Калі спяваю гэты трэк, робіцца балюча ад таго, што адбываецца вакол», – прызнаецца спявачка.

Песню можа паслухаць і спампаваць тут і тут.  

У журы конкурсу ўвайшлі спявачка Руся, паэт Андрэй Хадановіч, музыка Алег Хаменка, саўндпрадзюсары Барыс Календа і Павел Сініла, дызайнерка Наста Шастак ды арганізатары конкурсу Сяргей Будкін і Павел Бераговіч.

Адмысловы прыз ад фонду «Вяртанне» (запіс сінглу) атрымаў Жэня Вялько з песняй «Трывога» на верш Міхала Бараноўскага.

Таксама камусьці з чатырох фіналістаў дастанецца прыз глядацкіх сімпатыяў і сертыфікат на набыццё музычных аксесуараў на BR 300. Яго атрымае той, хто набярэ найбольшую колькасць галасоў у каментарах пад тэлеверсіяй фіналу «Заспявай-6» у youtube, «Укантакце» і Facebook.

АА belsat.eu


← вярнуцца ў навіны