Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Спектакль "Дзве душы" Максіма Гарэцкага бясплатна пакажуць у сеціве ў пятніцу

2019.11.04 0

Спектакль галоўнай сцэны Купалаўскага ўпершыню пакажуць у прамым эфіры 8 лістапада, — паведамляе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Упершыню на беларускай сцэне – спектакль паводле аповесці “Дзве душы” айчыннага класіка, пачынальніка беларускай філасофскай прозы Максіма Гарэцкага. На фоне знакавых гістарычных падзеяў у часе пасля Першай сусветнай вайны пераплятаюцца лёсы розных людзей, якія апынуліся ў гушчы рэвалюцыйнай “куламесы” – падмененых у дзяцінстве панскага і сялянскага сыноў, палітычных прайдзісветаў, закаханых дзяўчат, адраджэнцаў. Дзве душы – гісторыя ўнутранай супярэчнасці беларускага інтэлігента Ігната Абдзіраловіча, які здольны рэфлексаваць над часам і сабой у складаным свеце, шукаць “яснасць у паглядах на спрадвечна няяснае”, што непазбежна робіць яго староннім і безабаронным у сваім асяроддзі.

"Дзве душы" – гісторыя падмененых у дзяцінстве хлопчыкаў з сялянскай і панскай сем’яў, якія пасталелі і апынуліся ў цэнтры знакавых гістарычных падзей. Няпросты, глыбокі і бескампрамісны тэкст увасобіўся ў 32 сцэны, якія змяняюцца амаль з кінематаграфічнай хуткасцю. Эстэтыка гэтых фрагментаў цалкам абпавядае ўнутранай супярэчнасці галоўнага героя Ігната Абдзіраловіча, мэта якога – выйсці з бясконцага кола гвалту.

Жывая бясплатная трансляцыя адбудзецца 8 лістапада а 19 гадзіне праз відэасервіс VOKA.TV у межах спецыяльнага праекта да 100-га сезона тэатра сумесна з кампаніяй А1 Беларусь. Спектакль будзе даступны выключна ў прамым эфіры – з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары тэлефона.

Рэжысёр-пастаноўшчык Мікалай Пінігін.

Крыніцы: kupalauski.by і facebook.com/kupalauski.by


← вярнуцца ў навіны