Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выйшлі з друку рэкамендаваныя Навуковай радай Універсітэта імя Ніла Гілевіча "Уводзіны ў філасофію" па-беларуску!

2019.10.16 0

Днямі выйшлі з друку "Уводзіны ў філасофію" па-беларуску! Да друку выданне рэкамендаванае Навуковай радай Універсітэта імя Ніла Гілевіча, фактычна - гэта адзін з будучых падручнікаў студэнтаў універсітэта.

Як піша ва ўступным слове рэдактар кнігі, кандыдат філасофскіх навук Павел Баркоўскі: "Гэтая кніга з'яўляецца першым выданнем хрэстаматыі выбраных тэкстаў з сусветнай і айчыннай філасофскай традыцыі. Фрагменты арыгінальных тэкстаў упарадкаваныя паводле шэрагу раздзелаў, з якіх звычайна складаецца вывучэнне філасофіі як прадмета ў вышэйшых навучальных установах. Кніга таксама змяшчае ўступныя артыкулы да кожнага з раздзелаў, у якіх даецца кароткая характарыстыка што да праблематыкі самой гэтай часткі, агульнае ўяўленне пра датычныя тэмы і пытанні, якія мусяць закранацца. Усё гэта ілюструецца арыгінальным матэрыялам пераважна нанова перакладзеных на беларускую мову тэкстаў сусветна вядомых філосафаў, а таксама выбраных прадстаўнікоў беларускай традыцыі мыслення. Праўда, з прычыны адсутнасці перакладаў з арыгінальных моў у гэтае выданне не ўвойдуць тэксты арабскіх, кітайскіх і індыйскіх мысляроў, што таксама гэтую традыцыю ўтвараюць; такую абмежаванасць мусяць зняць наступныя выданні хрэстаматыі.

Неабходнасць крыніцы падобнага кшталту паўстае з прычыны малой колькасці перакладзеных прац па філасофіі на беларускую мову, што абцяжарвае магчымасць навучання гэтаму прадмету на роднай мове праз базавую адсутнасць падставовых тэкстаў. Разумеючы, што ніводная кніга не здолее замяніць увесь неабходны корпус перакладаў тэкстаў, укладальнікі хрэстаматыі парупіліся пра тое, каб стварыць уводны корпус філасофскіх фрагментаў, своеасаблівыя пралегомены, найперш да вывучэння філасофіі ў вышэйшых навучальных установах Беларусі на беларускай мове. Станаўленне нацыянальнай традыцыі мыслення і далейшая інтэлектуалізацыя жыцця грамадства немагчымая без засваення сусветнай спадчыны думак і тэкстаў, якія мусяць гучаць на той мове, на якой ствараецца актуальная беларуская культура.

Сам праект хрэстаматыі нарадзіўся яшчэ на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя і, нягледзячы на вялікі аб'ём зробленай працы, доўгі час заставаўся незавершаным. Але сёння відавочная патрэба ў выданні кнігі падобнага зместу натхніла на працяг і падрыхтоўку хрэстаматыі ў найноўшай рэдакцыі. Агульная рэдакцыя перакладаў, як і большая іх частка, належыць нашаму вядомаму філолагу, паэту, перакладчыку Лявону Баршчэўскаму. Пры напісанні ўступных артыкулаў да раздзелаў выкарыстоўваліся матэрыялы з кнігі Рыгора Грудніцкага ("Філасофія. Канспект лекцый", Наваполацк, 2005) у дапоўненым і скарэктаваным выглядзе. Суаўтарам першай версіі ўкладання хрэстаматыі быў беларускі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч Анатоль Сідарэвіч, а першым рэцэнзентам - адзін з карыфеяў сучаснага айчыннага мыслення, светлае памяці Уладзімір Конан".

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў хуткім часе, пра гэта будзе паведамлена дадаткова.

 


← вярнуцца ў навіны