Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

"Новы час" пра канферэнцыю ТБМ "Нашы вякі — наша багацце"

2019.09.12 0

  Першы здымак nn.by.

Навукова-практычная канферэнцыя Таварыства беларускай мовы "Нашы вякі — наша багацце", што адбылася ў пятніцу, 6 верасня, у гатэлі "Манастырскі" ў Мінску, сабрала вялізны пул зацікаўленых: ад шматлікіх навукоўцаў — архітэктараў, філосафаў, юрыстаў і гісторыкаў — да супрацоўнікаў НДА і двух міністэрстваў, як паведамля сайт газеты "Новы час".

Канферэнцыя складалася з пленарнага пасяджэння і дзвюх секцый, на якіх агулам выступіла каля трыццаці прамоўцаў.

На пленарным пасяджэнні права першага слова было дадзена начальніцы Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталлі Хвір. У вітальным слове яна перадала падзякі і добрыя словы на адрас ТБМ ад міністра культуры.
 
Начальніца Упраўлення Мінкульту Наталля Хвір прамаўляла па-беларуску

Начальніца Упраўлення Мінкульту Наталля Хвір прамаўляла па-беларуску

Іншую профільную ўстанову — Міністэрства спорту і турызму — прадставіла Марына Масташова.

А вось супрацоўніца Міністэрства спорту і турызму — па-руску...

А вось супрацоўніца Міністэрства спорту і турызму — па-руску...

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім зачытала віншаванне ўдзельнікам канферэнцыі з ЗША і пералічыла нормы заканадаўства, якія спрыяюць захаванню беларускасці, адзначыўшы, аднак, і важнасць высілкаў энтузіястаў на гэтым накірунку.
 
Алёна Анісім

Алена Анісім

Міхалі Пастухоў, доктар архітэктуры і прафесар БНТУ Георгій Патаеў, кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Генадзь Ходар, прадстаўніца фонду "Культурная спадчына і сучаснасць" Ала Сташкевіч, кандыдат архітэктуры і прафесар ЕГУ Георгі Баранец, доктар філасофіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Кірэеў.

Секцыі працягнуліся да самага вечара. Сярод выключна культурніцкіх і навуковых тэмаў падымаліся і тэмы, актуальныя для бягучага палітычнага жыцця: "Бел-чырвона-белы сцяг як гісторыка-культурная каштоўнасць: крытэрыі, сацыяльныя функцыі, пытанні надання статусу" (Аляксандр Кур'яновіч), "Беларускі сектар Чарнобыльскай зоны як аб'ект турызму" (Яўген Кавалёў), "Захаванне памяці. Курапаты" (Зінаіда Тарасевіч).

 

Алег Трусаў на секцыі "Археалагічнае вывучэнне помнікаў беларускага мураванага дойлідства XІ–XII стагоддзяў у ХХ стагоддзі"

Алег Трусаў на секцыі

Алег Трусаў на секцыі "Археалагічнае вывучэнне помнікаў беларускага мураванага дойлідства XІ–XII стагоддзяў у ХХ стагоддзі"

 

Супрацоўніцтва грамадскай супольнасці і дзяржавы ў Беларусі развіта не надта, і гэта зразумела: аўтарытарная сістэма нялёгка аддае права прыняцця самых дробных рашэнняў непадкантрольным супольнасцям. Аб нюансах удзелу НДА і дзяржустановаў у сумесных праектах НЧ паразмаўляў з Наталляй Хвір, начальніцай Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.


— У сферы ахове гісторыка-культурнай спадчыны дзяржаўныя структуры і НДА сёння канкуруюць, ці хутчэй узаемна дапаўняюць адзін аднаго?
— Не, яны мусяць узаемна дапаўняць адзін аднаго. І сённяшнія мерапрыемствы — прыклад таму. Міністэрства культуры актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах такога кшталту. Мы павінны дзейнічаць сумесна. І вось у сённяшнім вітальным лісце ад міністра культуры аб гэтым сказана: мы мусім супрацоўнічаць, а не канкураваць адзін з адным.

— Як думаеце, НДА сваю ролю ў ахове беларускай спадчыны выконваюць на 100%, ці недзе недапрацоўваюць? Бо на адрас дзяржаўных установаў хапае крытыкі. Што б вы параілі НДА для больш плённай працы?
— Я не хачу крытыкаваць працу НДА, і не валодаю поўнай інфармацыяй, дзе ёсць іхнія недапрацоўкі, але магу прывесці канкрэтны прыклад: у нас была створаная грамадская назіральная камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Яна была створаная ў 2008 годзе згодна з Законам Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Камісія павінна была сачыць за выкананнем патрабаванняў заканадаўства ў галіне захавання спадчыны — сачыць з боку грамадства. Было створана палажэнне аб гэтай грамадскай камісіі. Ёй былі дадзеныя поўныя паўнамоцтвы, у тым ліку па кантролю адпавядання заканадаўству. Яны маглі выходзіць на аб'екты (са згоды ўласніка) і складаць планы кантралюючых мерапрыемстваў. На жаль, такая работа актыўна не праводзілася.

— А хто ўвайшоў у склад гэтай камісіі?
— Зараз мы склад мяняем, робім новы склад. Раней туды ўваходзілі прадстаўнікі такіх аб'яднанняў як Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Гісторыка (моладзевае грамадскае аб'яднанне. — заўв. НЧ), ICOMOS яшчэ быў (Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Беларускі камітэт ІКАМОС». — заўв. НЧ), прадстаўнікі Беларускага фонду культуры і іншыя. Усяго было 10 чалавек, і адзін прадстаўнік дзяржавы — прадстаўнік Мінкульту. На сённяшні дзень мы разаслалі лісты з прапановамі іншым грамадскім арганізацыям. Таварыству беларускай мовы таксама прапанавалі. І я б хацела каб у галіне аховы грамадская спадчыны грамадства прымала большы ўдзел. Я разумею, зараз і лісты прыходзяць са скаргамі, з нейкай незадаволенасцю нашай працай. Я не буду казаць, што яны не маюць рацыі. Але не заўсёды трэба скардзіцца. Бываюць моманты, калі проста трэба працаваць разам. І мы гатовыя да такой супрацы.

— Можаце назваць адзін-тры галоўных, прыярытэтных напрамкаў працы вашага Упраўлення? Тое што ў вас непасрэдна на кантролі.
— Першае, як я ўжо сказала: я хачу, каб праца Мінкульту стала агульнавядомай. Каб мы сумесна з грамадствам разглядалі пытанні, якія хвалююць усіх. Я з першага сакавіка толькі ўзначальваю ўпраўлення, і мне хацелася б каб болей актыўна праходзілі мерапрыемствы з удзелам дзяржавы.
І другі напрамак, мой асабісты. На сённяшні дзень у дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў вельмі шмат матэрыяльных аб'ектаў. Мне хацелася б, каб быў пашыраны пералік нематэрыяльных праяваў творчасці чалавека. Гэта тое, пра што гаварыла Ала Барысаўна Сташкевіч. І я буду актыўна працаваць у гэтым напрамку.
І яшчэ мы будзем уносіць змены ў Кодэкс аб культуры. Літаральна 19 верасня адбудзецца пасяджэнне працоўнай групы, якую мы стварылі і на якую мы запросім усіх зацікаўленых.

— Міхаіл Пастухоў сёння казаў пра гістарычныя сімвалы Беларусі: "Пагоню" і бел-чырвона-белы сцяг. У свой час быў збор подпісаў па наданню бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці (актывісты сабралі на карысць гэтага 10 тысяч подпісаў). Наколькі я ведаю, Міністэрства культуры адмовіла. А як вы лічыце, мусіць быць гэты сімвал у пераліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў?
— Тая прапанова, што была прадстаўленая ў Міністэрства культуры, на жаль, была падрыхтаваная не вельмі добра, і з навуковага пункту гледжання (ёсць адпаведнае заключэнне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) і, я думаю, яна мусіць быць дапрацаваная. Па-другое, не Міністэрства культуры адмаўляе, а пытанне прымаецца калегіяльным органам, Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай пры Міністэрстве культуры.

— І вы ў такім калегіяльным органе прагаласавалі б "за" ці "супраць" такога рашэння?

— Справа ў тым, што рашэнне прымаецца не на падставе меркавання аднаго чалавека. Маё асабістае меркаванне: я лічу, што, калі ўсё гэта будзе ўсё нармальна аформлена, мы можам такія пытанні разглядаць на радзе. Я б прасіла правільна мяне зразумець: я не супраць, і мы на сённяшні дзень гатовыя разглядаць усе прапановы, падрыхтаваныя належным чынам, якія будуць прадстаўляцца ў Міністэрства культуры.
Фота і тэкст: Мікалай Дзядок для сайта газеты "Новы час"

← вярнуцца ў навіны