Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У мінскім садку запрацавала рознаўзроставая беларускамоўная група

2019.09.05 0

 Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: rebenok.by

Як паведамляе Наша ніва, у садку на Каліноўскага ў Мінску запрацавала рознаўзроставая беларускамоўная група. Бацькі вельмі задаволеныя.

Пра планы адкрыць рознаўзроставую беларускамоўную групу ў мінскім садку №210 бацькі паведамлялі яшчэ ў красавіку. Цяпер новую групу наведваюць 9 дзяцей.

"Учора быў першы дзень, бацькі вельмі задаволеныя і выхавацелькамі (абедзве цудоўна ведаюць беларускую мову, камунікуюць выдатна), і ўмовамі — у памяшканні зрабілі добры рамонт", — расказвае Вольга Кавальчук, якая была адной з ініцыятарак стварэння групы.

Да групы яшчэ можна далучыцца — накіраванні будуць выдавацца ўвесь верасень. Але для гэтага трэба стаяць на чарзе ў садок у Першамайскім раёне.

"Ведаю, што ўжо з суседніх груп ёсць жадаючыя перавесціся. І рускамоўныя бацькі хочуць, каб іх дзеці патрапілі ў гэту групу, бо там створаны добрыя ўмовы", — дзеліцца Вольга.

Адкрыццё новай беларускамоўнай групы не абышлося без скандалу. Справа ў тым, што ў 210-м садку ўжо працавала група, дзе навучанне вялося на роднай мове, і бацькі, чые дзеці хадзілі туды, перажывалі, што яе распусцяць.

У выніку існуючую групу не расфарміравалі. Дзеці займаюцца ў тым жа пакоі. Але выхавацелек ім далі новых, а ранейшых перавялі ў новую групу.

Для тых бацькоў, хто хацеў бы, каб дзіця навучалася ў садку на роднай мове, Вольга тлумачыць алгарытм дзеянняў. Для пачатку трэба знайсці такіх жа ахвотных сярод іншых: для адкрыцця рознаўроставай групы патрэбна мінімум 12 дзяцей, калі аднаго ўзросту — 20. Пасля скласці калектыўную заяву і аднесці ва ўпраўленне адукацыі адміністрацыі раёна.

"Гэта неабходна зрабіць да новага года. Напрыклад, калі вы збіраецеся аддаць дзіця ў садок восенню 2020-га, то не пазней за снежань трэба падаць заяву", — раіць жанчына.

NN.by


← вярнуцца ў навіны