Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Размова журналісткі Марыны Коктыш і старшыні ТБМ Алены Анісім

2019.08.26 1

 Выява мае ілюстратыўны характар.

За кубкам кавы са старшынёй Таварыства беларускай мовы і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аленай Анісім мы паспелі пагаварыць не толькі пра палітыку, але і пра хатнія справы, хваробы, мужчын і каханне.

1000 еўра за арэнду офіса
 
-- Cпадарыня Алена, ведаю, што вы зараз у адпачынку. Чаму не на моры?
-- Дактары не надта рэкамендавалі ездзіць па сонечных мясцінах. Я вельмі люблю быць з унучкай – ёй хутка восем. Ну і хочацца правесці яркую кампанію ў парламент, неабходна трохі часу на тое, каб яе прадумаць…
-- Літаральна днямі чытала выказванне Анатоля Лябедзькі наконт таго, што ў вас неблагія шанцы апынуцца ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў: «Такі тып палітыка сёння даволі запатрабаваны…»
-- Усё, што ад мяне залежыць, -- зраблю. Я працую амаль круглыя суткі. І ўвогуле, не выпадаю з працэсу, увесь час на віду. Бывае, магу ўзяць нейкі тайм-аўт і не з’яўляцца ў публічным полі, але гэта не значыць, што я не працую. І такі тып палітыка ў большай ці меншай ступені сапраўды заўсёды будзе запатрабаваны.
Бяда наша ў тым, што зачышчанае палітычнае поле не дазваляла ў поўнай меры рэалізаваць свой патэнцыял ні таму ж Лябедзьку, ні кіраўнікам палітычных партый, ні грамадскім дзеячам. Мне асабліва прыкра назіраць за тым, што адбываецца сёння з Партыяй БНФ. Яны не могуць нават эле ментарна забяспечыць функцыянальнасць офіса!
-- Але ж не так даўно і ТБМ перажывала не лепшыя часы і таксама прасіла фінансавай дапамогі… Дарэчы, як зараз сітуацыя? І колькі вы плаціце за арэнду офіса?
-- Прыкладна 1000 долараў, калі з камунальнымі – 1000 еўра. Гэта дастаткова сур’ёзная сума для грамадскага аб’яднання, якое існуе за кошт ахвяраванняў у асноўным прыватных асоб. Канешне, мы таксама шукаем сродкі, робім нейкія праекты, каб зарабляць грошы.
Ну і я вельмі спадзяюся, што ў 2020 годзе ў нас пачне працаваць Універсітэт імя Ніла Гілевіча. Думаю, нам не адмовяць у ліцэнзіі. Мы здолеем арганізаваць сучасны працэс навучання.
-- А памяшканне?
-- Гэта не праблема. У нас ёсць некалькі прапаноў. Справа ў тым, што ў некаторых універсітэтаў ёсць лішнія плошчы, бо прыватныя ВНУ зараз пастаўлены ў такія межы, што не могуць набраць студэнтаў столькі, колькі хочуць. Ім проста не даюць гэтага зрабіць. А плошчы ёсць, і яны гатовы на іх пусціць наш універсітэт. Акрамя таго, ёсць і дзяржаўныя ўстановы, прыстасаваныя для навучання. Для атрымання ліцэнзіі мы прад’яўляем дамову аб намерах, якая сведчыць, што ў нас ёсць месца для навучання студэнтаў.
Спадзяюся, пытанне па ліцэнзіі будзе вырашана на працягу двух месяцаў. І тады з наступнага года распачнём набор студэнтаў. Дый мы хоць сёння гатовы! І выкладчыкі ў нас выбітныя, дактары і кандыдаты навук.
-- Але ж наўрад ці яны будуць працаваць бясплатна…
-- Навучанне ў нас будзе платнае. Мы бачым, як сёння растуць кошты на навучанне ў дзяржаўных ВНУ. Мы не ставім задачу звышпрыбыткаў, для нас галоўнае -- забяспечыць дастойны заробак выкладчыкам і сучасны ўзровень ведаў. Хочацца, каб нашы студэнты, атрымаўшы дыплом, ясна бачылі сваю будучыню. Няхай брэшуць!.. А я буду рушыць свой караван.
 
Няхай брэшуць!
 
-- Кажуць, ужо сёння ў Адміністрацыі прэзідэнта фарміруецца спіс тых, хто павінен перамагчы на выбарах…
-- Прычым у першую чаргу разглядаюцца тыя дэпутаты, якія працуюць у сённяшнім складзе Палаты прадстаўнікоў. Бо касцяк жа павінен захавацца.
Думаю, было б добра, калі б у парламент трапілі прадстаўнікі грамадскага сектара, незалежных палітычных партый. Гэта людзі, якія сапраўды ўмеюць працаваць.
Усе бачаць, што сёння ёсць вялікі недахоп ініцыятывы. І адна справа, калі ў парламент прыходзяць дэпутаты, якія гатовы генерыраваць ідэі, нешта паляпшаць, прапаноўваць. І зусім іншае, калі дэпутат чакае, калі яму прынясуць тэкст, які ён з важным выглядам агучыць ля мікрафона. Такія людзі ў Палаце прадстаўнікоў таксама ёсць…
-- Некаторыя вас жорстка крытыкуюць за працу ў парламенце. Маўляў, не адчуваецца наступальнасці ў адстойванні прынцыповых пазіцый.
-- Па першым часе вельмі хваравіта ўспрымала такую крытыку. А цяпер проста ніяк не рэагую. Бо паглядзела, што многія з тых, хто кідае розныя папрокі на мой адрас, знаходзяцца ў варожым лагеры. Прычым не да мяне, а да Беларусі і беларушчыны.
Я ніколі не сядзела ў Палаце прадстаўнікоў ціхенька. Нават прапаноўвала Уладзіміру Андрэйчанку правесці пасяджэнне і абмеркаваць, як жывуць людзі, якія праблемы іх хвалююць, якая ў нас сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне, тым больш што ўсе дэпутаты якраз толькі прыехалі са сваіх акруг. «Не, гэта не патрэбна!» Прэзідэнт гаворыць, што парламент павінен быць трыбунай, але кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў так не лічыць.
-- Дарэчы, пытанне наконт прамых трансляцый з сесій так і не вырашылася?
-- А яно і не будзе вырашацца. Справа ў тым, што ўся праца настолькі фармалізавана… Ніхто з дэпутатаў не будзе экспромтам палымяна выступаць, нешта адстойваць. Адзінкі, магчыма…
-- Якія ў вас сёння адносіны з апазіцыяй? Пытаюся таму, што Ганна Канапацкая скардзіцца: АГП спыніла з ёй супрацоўніцтва...
-- Абсалютна нармальныя! Можа, яны нават больш канкрэтызаваліся.
-- Калі зоркі сыдуцца так, што вы не трапіце ў парламент, што тады? Ці маеце вы план Б?
-- Нічога не зменіцца ад таго, буду я дэпутатам альбо не. Дэпутацтва дае магчымасці, але пры гэтым яно і скоўвае твае дзеянні. Без дэпутацкага статусу ты сам сабе можаш дазволіць больш. Я застаюся старшынёй ТБМ, мы будзем ствараць універсітэт і вырашаць іншыя пытанні, якія будуць у цэнтры нашай увагі. Разлічваю, што тыя знаёмствы і сувязі, якія маю сёння і як старшыня ТБМ, і як дэпутат, дазволяць мне ў любым выпадку рабіць сваю справу.
-- Вы казалі, што па натуры зусім не ваяр. Але пры гэтым заявілі, што будзеце балатавацца ў прэзідэнты.
-- Так. У Беларусі сёння ніхто, акрамя Лукашэнкі, прама і адкрыта не заяўляе аб неабходнасці бараніць Беларусь. Я лічу, што трэба кожны дзень адстойваць незалежнасць краіны.
-- Вы шчыра верыце, што зможаце зламаць сістэму, перамагчы Лукашэнку? Ці вам патрэбны толькі факт у біяграфіі – экс- кандыдат у прэзідэнты?
-- Праца павінна быць не на радок у біяграфіі, а на сваю краіну. Калі асноўная мэта – Беларусь, то не так і важна, хто пераможа. Галоўнае – курс на Беларусь як моцную краіну.
-- Вас ужо сёння называюць спарынг-партнёрам Лукашэнкі, кажуць, што вы легалізуеце выбары, зробіце іх больш дэмакратычнымі…
-- Ну а калі выбары адбудуцца толькі з удзелам Лукашэнкі, Гайдукевіча і некага з «Гавары праўду!»? І народ кагосьці з гэтых кандыдатаў абярэ, што далей? Для мяне спарынг-партнёр -- гэта той, хто заключае дамову з уладай (вусную, пісьмовую альбо публічную), што ён гатовы ўдзельнічаць на пэўных умовах, за намаляваныя подпісы ці яшчэ нейкія бонусы ў будучыні. Я такіх дамоў ні з кім не заключала. Не хачу займацца змаганнем з ценямі ці будаваць замкі на пяску. Пакуль трэба збіраць каманду, потым – збіраць подпісы.
-- А вы не баіцеся, што вас проста выкарыстаюць як статыста ў нечай гульні?
-- Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць. З іншага боку, я ж таксама магу выкарыстоўваць – і свой статус кандыдата ў дэпутаты ці на пасаду прэзідэнта, і сітуацыю. Мне здаецца, гэта абсалютная аксіёма палітычнай барацьбы.
-- Вы збіраецеся ўносіць у Палату прадстаўнікоў прынцыповы законапраект аб адмене смяротнага пакарання…
-- Так. Накіравала яго на разгляд у Міністэрства ўнутраных спраў і Мінюст. І папрасіла Алеся Бяляцкага і незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваць сваё абгрунтаванне гэтага законапраекта, каб я магла потым яго таксама прыкласці да праекта закона. Мая задача – дамагчыся, каб гэты законапраект быў у Палаце прадстаўнікоў. Таму і аргументы мне патрэбны жалезныя!

Марцыпанаў не трэба
 
-- Дэпутацкая праца – даволі напружаная. І паездкі, і сустрэчы з выбаршчыкамі. а ў вас яшчэ і грамадская праца ў ТБМ. Ці паспяваеце займацца хатняй гаспадаркай? І колькі гадзін вы спіце?
-- Канешне, паспяваю! І сплю нармальна. Калі б мала спала, то, відаць, была б непрацаздольная.
-- Вы самі гатуеце-прыбіраеце ці маеце памочнікаў?
-- Калі ў мяне вечарам няма ніякіх прыёмаў і мерапрыемстваў, значыць, я дома гатую. Не тое, каб я нейкія стравы гатавала, але ёсць тое, што любяць мае хлопцы: мяса, рыба... Гатую па тых рэцэптах, што мне падабаюцца. Але мае хлопцы – ўсёедныя.
-- Вы разам з сынамі жывяце?
-- З намі адзін толькі сын застаўся, сярэдні. Меншы з дзяўчынай здымаюць кватэру і, напэўна, рыхтуюцца да шлюбу. Старэйшы даўно адасобіўся. Сярэдні сын зараз працуе на будоўлі, яму трэба і ссабойку, і дома паесці прыгатаваць. Маім хлопцам марцыпанаў не трэба. А згатаваць аладкі ці перцы фаршыраваныя для мяне не праблема. Ну, і калі дзень на працы прайшоў удала, то і вечарам дома робіш усё з настроем.
-- У адным інтэрв’ю вы казалі, што хацелі б памяняць машыну. атрымалася?
-- Пакуль не. Мару давялося часова адкласці. Можна, канешне, і зараз памяняць быка на індыка, але навошта? Калі мяняць, то набываць ужо новую, з салона, каб гадоў пяць увогуле ні пра што не думаць. Але планы на новае аўто можа перабіць вяселле малодшага сына. Трэба нешта будзе думаць пра жыллё, бо ўсім разам жыць – цяжкавата. А кватэру пабудаваць фінансава праблемна. Можа, домік вясковы набыць у прылеглай зоне… Карацей, думаем.
-- Муж вас не раўнуе да грамадскага жыцця?
Ёсць крыху…
-- Ён працуе?
-- Не, на пенсіі. І можа дазволіць сабе пасярод тыдня паехаць у вёску, займацца агуркамі-памідорамі, садам. Ён атрымлівае радасць ад звычайных рэчаў. А да грамадскага жыцця душа ў яго зусім не ляжыць.
-- Але вы разумееце, што, калі пойдзеце на прэзідэнцкія выбары, вашы стасункі будуць разбіраць на малекулы! Ці гатова ваша сям’я да такой увагі?
Я калі-нікалі гэта ўсё кажу і мужу, і дзецям. Аднак спадзяюся, што тыя часы, калі наязджалі на дзяцей, на сваякоў, мінулі. Хаця трэба, канешне, быць гатовай да ўсяго. Між іншым, я не выключаю, што Аляксандр Рыгоравіч чакае зручнай магчымасці адысці ад улады.
-- А мне падаецца, што не гэтым разам.
-- Усе жывыя людзі… І пытанні здароўя – яны рана ці позна хвалююць кожнага… А тое, што будуць разглядаць пад мікраскопам, – ну дык я не анёл! Жывы чалавек. Хоць і імкнешся быць ідэальнай, але я не ідэальная…
-- У вас шчаслівы шлюб?
-- Звычайны. Быў перыяд вельмі рамантычных адносін. Быў перыяд чыста бытавы. Былі перыяды канфліктныя…
-- Ці захапляліся вы іншымі мужчынамі?
-- Публічных раманаў не было, але ўсе людзі эмацыянальныя… У кожнай жанчыны, відаць, ёсць ідэал мужчыны: каб не піў, не курыў, табакі не нюхаў, чужых жонак не любіў, адну мяне слухаў…
-- Ваш муж падпадае пад гэты крытэрый?
-- Не курыць, табакі не нюхае. На чужых жонак асабліва не заглядаецца. А выпіць можа, калі вельмі захочацца. Мне даводзілася некаторыя рэчы іншым часам яму і даказваць, і не пагаджацца. Але вельмі ўдзячная свайму мужу за тое, што, калі пачала размаўляць па-беларуску, ён мяне падтрымаў.
-- А ён хіба не па-беларуску?
-- Не. І мне гэта дзіўна, бо сам ён з вёскі. Але, прайшоўшы праз войска, праз мехмат, ён не мае такога, каб за беларускасць пера- конваць усіх і кожнага.
-- Але ж ён, напэўна, і не за «русский мир»?
-- Хай паспрабуе толькі! У нас палітычныя погляды могуць не супадаць на 100 працэнтаў, але я ад яго бяру на ўзбраенне некаторыя чыста мужчынскія падыходы да жыцця. У яго ёсць такі ўнутраны спакой… Пры гэтым, я кажу, у нас далёка не ідэальны шлюб. І хто яго ведае, можа, таму я і пайшла рэалізоўваць сябе ў грамадскую і палітычную дзейнасць. Калі жан- чына адчувае, што здольная на нешта большае…
-- З чаго складаецца ваша валізка шчасця?
-- Усё вельмі проста. Мне хочацца быць задаволенай сабой. Гэта тычыцца і знешнасці, і настрою, і рэалізацыі сябе, і дачыненняў з іншымі людзьмі. Мне камфортна, калі я знаходжу паразуменне з людзьмі. Не люблю канфлікты. Я па гараскопе Шалі, а гэта вельмі дыпламатычны знак.
“На воку знайшлі анкалогію…”
-- Апошнім часам вы часта мяняліся. быў час, калі вы набралі вагу…
-- Гэта не ад мяне залежала. Быў гарманальны збой, выкліканы новаўтварэннем на левым наднырачніку. У той час я вельмі дрэнна сябе адчувала. Мне ставілі розныя складаныя дыягназы, у рэшце рэшт я лягла ў лечкамісію. Паралельна ў Бараўлянах мне зрабілі аперацыю на воку.
-- Не анкалогія хоць?
-- Анкалогія. Але своечасова зрабілі, таму ўсё нармальна. Абышлося без хіміі, але з апраменьваннем. Па сённяшнім часе можна сказаць, што я яшчэ лёгка выслізгнула. А потым, на пачатку снежня, мне зрабілі аперацыю на нырках, выдалілі грыжу.
-- Быў цяжкі перыяд рэабілітацыі?
-- Думала, будзе лягчэй, але не абышлося без ускладненняў. Аднак з цягам часу пачала аднаўляцца.
-- Зараз вы заўважна схуднелі. Нешта робіце спецыяльнае – спорт, ежа?
-- Не. Проста арганізм нарэшце стаў прыходзіць у норму пасля таго, як было выдалена тое, што замінала нармальнай працы. Спадзяюся, што яшчэ кілаграмаў пяць скіну.
-- Быў час, калі вы на публіцы з’яўляліся ў парыку. Выказваліся розныя версіі: хімія альбо новы імідж?
-- Так было задумана! Каб людзі пагаварылі… Я якраз вый- шла з адпачынку ў новым іміджы. І гэта была глеба для размоў. Дарэчы, не выключаю, што і пасля гэтага адпачынку зноў нешта памяняю ў сваёй знешнасці.
-- Любіце эксперыменты?
-- Вельмі. У мяне былі і зусім кароткія стрыжкі, і карэ на нож- цы. Я люблю мяняцца.
-- Вы карыстаецеся паслугамі стылістаў?
-- На жаль, пакуль не дайшла да гэтага. Але, магчыма, паспрабую. Што тычыцца знешнасці, то я не рабіла ніякіх уколаў прыгажосці, падцяжак. Адзінае, калі ішла на аперацыю, спыталася ў хірурга: можа, адразу і ліпасакцыю зробім? Ён, канешне, пасмяяўся, але ліпасакцыя не спатрэбілася. Не магу сказаць, што на 100 працэнтаў задаволена сабой. У планах ёсць яшчэ праца ў гэтым накірунку: можа, фітнес, можа, танцы. Для душы і для сябе – гэта проста неабходна!
-- У гэтым годзе вам 57…
-- Мае гады – маё багацце!
Гутарыла Марына КОКТЫШ

Каментары

Госць 2019-08-26 17:36:27

"У Беларусі сёння ніхто, акрамя Лукашэнкі, прама і адкрыта не заяўляе аб неабходнасці бараніць Беларусь." От-цо-да! Ніхто? З палітыкаў - як мінімум Мікола Статкевіч і Павел Севярынец заяўлялі. Прычым шмат разоў за апошні год, іх немагчыма было не пачуць.


← вярнуцца ў навіны