Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

На YouTube з'явіўся канал з караоке па-беларуску

2019.08.23 0

Дзе можна знайсці караоке па-беларуску? Днямі з’явіўся адмысловы канал на YouTubе, стваральнік якога плануе папаўняць яго новымі песнямі для дзяцей і дарослых.

Кажа стваральнік суполкі "Беларускае караоке" Лявон Спірыдонаў:
 
На мінулым тыдні я наведаў маіх пляменніц, ім 4 ды 6 годзікаў. Мы разам спявалі караоке і, на жаль, іхняга ўлюбёнага "Дзеда-Барадзеда" не знайшлі. І ўвогуле аказалася, што беларускамоўнага караоке вельмі мала. Вярнуўшыся дахаты, я пачаў працу і ўжо зрабіў шэсць відэакліпаў, сярод якіх ёсць і "Дзед-Барадзед". Буду вельмі шчаслівы, калі людзі будуць падпісвацца да маёй суполкі, звяртацца да мяне са сваімі пажаданнямі і просьбамі, думаю, гэта будзе мяне яшчэ мацней матываваць.

На канале плануецца размяшчэнне як беларускіх песень, так і сусветна вядомых хітоў у перакладзе на беларускую мову. Словы падаюцца кірыліцай і лацінкай, дадае Лявон Спірыдонаў:
 
— Як заўсёды, спачатку стаяла экзістэнцыяльнае пытанне кожнага беларуса: якім правапісам пісаць? Прыняў рашэнне выкарыстаць абодва: кірыліцу пішу афіцыйным правапісам, лацінку – так званай тарашкевіцай. Чаму лацінка? Па-першае, як мне здаецца, гэта модна, асабліва ў тынэйджарскім узросце. Па-другое, існуюць замежнікі, якія цікавяцца іншымі культурамі і мовамі, у тым ліку, беларускай. Дык лацінка спросціць ім успрыманне беларускай мовы.

Пакуль у Беларусі фактычна не існуе караоке па-беларуску. Лявон Спірыдонаў спадзяецца, што намаганнямі ўсіх зацікаўленых сітуацыю можна змяніць да лепшага.
 
Паводле Ганны Комінч, racyja.com

 


← вярнуцца ў навіны