Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Аршанцы збіраюць подпісы, каб вярнуць беларускую мову ў грамадскі транспарт

2019.08.16 0

  Выява мае ілюстрацыйны характар. Крыніца euroradio.fm

На сайце petitions.by з'явілася петыцыя, аўтары якой заклікаюць вярнуць беларускую мову ў грамадскі транспарт Воршы. Пакуль падпісалася 225 чалавек, петыцыя будзе накіраваная ў Аршанскі райвыканкам праз 4 дні.

Як паведамляецца ў петыцыі "Грамадскі транспарт Воршы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае расейскую мову ў сваёй працы. Беларуская мова, на якой раней аб'яўляліся прыпынкі ў аўтобусах, адсутнічае як у абвестках, так і ў раскладах на саміх прыпыначных пунктах. У той момант, калі ў іншых гарадах Беларусі прыпынкі аб'яўляюцца і падпісваюцца на беларускай мове, у Воршы гэтага няма, сустрэчы з кіраўніцтвам аўтапарку і звароты туды не далі плёну. Размовы пра захаванне спадчыны, традыцый, выступы з заклікамі пра пашану да малой радзімы не маюць ніякага сэнсу, калі родная беларуская мова выціснутая з усіх сфераў жыцця ў Воршы і Аршанскім раёне.

Патрабуем вярнуць беларускую мову ў грамадскі транспарт горада Воршы!"

Гэта ўжо не першая спроба жыхароў Воршы беларусізаваць сферу грамадскага транспарту ў родным горадзе і раёне. Раней “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” выказваў нават гатоўнасць супрацоўнічаць у гэтым пытанні, але далей за “гатоўнасць” справа не пайшла.

Напярэдадні з'яўлення петыцыі адказ на падобны зварот у райвыканкам атрымаў аршанскі актывіст Арцём Сізінцаў. Першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкаму Сяргей Пац у сваім адказе спасылаецца на Канстытуцыю і дзве дзяржаўныя мовы – беларускую і рускую.

 “Раней у гарадскім грамадскім транспарце Воршы прыпыначныя пункты аб’яўляліся на беларускай мове. Аднак па шматлікіх зваротах, якія паступаюць на адрас філіяла “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” і Аршанскі райвыканкам, было прынятае рашэнне аб’яўляць прыпыначныя пункты на рускай мове”, – адказаў чыноўнік.
 
“Адказ за подпісам намесніка старшыні выканкама спадара Паца, які адказвае за транспартную галіну, нічым не здзівіў – усё гэта можна было прадугледзець. Дзве дзяржаўныя мовы, “заўвагу прынялі да ведама” і таму падобная вада. Пры маіх ранейшых зваротах наконт сымболікі чужой дзяржавы – Расеі – у адказах прынамсі пісалася пра правядзенне “тлумачальных гутарак”, цяпер і гэтага няма. А расейскія сцягі сустракаюцца (у аўтобусах) рэгулярна, у адным прыбяруць, у другім з'явяцца. Гэта сведчыць пра тое, што на агульных сходах ніхто нават гутарак, не тое што мэтанакіраванай палітыкі, не праводзіць”, – пракаментаваў адказ Паца Арцём Сізінцаў.
 
Крыніцы:  vitebskspring.org і novychas.by

 


← вярнуцца ў навіны