Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алена Пятровіч, перакладчыца Гары Потара на беларускую, дала інтэрвью "Радыё Свабода"

2019.06.20 0

На сайце svaboda.org з'явілася вялікае інтэрвью з Аленай Пятровіч, перакладчыцай першага рамана Джоан Роўлінг. Спн. Алена распавяла, чаму вырашыла перакласці "Гары Потара", як перапісвалася з праваўладальнікамі і ці будзе абеларушваць тэкст.

Дадзенае інтэрвью ўзятае з svaboda.org. Правапіс першакрыніцы захаваны.

Алена Пятровіч

 
перакладае з ангельскай, польскай, украінскай моваў, выкладае на філфаку БДУ. У яе перакладзе выйшаў раман Рышарда Капусьціньскага «Падарожжы з Герадотам». Дзесяць гадоў Алена ўваходзіць у рэдкалегію часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісьвет».

— Чаму вы ўзяліся за пераклад «Гары Потэра»? Гэта ж цяжка, доўга і вельмі адказна.

 

— Гэта доўгая гісторыя (сьмяецца). Калі я вучылася ў школе і пачаў выходзіць «Гары Потэр» у расейскіх перакладах, я думала, што я занадта дарослая, каб чытаць такую літаратуру. Але ў 26–27 год гэтыя кнігі трапілі да мяне зноў, і ўжо ў такім больш-менш дарослым узросьце я імі праніклася.

Зацікавілі кручкі, якія пакідала Роўлінг у першых кнігах, каб вярнуцца да іх потым, тое, наколькі добра прадуманы сюжэт і як тлумачацца многія рэчы. Хоць фанаты знайшлі некалькі нестыковак, мяне гэтыя кнігі захапляюць, як пазл.

Вырашыла перакладаць, бо я добра арыентуюся ў гэтым сусьвеце. Я разумела, што гэты праект практычна не ажыцьцяўляльны праз правы, праз тое, што гэта сур’ёзнае выдавецтва. Таму я да гэтага сур’ёзна ня ставілася.

Але год таму я даведалася, што ў паветры лунае ідэя выданьня беларускага перакладу «Гары Потэра». Тады я сама зьвярнулася да выдаўца, пра якога хадзілі такія чуткі, і сказала, што вось я, ваша перакладчыца.

Празь нейкі час прадстаўнікі выдавецтва паведамілі, што яны зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, але кандыдатуру перакладчыка зацьвярджае Bloomsbury [брытанскае кніжнае выдавецтва. — РС.]. Я, ні на што не спадзеючыся, пачала перакладаць першую частку «Гары Потэра» яшчэ амаль год таму і чакала адказу выдавецтва. А потым мяне зацьвердзілі ў якасьці перакладчыцы.

 

— Выхад кнігі ў беларускім перакладзе плянуецца на сьнежань. А пра тое, што яна выйдзе, стала вядома ў траўні. То бок у вас ужо была частка перакладзеная?

— Так, калі мяне зацьвердзілі, паўкнігі ўжо было перакладзена. Я цяпер працую сур’ёзна над тэкстам, каб да мяне было мінімальна прэтэнзій. Яны ўсё роўна будуць, і я гэта разумею. Мне засталося вырашыць самыя складаныя пытаньні, тыпу — перакладаць ці не перакладаць імя, што рабіць з алюзіяй на твор. Гэта складана, калі твор, да якога ёсьць адсылка, не перакладзены на беларускую. Альбо калі пераклад ёсьць, але не захаваная структура назвы тэксту, а спасылка ідзе менавіта на назву, то бок на беларускай гучыць па-іншаму.

— Ёсьць два афіцыйныя пераклады сэрыі кніг «Гары Потэра» на расейскую мову: пераклады выдавецтваў «РОСМЭН» і «Махаон». Дагэтуль вядуцца дыскусіі пра тое, які пераклад больш удалы, хоць, безумоўна, у абодвух ёсьць свае недасканаласьці.

 

— Цяжка сказаць, бо я разумею, у якіх умовах працавалі перакладчыкі РОСМЭН. Яны рабілі гэта вельмі хутка, таму якасьць тэксту пацярпела. Сьпівак [перакладчыца «Махаона». — РС.], я думаю, перакладала ў больш камфортных умовах. Да таго ж былі вядомыя хібы першага перакладу, якія маглі быць улічаныя ў іншых працах. Павінна сказаць, што Зладзеюса Зьлея ў маім перакладзе ня будзе [сьмяецца. — РС.]. Ёсьць таксама і народны пераклад, ня самы благі. У ім улічылі хібы Сьпівак і РОСМЭН. Але мне цяжка выставіць камусьці балы.

Цяпер я даволі шмат чытаю пра асобныя рашэньні ў францускіх, нямецкіх перакладах. Як адно і тое ж імя, напрыклад, перадаюць на той ці іншай мове. Я б сказала, што многія рэчы не ідэальныя.

Увогуле мастацкі пераклад немагчыма зрабіць так, каб ён падабаўся ўсім. Усё адно штосьці кагосьці не задаволіць, асабліва калі гэта нейкі вядомы твор. У кожнага будзе свая думка. У сеціве зараз можна знайсьці шмат інфармацыі навуковага пляну, якая тычыцца калямоўных, калялітаратурных рэчаў, напрыклад, этымалёгіі імёнаў у «Гары Потэры».

— Сьпівак крытыкуюць за «абрусеньне» кнігі, таго ж Зладзеюса Зьлея, які, дзякуй богу, так і ня трапіў у канчатковы варыянт. Алена, вы будзеце абеларушваць «Гары Потэра», і калі так, то ў якой ступені?

 

— Мінімальна буду абеларушваць, калі і буду. На гэтае пытаньне я ўжо адказвала самім праваўладальнікам. У нас была перапіска, і яны хацелі ўпэўніцца, што я не сапсую тэкст [сьмяецца. — РС.]. Я крыху тлумачыла сваю пазыцыю, якую, як я зразумела, яны ўхвалілі.

У прынцыпе, «Гары Потэр» — гэта вельмі брытанскі твор. Нягледзячы на тое, што дзеяньне адбываецца ў школе чарадзейства, мы ведаем, што яна знаходзіцца ў Брытаніі. Да прыкладу, усе стравы, што апісваюцца ў кнізе, збольшага брытанскія. Я не зьбіраюся зь іх рабіць дранікі і бабку, умоўна кажучы.

Справа ў тым, што мы ўжо існуем у кантэксьце гэтага твору. Ясна, што будуць людзі, якія прачытаюць гэты твор упершыню, і, можа, нават па-беларуску. І я на гэта спадзяюся. Але ёсьць людзі, якія ўжо чыталі гэты тэкст, якія ўжо ўяўляюць яго больш-менш, і рабіць яго беларускім для іх непатрэбна. Больш за тое, для будучых маладых людзей гэта, магчыма, таксама няважна.

Мы больш не жывём у закрытым сьвеце, дзе мы можам пазнаваць штосьці выключна празь сябе і сваю культуру. Мы ад нараджэньня ведаем, што ёсьць шмат культур, і пагрузіцца ў новую, здаецца, больш не праблема.

У кнізе ёсьць пара момантаў, дзе сытуацыя вымушае нейкую слоўную гульню з прозьвішчам, празь якую давядзецца абеларушваць тэкст. Але я хачу, каб твор застаўся брытанскім. Я разумею, што мяне будуць крытыкаваць. Хтосьці прызвычаіўся да Даўгапупса, але Даўгапупса там ня будзе. Я ўвогуле не разумею, як гэтае слова магло ўтварыцца [сьмяецца. — РС.]. Ясна, што хтосьці гэтага не ацэніць. Можа, у кагосьці Нэвіл — любімы герой, і ён нават ня ведае, як яго прозьвішча гучыць па-ангельску. Гэтага не пазьбегчы, я гатовая да таго, што будзе пасьля.

Працяг інтэрвью і здымкі па спасылцы svaboda.org


← вярнуцца ў навіны