Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
2018.12.24 0
Выйшаў з друку чарговы, дзевятнаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Яўгеніі Паўлавец, Ганны Рудак, Кацярыны Ваданосавай, Уладзіміра Чараухіна, Насты Кудасавай.
Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Вольгі Ліхадзіеўскай, Ганны Навасельцавай і аповесць "Супадзенні" Юрыя Несцярэнкі.
У раздзеле “Пераклады” друкуюцца вершы маладога ўкраінскага паэта Яраслава Скідана.
Раздзел “Крытыка” адкрывае "балючае" эсэ Васіля Дранько-Майсюка, прысвечанае Цішку Гартнаму. Аб заснаванні першага Нацыянальнага ўніверсітэта - гутарка Эдуарда Акуліна з Алегам Трусавым. Новымі штрыхамі свайго жыцця дзеліцца Яўген Мартыновіч. Кранальную азбуку вёскі Лагаза прадстаўляе Алена Масцерава. Замалёўкі з натуры робіць у сваіх навелах Кастусь Калючы. Нечаканыя алюзіі з рэальным жыццём - у "сонным дзённіку" Алены Масла. Друкуюцца чарговыя нататкі з цыклу "Уладзевы гісторыі" Уладзіміра Сіўчыкава. Аб "знікненні паэтычнага мастацтва" разважае ў сваім палемічным артыкуле крытык Эдуард Дубянецкі. Трагічныя рысы кахання Гальяша Леўчыка асвятляе Сяргей Чыгрын. Спрабуе вызначыць "моцныя месцы" паэзіі Міхала Бараноўскага ў сваёй рэцэнзіі Яна Будовіч. Замярае "цеплыню каляровых слоў" у кнізе "Фарбы душы" Яніны Пінчук літаратуразнаўца Анатоль Трафімчык. Паэтычнае неба Адама Глобуса адкрывае для чытачоў часопіса ў сваёй рэцэнзіі Алесь Бяляцкі.
Мастацкае афармленне нумара падрыхтавалі Дар'я Бунеева і Валерыя Праслава. Ілюстрацыі - Дар'і Раманенка.
Азнаёміцца з нумарам “Верасень” №19 можна на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com.