Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Пра Універсітэт імя Ніла Гілевіча даведаліся і ў Лідзе

2018.10.14 0

У суботу, 13 кастрычніка, адбылася паездка кіраўніцтва ТБМ і рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча ў Ліду. У Лідскім замку было запланавана правядзенне круглага стала, прысвечанага гісторыі рэстаўрацыі гэтага помніка архітэктуры. У паседжанні бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, моладзь, журналісты мясцовых СМІ, грамадскія актывісты.

Асноўным выступоўцам быў Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, які ад самага пачатку ўдзельнічаў у раскопках на тэрыторыі замка і найбольш дасведчаны ў гэтай тэме. Яму задавалі шмат пытанняў, што датычыліся археалагічных даследаванняў, знаходак, а таксама легендаў і міфаў адносна “падземных хадоў” з Лідскага замка. Быў паказаны фільм, зняты некалькі гадоў таму кінастудыяй “Беларусьфільм”, прысвечаны адраджэнню гэтага адметнага гістарычнага помніка. З невялікім паведамленнем выступіў мясцовы краязнаўца, пісьменнік Лявон Лаўрэш. Круглы стол быў арганізаваны дырэктарам музея Ганнай Некрашэвіч. Напрыканцы сустрэчы была арганізаваная экскурсія па тэрыторыі замка з аглядам экспазіцыі.  

Падчас паседжання старшыня ТБМ, дэпутат Алена Анісім, в. а. рэктара Алег Трусаў, першы прарэктар Уладзімір Колас, прарэктар па навучальнай і акадэмічнай працы Павел Церашковіч прэзентавалі дзейнасць Універсітэта імя Ніла Гілевіча. У сваіх выступах яны закцэнтавалі ўвагу на адметнасці новастворанай установы адукацыі, распавялі пра сваё бачанне выкладання ў сучаснай вну. У прысутных выклікала зацікаўленасць інфармацыя пра запланаваныя спецыяльнасці, а таксама падрыхтоўчыя курсы, навучанне на якіх ужо пачалося. Старшакласнікі, якія прысутнічалі ў канферэнц-зале замка, запоўнілі прапанаваныя анкеты.


← вярнуцца ў навіны