Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

"Беларускія ўікэнды" ў пяцёрцы лідараў мінскага кінапраката

2018.09.04 0

Паводле дадзеных УП "Кінавідэапракат", фільм "Мой сябар жырафа" ўвайшоў у пяцёрку самых наведваемых фільмаў у перыяд з 30 жніўня па 2 верасня. На стужку "Мой сябар жырафа" прыйшлі каля 3 тыс. гледачоў. Ён апынуўся адзіным беларускамоўным фільмам у ТОП-5, дзе кампанію яму склалі карціны "Гогаль: страшная помста", "Мэг: монстар глыбіні", "Крышталь" і "Альфа".

"Мой сябар жырафа" пачаў сваё падарожжа па Беларусі з Віцебска. Пасля паспяховага старту ў Мінску пракат фільму працягнецца ў іншых гарадах краіны. Наступным у чарзе будзе Брэст – там паказы пройдуць з 6 па 9 верасня.

У Мінску пракат агучанага па-беларуску фільма пра незвычайнае сяброўства першакласніка Дзікечэ Дапа і гаворачага жырафа па імені Раф, знятага паводле твора нідэрландскай казачніцы Ані Шмідт, працягнецца да 12 верасня ўключна.

Да 5 верасня фільм можна будзе пабачыць у кінатэатрах "Аўрора", "Беларусь", "Дом кіно", "Кіеў", "Мір", "Кастрычнік", "Піянер", "Ракета", "Салют", "Цэнтральны", Falcon Club, а таксама ў кінатэтрах сеткі Silver Screen, уключаючы velcom cinema. З 6 па 12 верасня фільм «Мой сябар жырафа» будзе ісці ў кінатэатрах "Аўрора", "Беларусь", "Кіеў", "Мір" і "Ракета". У кінатэатрах "Дом кіно" і "Піянер" апошнія сеансы стужкі пройдуць 8-9 верасня. Пасля завяршэння пракату фільм з’явіцца на платформе анлайн-TV VOKA – у спецыяльным раздзеле "CINEVOKA – кіно па-беларуску", які даступны для прагляду падпісчыкам пакета "VOKA відэа".

У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуецца кампаніяй "Кінаконг" пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі бяруць удзел у перакладзе і агучцы на беларускую мову рознапланавых замежных фільмаў, якія затым дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх – "Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб", "Маленькі прынц", "Форэст Гамп", "Шторм", "Жонка аглядальніка заапарку", "Кніга Ілая", "Таямніца Келза", "Таемнае жыццё Уолтэра Міці", "Рыбка Поньё" і "Падымаецца вецер". Цяпер калекцыю папоўніць і новы фільм з Нідэрландаў "Мой сябар жырафа". Гэта трэцяя па ліку стужка, якую, як і "Маленькі прынц" і "Шторм", пакажуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах краіны.

Квіткі на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў. За навінамі праекта сачыце на сайтах kinakong.by і velcom.by.

budzma.by


← вярнуцца ў навіны