Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Новае ліставанне ў сувязі з вядомай зацемкай у "Лідскай газеце"

2018.07.30 0

  Выява мае ілюстрацыйны некамерцыйны характар. Можа быць выдаленая з просьбы праваўладальнікаў (звяртацца на пошту siadziba@gmail.com). Узятая з тўітара "Лідскай газеты"

Нагадаем, што 27 чэрвеня 2018 г. у "Лідскай газеце" №51 была надрукавана зацемка Антона Быстрыцкага "Интерес в этом деле скорее личный", у якой ў абразлівай форме было выказана нямала негатыўных ацэначных выказванняў у дачыненні да Старшыні ТБМ Алены Анісім, Ганаровага старшыні ТБМ і в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла ГІлевіча Алега Трусава, пра сам універсітэт, беларускую мову і беларускамоўных грамадзян Беларусі ўвогуле. Сп. Алег Трусаў ужо даваў разгорнуты адказ на дадзеную зацемку. 25 ліпеня на яго прыйшоў адказ галоўнай рэдактаркі “Лідскай газеты” К. А. Серафіновіч. Азнаёміцца з ліставаннем можна па спасылцы.

Сп. Алег Трусаў напісаў новы ліст на адказ галоўнай рэдактаркі “Лідскай газеты” К. А. Серафіновіч ад 25 ліпеня. Азнаёміцца можна далей. А таксама і з ліставаннем спн. Алены Анісім з уладамі адносна дадзенай зацемкі (з Міністэрствам інфармацыі Беларусі).

К.А. Серафіновіч

Галоўнаму рэдактару

ДУ "Рэдакцыя "Лідская газета"

вул. Ленінская, 48

231300, г. Ліда

Паважаная Кацярына Адамаўна!

Як я зразумеў з Вашага ліста ад 24 ліпеня 2018 г. №01-08/110, друкаваць мой адказ на старонках “Лідскай газеты” Вы не збіраецеся, хаця 27 чэрвеня 2018 г. у "Лідскай газеце" №51 у зацемцы Антона Быстрыцкага "Интерес в этом деле скорее личный" было зняважна маё імя і імя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (дастаткова прыгадаць словы, на якія ў тым артыкуле было сакцэнтавана ацэначнае негатыўнае меркаванне аўтара “оплеуха”, “тема “мовы”, “змагары”, “свядомыя”, “натравливал на местные отделы образования” і г.д.). Улічваючы тэрміналогію Антона Быстрыцкага ў "Интерес в этом деле скорее личный" і тое, што дадзены матэрыял не толькі быў надрукаваны ў газеце, але і не быў змешчаны мой адказ у наступных нумарах, хочацца запытацца: ці будзеце Вы, рэдактар дзяржаўнай беларускай газеты, і надалей займаць адпаведную негатыўную пазіцыю ў адносінах да беларускай мовы, гісторыі і культуры?

Калі ж, як Вы пішаце ў сваім адказе, інфармацыя пра адкрыццё падрыхтоўчых курсаў і адкрыццё нашага ўніверсітэта носіць камерцыйны характар і матэрыялы такога кшталту размяшчаюцца ў Вашай газеце на ўмовах рэкламы, то колькі заплаціў газеце сп. Антон Быстрыцкі за матэрыял пра наш універсітэт?

Ганаровы старшыня ТБМ,

в.а. рэктара ПУА "Універсітэт імя Ніла Гілевіча"

А.А. Трусаў

Ліставанне спн. Алены Анісім з Міністэрствам інфармацыі

А.М. Карлюкевічу

Міністру інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

Пр-кт Пераможцаў, 11

220004, г. Мінск

Паважаны Аляксандр Мікалаевіч!

Звяртаюся да Вас з той нагоды, што ў “Лідскай газеце” за 27 чэрвеня 2018 г. з’явілася публікацыя на рускай мове аўтара Антона Быстрыцкага, у якой у негатыўным кантэксце згадваецца маё імя як дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і як старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Як член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы я не магу не адзначыць таксама факт непаважлівага стаўлення да дзяржаўнай беларускай мовы ў згаданымартыкуле.

У сувязі з гэтым прашу адказаць на наступныя пытанні:

-        Якая Ваша пазіцыя адносна гэтай публікацыі? З’яўляецца гэты артыкул часткай праводзімай агульнай стратэгічнай палітыкі Міністэрства інфармацыі (паколькі падобнага роду публікацыі мелі месца ў іншых дзяржаўных СМІ) ці гэта выключна пазіцыя рэдакцыі “Лідскай газеты”?

-        Чаму газета, якая абазначана як дзвюхмоўная, значную большасць сваіх матэрыялаў друкуе на рускай мове, а ў дачыненні да дзяржаўнай беларускай мовы дэманструе зняважлівыя адносіны, у тым ліку праз фармаванне негатыўнага стаўлення да яе ў чытачоў?

З павагай,

член Пастаяннай камісіі па адукацыі,

культуры і навуцы, дэпутат

А.Анісім


← вярнуцца ў навіны