Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алена Анісім прапанавала міністру культуры круглы стол аб мемарыялізацыі Курапат

2018.07.20 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

На сайце svaboda.org быў выкладзены матэрыял пра тое, што 19 ліпеня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім накіравала ліст міністру культуры Юрыю Бондару з прапановай правесці круглы стол па мемарыялізацыі Курапат. Прыводзім матэрыял цалкам., правапіс захаваны.

«Курапаты маглі б стаць месцам нацыянальнага прымірэньня. І гэта быў бы моцны штуршок для разьвіцьця ўзаемаадносін паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасьцю. Гэты крок сьведчыў бы пра тое, што мы, жыхары Беларусі, здольныя весьці дыялёг па розных пытаньнях. У тым ліку і па пытаньнях нашай вельмі балючай і няпростай гісторыі», — патлумачыла Свабодзе сваю ініцыятыву Алена Анісім.

Дэпутатка кажа, што яна бачыць за адным сталом дзяржаўных чыноўнікаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, грамадзянскую супольнасьць, найперш з грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты — у абарону Курапат», якія «маюць канцэптуальнае бачаньне таго, што і як мае быць»,

«Такую важную справу трэба рабіць разам. З ужываньнем бюджэтных сродкаў. Нельга, каб яны пайшлі на невядома што» — лічыць Алена Анісім.

Паводле дзейнага заканадаўства адказ дэпутату дзяржаўныя органы мусяць даць цягам двух тыдняў.

11 чэрвеня падчас паседжаньня групы ў справе стварэньня памятнага знаку «прымірэньня і смутку» ў Курапатах улады прадставілі абмежаванаму колу дзяржаўных мэдыя тры «найбольш удалыя эскізы», адабраныя па выніках конкурсу Міністэрства культуры. Экспэрты паставіліся да іх скептычна.

Адзін з эскізаў помніка
Адзін з эскізаў помніка

Генэральная пракуратура не адказвае месяц

Сёньня Свабода пацікавілася яшчэ ў адной дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, Ганны Канапацкай, ці атрымала яна адказ з Генэральнай пракуратуры, куды зьвярталася з дэпутацкім запытам.

«Не, адказу дагэтуль няма, хоць прайшоў ужо месяц. Магчыма, што пракуратура вядзе нейкія праверкі. Бо калі вядуцца праверкі, тады дакладны тэрмін адказу не вызначаецца», — сказала Канапацкая.


← вярнуцца ў навіны