Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выступ дэпутата і намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім на навукова-практычным семінары ў Паставах

2017.06.09 0

Увесну, 20 і 21 красавіка, у Паставах праходзіў рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Пастаўскі край на гісторыка-культурнай карце Беларусі”, арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён стаў адной з падзеяў сярод іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных у нашай краіне да Года навукі і святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На семінары чытала даклад дэпутат і намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Прачытаць даклад можна далей.

Гісторыка-краязнаўчая дзейнасць як неад’емная частка патрыятычнага выхавання моладзі

 Краязнаўства –  важная частка грамадскага жыцця, яна ўяўляе сабой асобую форму патрыятызму і набывае павышаную запатрабаванасць ў пэўныя перыяды развіцця краіны. Дакладна немагчыма сказаць, ад якога часу бярэ свой пачатак гісторыя беларускага краязнаўства. Але ў найноўшай гісторыі мы можам адзначыць пачатак ХХ ст. Пасля прыняцця ў Расійскай імперыі Закона аб свабодзе друку ў беларускіх інтэлектуальных колах актывізуецца нацыянальны рух, складовай часткай якога з’яўлялася культурна-асветніцкая праца. Важным чыннікам у гэтай справе выступала рэдакцыя газеты “Наша Ніва”, якая ставіла сваёй задачай абуджэнне нацыянальнай годнасці беларусаў. Сярод іншых галін навукі важнае месца займалі пытанні краязнаўства, традыцый і нацыянальнага самавызначэння. Рэдакцыя заахвочвала сваіх чытачоў да актыўнай працы па збіранні розных звестак этнаграфічнага характару, тым самым далучаючы іх да асэнсаванай працы па ўсведамленні і замацаванні сваёй нацыянальнай адметнасці і самаідэнтычнасці. Дасланыя карэспандэнцыі, а таксама артыкулы, напісаныя штатнымі супрацоўнікамі рэдакцыі, уяўляюць сабой змястоўны краязнаўчы матэрыял: апісанне мясцовых легендаў, паданняў, гульняў, тлумачэнне адметных слоў, гіпоэтэзы ўзнікнення назваў тапанімічных аб’ектаў і інш. Важнае значэнне надавалася асвятленню традыцыйных святаў, як значнай часткі народнай культуры, у прыватнасці, купальскаму святу. “Як у мове ды песьні, так і абычаях народу адбіваецца яго душа, яго культурны дабытак; дзеля гэтаго сьвяткаваньне Купалы нам беларусам трэба берагчы і, сьвяткуючы, трымацца ўсіх устаноўленых векамі абычаёў, адкідаючы толькі забабоны ды тое, што можэ быць шкодным для другіх людзей” [3:].

Пасля ўтварэння БССР і заснавання Інбелкульта пачынаецца новы этап у развіцці краязнаўчай дзейнасці, які грунтаваўся на сумеснай працы з краязнаўчымі таварыствамі па навуковым даследаванні краіны. Дзейнасць краязнаўцаў арганізоўвалася і кіравалася “Цэнтральным бюро краязнаўства”. Паводле справаздачнага даклада Інстытута беларускай культуры за перыяд з кастрычніка 1925 па кастрычнік 1926 г. “ усіх краязнаўчых арганізацый, зарэгістраваных у ЦБК лічыцца да 170, але з іх дзейных да 123. Развіццё краязнаўчай сеткі звязана з краязнаўчым ухілам школы. Настаўнікі складаюць прыблізна 60% усёй масы членаў краязнаўчых арганізацый. Каля 20% прыпадае на вучняў і студэнтаў, каля 10 % - на членаў саюза прац. зямлі і леса і 10 % на інш.” [2:52].

У пасляваенны перыяд гістарычнае краязнаўства развіваецца па двух накірунках: дзяржаўнае і школьнае. Удасканальваліся формы і віды дзейнасці, арганізоўваліся разнастайныя клубы і іншыя гісторыка-культурныя аб’яднанні, у выніку агульных намаганняў былі ажыццёўлены выданні “Звод помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, гісторыка-культурныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі “Памяць”. Многія раённыя газеты ўвялі тэматычныя краязнаўчыя старонкі, у нядаўні час з’явіліся спецыяльныя перыядычныя выданні краязнаўчай тэматыкі: часопіс “Лідскі летапісец”, “Краязнаўчая газета” і інш. У выніку такой змястоўнай мэтаскіраванай дзейнасці ў нашым грамадстве фармуецца ўсё больш запатрабаваны погляд на сапраўдную гісторыю сваёй краіны, назіраецца актывізацыя грамадства да наведвання мясцін, звязаных з постацямі знакавых асоб і важных гістарычных падзей. На гэтым грунце актывізаваліся турыстычныя фірмы і асобныя экскурсаводы, якія з улікам краязнаўчых звестак прапануюць новыя цікавыя маршруты ў розных гарадах Беларусі як для дарослых, так і для навучэнцаў.

Важнасць краязнаўства ўсведамлялася і грамадскасцю краіны, пра што сведчыць значная колькасць аб’яднанняў, якія займаюцца пошукава-адукацыйнай дзейнасцю, і прадстаўнікамі сістэмы адукацыі. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць правядзенне ў Нясвіжы ў 2013 г. Рэспубліканскіх краязнаўчых чытанняў па тэме: “Краязнаўчы кампанент у сістэме грамадзянскага і патрыятычнага станаўлення асобы”. Мэтамі гэтага мерапрыемства з’яўляліся абмен вопытам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і пытанне далучэння навучэнцаў да даследавання гісторыка-культурных адметнасцей краю.    

Свет увесь час змяняецца. Не паспелі мы засведчыць наступ глабалізацыі, як пачаўся новы віток у развіцці грамадства. І ўжо на першы план выходзяць патрэбы абароны нацыянальных інтарэсаў, умацаванне дзяржавы як самастойнага суб’екта міжнародных узаемаадносін. Кожная краіна вызначае свой шлях развіцця, у якім знаходзіцца месца як агульным, так і прыватным момантам і накірункам. Для тых краін, якія маюць не адно стагоддзе сваёй дзяржаўнасці, пытанні сучаснага развіцця выглядаюць іначай, чым для  Беларусі, асабліва ва ўмовах інтэнсіўнай  канкурэнцыі культур. Таму пытанне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі для нашага народа выходзіць на першы план. І краязнаўства як складовая частка культурнай дзейнасці адыгрывае тут асаблівую ролю. Сёння пытанне патрыятычнага выхавання маладога пакалення хвалюе не толькі прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, яно з’яўляецца важным элементам нацыянальнай бяспекі. Так, у Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта ад 9 лістапада 2010 г. № 575, у Раздзеле ІІ, главе 2 “Нацыянальныя інтарэсы” ў пункце 12 сярод іншага зазначана:

“12. У сацыяльнай сферы асноўнымі нацыянальнымі інтарэсамі з’яўляюцца:

…- развіццё інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, захаванне і павелічэнне яго культурнай спадчыны, умацаванне духу патрыятызму…” [1:9-10]. 

А да асноўных патэнцыйных або рэальных пагроз для нацыянальнай бяспекі адносіцца наступнае: ..“страта значнай часткай грамадзян традыцыйных маральных каштоўнасцей і арыенціраў, спробы разбурэння нацыянальных духоўна-маральных традыцый і неаб’ектыўнага перагляду гісторыі, якія закранаюць гэтыя каштоўнасці і традыцыі”  [1:17].

Нацыянальная бяспека моцная ў тым выпадку, калі сутнасць існавання дзяржавы і яе ўнутраная палітыка скіраваныя на тое, каб грамадзяне пачуваліся добра ў сваёй краіне. У сваю чаргу, мы, як бацькі, жадаем, каб нашы дзеці паспяхова рэалізаваліся і былі шчаслівымі менавіта на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Як дасягнуць гэтага, якім чынам прывіць любоў да сваёй Радзімы ў маладога пакалення? Я хачу зноў вярнуцца да газеты “Наша Ніва” за 1911 год і працытаваць  адзін з матэрыялаў, датычных выхавання дзяцей: “Як паступаць, каб дзеці выросшы шанавалі сваіх бацькоу і былі ім апорай на старасьць”. “А трэба, пакуль дзіцё малое, вучыць гаварыць яго роднай  мовай, шанаваць гэту мову: трэба перасцерэгаць, каб не перэкручывалі яе чужымі славамі; трэба, каб маці пеяла дзецям свае песьні простые, прывучала шанаваць прадзедоўскіе абычаі, - тады, як сынок твой, вырасьце і пойдзе ў чужые людзі, нічым з душы яго не выбьюць любві да свайго роднаго, і дзе-б ён ня быў – хоць за морэм, яго заўсёды пацягне сэрцэ у свой куток, да сваіх бацькоў” (4: ).

Такім чынам, як сведчаць прыведзеныя намі факты, пытанне патрыятычнага выхавання моладзі было, ёсць і будзе аб’ектам пільнай увагі як дзяржаўнай палітыкі, так і грамадзянскай супольнасці. І важным элементам тут выступае мова. Таму хачу яшчэ раз зазначыць: каб наша гісторыка-краязнаўчая дзейнасць мела найбольшы эфект у справе выхавання патрыятызму ў нашай моладзі, важна, каб яна праводзілася менавіта на роднай беларускай мове. Тады наша краіна зойме сваё адметнае месца ў свеце, а наша грамадства здолее скансалідавацца і набудзе ўстойлівасць да чужога ўплыву і неўласцівых нам каштоўнасцей.

 

Літаратура:

1.     Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Мінск, Беларускі Дом друку, 2011. С.-48.

2.     Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух”. Мінск, 2012 г.,. 52.

3.     Наша Ніва. 1911, № 25-26.

4.     Наша Ніва. 1911, № 30.

 


← вярнуцца ў навіны