Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алег Трусаў: "Гістарычныя вытокі ўкраінскай і беларускай мовы"

2017.05.25 1

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

На Міжнароднай канферэнцыі “Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст”, якая адбылася ў Мінску 25 траўня, Алег Трусаў выступіў з дакладам на тэму "Гістарычныя вытокі ўкраінскай і беларускай мовы". Прачытаць даклад цалкам можна далей.

Гістарычныя вытокі ўкраінскай і беларускай мовы

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

У гэтым годзе мы будзем святкаваць 500-годдзе першай беларускай кнігі. Але ўзнікае пытанне, на якой мове яна напісаная. На беларускай альбо старабеларускай? А, можа, на стараўкраінскай? Бо ў пачатку XVI ст. беларусы і ўкраінцы жылі разам у адной дзяржаве, большасць з іх былі праваслаўнымі, маліліся на адной стараславянскай ці старабалгарскай, ці старамакедонскай мове, на ёй жа былі напісаны летапісы і хронікі, і нават метрыка ВКЛ. Аднак у канцы XV ст. на ўсходзе ў іх з'явіліся канкурэнты, якія сталі прэтэндаваць на іх культурную і моўную спадчыну, у першую чаргу сыходзячы з агульнай праваслаўнай рэлігіі і агульнай мовы набажэнства.

У 1494 г. усходнія суседзі змянілі назву сваёй дзяржавы на Расію і сталі прэтэндаваць на беларускія і ўкраінскія землі, якія тады ўваходзілі ў склад ВКЛ. Пачаліся шматлікія войны, якія ішлі з пераменным поспехам.

Але ў канцы XVІІІ ст. з боку Расіі адбылася анексія ўсіх беларускіх і большасці ўкраінскіх земляў і захопнікі пазбавілі беларусаў і ўкраінцаў не толькі незалежнасці, але пісьмовай мовы, якую забаранілі. Таксама была перапісана і наша агульная гісторыя. Назвы нашых народаў зніклі са старонак расійскіх падручнікаў, калі ў іх ішла гаворка пра гісторыю ВКЛ.

Разгорнем папулярны ў пачатку ХХ ст. падручнік рускай гісторыі, напісаны акадэмікам Платонавым. Цытую на мове арыгінала: "Разрозненная до тех пор Литва стала складываться в государство. Выразителем объединительных стремлений у литовцев явился известный уже нам князь Миндовг (или Миндовс). Захватив русский город Новгородок (или Новогродск) в верховьях Немана, он основал в нем свое княжество и распространил свою власть на некоторую часть Литвы, Жмуди, ятвягов и на русские волости: Полоцкую, Витебскую и отчасти Смоленскую".

Тут мы бачым, што адначасова існуюць і дзейнічаюць літоўцы, літва, жмудзь, ятвягі і рускія, што жывуць у Навагрудку, якіх і заваяваў разам з літоўцамі (якія ўзніклі як новы этнас не раней, як у XVІ ст. – А. Т.) Міндоўг. Вядома, ніякіх беларусаў няма і быць не можа.

Далей гаворка ідзе пра Гедыміна: "При дворе Гедимина слышался русский язык, потому что Гедимин был сам женат на русской и детям своим устраивал браки с русскими же. Сам себя он считал не только литовским, но и русским князем..." "Он подчинил себе все русские княжества от Полоцка до Киева и подготовил присоединение Волыни".

Тут ужо ёсць згадка пра "рускую" мову пры двары Гедыміна. Чытаем далей: "Таковы были дела Ольгерда и Кейстута. Положив предел завоеваниям немцев, они собрали под своей властью, можно сказать, всю Южную и Западную Русь, освободив ее от владычества татар и дав ей единую сильную власть. Очень было важно, что эта власть была русскою по своей культуре и по своим приемам. До 1386 года в Литовско-русском государстве было две народности (русь и литва) и две религии (православие и язычество)".

Такім чынам, беларусы і ўкраінцы былі схаваныя расійскім акадэмікам пад этнонімам "русь", вядома і мова ў іх, на яго думку, была адзіная – "руская". Далей на старонцы 88 згадваецца "православно-русская народность".

Першыя згадкі пра ўкраінцаў з'явіліся толькі на стар. 200. "Южнорусские же казаки, живя на Днепре, получили название "днепровских"; а еще чаще назывались они "украинскими" казаками или "черкасами" (по имени города Черкас на правом берегу Днепра ниже Киева)". Беларусь у гэты час акадэмік называе "Літвой".

Беларусь нарэшце з'явілася на старонцы 299, калі ідзе апісанне вынікаў першага падзела Рэчы Паспалітай: "В результате этих переговоров Пруссия оставила за собой Померанию и часть Великой Польши, Австрия присоединила к себе Галицию, а Россия взяла Белоруссию" [1].

Заходняя і цэнтральная Беларусь называлася Літвой да канца ХІХ ст. Толькі на мяжы ХІХ і ХХ стст. пад час перапісу 1897 г. у Расійскай імперыі сталі прызнаваць існаванне беларусаў і ўкраінцаў са сваёй мовай.

Паглядзім як беларускую і ўкраінскую мову і іх носьбітаў вызначалі падчас вышэйзгаданага перапісу.Возьмем да прыкладу Віленскую губернію. Сваёй роднай мовай назвалі вялікарускую (зараз рускую – АТ) 78623 чалавекі, альбо 4,94%, маларускую назвала (зараз украінскую – АТ) 913 чалавек, альбо 0,06%, беларускую– 891903 чалавекі, альбо 56,05%, польскую – 130054 чалавекі, альбо 8,17%, літоўскую– 279720 чалавек, альбо 17,58%, жмудскую – 157 чалавек, альбо 0,01%, латышскую– 471 чалавек, альбо 0,06%, яўрэйскую – 202 374 чалавекі, альбо 12,72% [2].

Цікава, што рускія навукоўцы ў 1897 годзе ўкраінскую мову яшчэ называлі маларускай, а акрамя сучаснай літоўскай мовы выдзялялі і жмудскую як асобную мову, а не як дыялект.

Канчаткова беларуская і ўкраінская мовы былі прызнаныя ў Расійскай імперыі як самастойныя пасля рэвалюцыі 1905 года і некаторых зменаў у расійскім заканадаўстве, якое дазволіла друкаваць газеты, часопісы і кнігі на вышэйзгаданых мовах.

Пасля ліквідацыі Расійскай імперыі ў 1917 г. у Беларусі і Украіне робяцца спробы абвясціць беларускую і ўкраінскую мовы ў якасці дзяржаўных.

Пасля стварэння БССР і УССР, а потым на іх аснове і СССР, у 1922 г. бальшавікі пачынаюць палітыку "карэнізацыі" і таксама пашырэнне нацыянальных моваў у савецкіх рэспубліках. Так, Канстытуцыя 1927 г. у БССР абвясціла дзяржаўнымі мовамі беларускую, рускую, польскую і яўрэйскую (ідзіш), прычым перавага пачала надавацца мове тытульнай нацыі – беларускай. Аднак ужо праз некалькі год сітуацыя рэзка змянілася. Узмацніліся сталінскія рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, у Беларусі і Украіне правялі рэформы правапісу з мэтай наблізіць беларускую і ўкраінскую мовы да рускай, а вышэйшую адукацыю да пачатку Другой сусветнай вайны ўжо зноў перавялі на рускую мову навучання.

Пасля 17 верасня 1939 г., калі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі далучаны да БССР і УССР, польскія школы былі пераведзены на нацыянальныя мовы гэтых рэспублік, але ў справаводстве, судах, войску, газетным друку адразу запанавала руская мова.

Пасля вайны сітуацыя з нацыянальнымі мовамі ў школьнай адукацыі значна пагоршылася. Па-першае, загінулі альбо былі рэпрэсіраваныя мясцовыя школьныя настаўнікі. Па-другое, на іх месца прысылаліся рускамоўныя савецкія настаўнікі з тэрыторый, якія не трапілі пад нямецкую акупацыю.

У гарадах масава адкрываліся рускамоўныя школы, а школы на ўкраінскай ці беларускай мовах зачыняліся.Пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 г. Лаўрэнцій Берыя паспрабаваў крыху аслабіць жалезныя абдымкі русіфікацыі, але неўзабаве быў рэпрэсіраваны і забіты.

Новы кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў разгарнуў новую хвалю русіфікацыі, прычым у якасці палігону была абраная менавіта Беларусь, дзе нацыянальнай патрыятычнай інтэлігенцыі амаль не засталося.

Ён у час прыезду ў БССР зняў з пасады першага Сакратара ЦК КПБ Мазурава, за тое, што той у яго прысутнасці выступіў з дакладам па-беларуску. І потым Хрушчоў заявіў, што беларусы першымі пабудуюць камунізм, бо першымі цалкам пяройдуць на рускую мову.

Нешта падобнае было і ва Украіне, асабліва ў Кіеве і на ўсходзе рэспублікі. У БССР у 1959 г. быў прыняты новы закон пра адукацыю, які дазваляў бацькам вызваляць сваіх дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школах.

Ужо ў 60-х гадах ХХ ст. у Мінску, абласных і раённых гарадах усе школы сталі рускамоўнымі. Беларускамоўная адукацыя засталася толькі ў вёсках. Не нашмат лепш было і на большай частцы Украіны, за выключэннем некаторых заходніх абласцей.

Апошні пік русіфікацыі ў СССР зафіксавана пры кіраўніцтве Андропава, калі з яго згоды настаўнікам рускай мовы і літаратуры зрабілі большыя заробкі, чым настаўнікам нацыянальных моваў.

Аднак неўзабаве пачалася перабудова і моўнае пытанне адразу ўзнікла ва ўсіх рэспубліках СССР, асабліва прыбалтыйскіх.

Беларусь не была, на жаль, у авангардзе, тым не менш у студзені 1990 г. беларуская мова ў БССР зноў стала дзяржаўнай і быў прыняты закон аб мовах у БССР, які прадугледжваў дзесяцігадовы перыяд на адраджэнне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі.

У снежні 1991 г. Украіна, Беларусь і Расія ануліравалі акт 1922 г. аб стварэнні СССР і сталі незалежнымі краінамі.

Прайшло 25 гадоў, вырасла новае пакаленне, якое адносіцца да СССР як да гістарычнай з'явы далёкага мінулага. Адносіны да роднай мовы ў Беларусі і Украіне розныя.

Паводле Канстытуцыі 1994 г. у Беларусі была адна дзяржаўная мова – беларуская, але ўжо праз год у 1995-м праз рэферэндум было абвешчана беларуска-рускае дзвюхмоўе, што на практыцы пераўтварылася ў татальную русіфікацыю, прычым не толькі ў гарадах, але і ў вёсках.

Украіна ж, нягледзячы на шалёны супраціў на ўсходзе краіны, захавала адну дзяржаўную мову, якая паступова стала актыўна ўжывацца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. У Беларусі ў апошнія дзесяць гадоў грамадская супольнасць зрабіла вялікія намаганні па захаванні і пашырэнні беларускай мовы ў некаторых сферах грамадскага жыцця, асабліва ў рэкламе, інтэрнэт-прасторы і сярод гарадской беларускай моладзі.

Аднак і Україна, і Беларусь сутыкнуліся ў апошняе дзесяцігоддзе з актыўнай экспансіяй так званага "русского мира", што скончылася акупацыяй Крыма і вайной на Данбасе. Былі напісаныя і надрукаваныя ў Расіі новыя падручнікі па гісторыі, у якіх зноў няма месца ўкраінцам і беларусам.

У якасці прыкладу пагартаем падручнік па гісторыі, напісаны ў 2013 г. для падрыхтоўкі бакалаўраў [3].

У раздзеле "Русь, Орда и Литва" паведамляецца, што насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага на тры чвэрці было рускім і праваслаўным. "Такім чынам, у выніку аб'яднання Літвы і Заходняй Русі фактычна склалася балта-славянская дзяржава". "Ужо ў XIV ст. княства ў сваёй назве ўтрымлівае тры асноўныя этнічныя кампаненты, якія склалі ўласна Літва, Жмудзь (Заходняя Літва) і рускія землі: Вялікае княства Літоўскае, Жэмайційскае і Рускае" (с. 104).

Такім чынам, калі верыць аўтару,у ВКЛ жылі літоўцы, жмудзіны і рускія. Ніякіх беларусаў і ўкраінцаў там ніколі не было. На наступнай 105 старонцы чытаем (цытую на мове арыгінала – АТ): "Большое распространение получил русский язык: он стал фактически государственным языком, и даже первые государственные документы – "Литовские статусы" – были написаны на русском языке".

Пасля анексіі Крыма цытаты, прыведзеныя з гэтага падручніка, сталі афіцыйнай пазіцыяй большасці расійскіх палітыкаў.

Каб супрацьстаяць гэтай культурнай агрэсіі,беларускія і ўкраінскія гісторыкі і мовазнаўцы могуць аб'яднаць свае намаганні ў напісанні сумеснай гісторыі Кіеўскай Русі, Полацкага княтва і ВКЛ, дзе трэба паказаць ролю сучасных беларусаў і ўкраінцаў у стварэнні гэтых сярэднявечных дзяржаў і іх геапалітычную вартасць для ўзнікнення і пашырэння еўрапейскай цывілізацыі.

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

1. Акад. С. Ф. Платонов. Учебник русской истории. Санкт-Петербург "Наука", 1994. – С. 82-84.

2. Ширяев Е. Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991. – С. 76.

3. Фортунатов В. В. История: Учебное пособие. Стандарт третьего поколения. Доя бакалавров. – СПб.: Питер, 2013. – 464 с.: ил.

Каментары

Госць 2017-06-03 13:25:03

Сапраўда цiкавыя лiкi, атрымныя "...пад час перапісу 1897 г. у Расійскай імперыі сталі прызнаваць існаванне беларусаў і ўкраінцаў са сваёй мовай. Паглядзім як беларускую і ўкраінскую мову і іх носьбітаў вызначалі падчас вышэйзгаданага перапісу.Возьмем да прыкладу Віленскую губернію. Сваёй роднай мовай назвалі вялікарускую (зараз рускую – АТ) 78623 чалавекі, альбо 4,94%, маларускую назвала (зараз украінскую – АТ) 913 чалавек, альбо 0,06%, беларускую– 891903 чалавекі, альбо 56,05%, польскую – 130054 чалавекі, альбо 8,17%, літоўскую– 279720 чалавек, альбо 17,58%, жмудскую – 157 чалавек, альбо 0,01%, латышскую– 471 чалавек, альбо 0,06%, яўрэйскую – 202 374 чалавекі, альбо 12,72% [2]. " Але яшчэ больш цiкавым надаецца тое, што (на мой асабiсты погляд. дарэчы падтрыманы падчас прэзентацыi лiтальманаха СПРАВА) згодна з цытатай першакрынiцы СЛОВО О ПОЛКУ ИГОРЕВЕ, тады выкарыстоўвалася мова, амаль такая, як i iснуючая сёння ў палесскiх вёсках: такая, ек зары шэ говорать в сёлах. Так, ек и в Вавулычах (Дорогычыньского раёна. а ны Бобруйского). Бо чым дальший в болото, чым дальший од СТОЛБОВЫХ дорог, тым лёгчий було людюм говорыты ПО СВОЁМУ, а ны так, ек в столыцi. Калi гэта сапраўды не так, буду вельмi ўдзячны навукоўцам, якiя ведаюць сучасную праўду. З павагай да неабыякавых, М. iнфолiякрат


← вярнуцца ў навіны