Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Заклікаем далучыцца да ініцыятывы ТБМ і дасылаць лісты ў падтрымку беларускай мовы

2016.12.26 3

Сёння, 26 снежня, Таварыства беларускай мовы накіравала лісты Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і намесніку Старшыні Савета Міністраў з прапановамі прыняць "Кодэкс аб адукацыі на беларускай мове" і "ўвесці ў нашу маркіроўку тавараў дзяржаўную беларускую мову" адпаведна. Заклікаем грамадзян таксама накіроўваць такія лісты. Узор можна паглядзець ніжэй.

26 снежня 2016 г.  №  95                                                                                                    

Сп. У.П. Андрэйчанку,

Старшыні Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

220010, г. Мінск,

пл. Незалежнасці, Дом Ураду

 

 Шаноўны Уладзімір Паўлавіч!

У ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаюцца грамадзяне Беларусі, асабліва бацькі тых дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, з патрабаваннем, каб у нашай краіне быў прыняты Кодэкс аб адукацыі на беларускай мове.

Па гэтым пытанні мы звярнуліся ў Міністэрства адукацыі, якое ў сваім адказе параіла нам звярнуцца да Вас, што мы і робім. 

Мы спадзяемся, што камісія па адукацыі, культуры і навуцы, якую ўзначальвае прафесар І.А.Марзалюк, у стане падрыхтаваць адэкватную беларускамоўную версію такога заканадаўчага акта для прыняцця яго ў якасці паўнавартаснага юрыдычнага дакумента.

Мы не сумняемся, што гэтыя дзеянні Палаты прадстаўнікоў па пашырэнні беларускай мовы ў сферы адукацыі будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

З павагай,

Старшыня ТБМ                                                        Алег Трусаў

 

26 снежня  2016 г. № 94

сп. М.І. Русаму

Намесніку Старшыні

Савета Міністраў

Рэспублікі Беларусь

вул. Савецкая, 11

220010, Дом Урада, г. Мінск

Аб маркіроўцы

беларускіх тавараў

Паважаны Міхаіл Іванавіч!

Вы адзначалі ў СМІ, што зараз у Расіі прадаюцца падробкі нашых тавараў з фальшывай маркіроўкай.

Каб зрабіць падробку нашых таварных брэндаў больш складанай, прапануем з 2017 г. абавязкова ўвесці ў нашу маркіроўку дзяржаўную беларускую мову, прычым яна павінна ўтрымлівацца ў асноўнай назве прадукта, якая пазначаецца вялікімі літарамі. Паколькі ў рускім алфавіце няма літар і, ў, а ў нашым адсутнічае літара щ, то падрабіць этыкетку, напісаную па-беларуску будзе цяжэй, а пакупнікі адразу зразумеюць, што тавар менавіта з Беларусі і будуць з ахвотай яго набываць.

Дарэчы, гэтыя дзеянні будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "Мы – нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці – гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

З павагай,

Старшыня ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны"                               Алег Трусаў

 

 

 

Каментары

Госць 2016-12-26 22:31:06

Аднойчы я ўжо звяртаўся да спадара У.Андрэйчанкі. Што з гэтага атрымалася можна прачытаць у "Народнай Волі" № 25(3838) ад 1 красавіка 2014 г. Не адважыцца ён "пусціць" беларускую мову ў парламент.

Госць 2016-12-27 08:23:26

У 2014 усё ж сітуацыя была іншая, не было дэпутата ад ТБМ яшчэ.

Госць 2017-01-11 12:04:11

Ці далучыцца дэпутат ад ТБМ да ініцыятывы Ганны Канапацкай па скасаванні "дэкрэта пра дармаедаў"? www.svaboda.org/a/kanapackaja-zaklikala-admianic-dekret-3/28224130.html


← вярнуцца ў навіны