Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Алена Анісім: "Седзячы і разважаючы на канапе, ні на якія змены не паўплываеш"

2016.07.09 0

  Выява з сайта svaboda.org.

Падчас сёлетняй парламенцкай кампаніі я прыняла рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру для ўдзелу ў выбарах. Многія задаюць пытанне:

А навошта я гэта раблю, калі, на іх думку,

-​ у нас няма паўнавартаснага парламента, дэпутаты нічога не вырашаюць;

-​ будзе працаваць адміністрацыйны рэсурс на “сваіх” вылучэнцаў , а з іншадумцамі будуць змагацца;

-​ галасы лічыць не будуць, а дэпутатаў фактычна амаль прызначылі.

Безумоўна, усе гэтыя разважанні маюць пад сабой пэўны грунт, заснаваны на досведзе апошніх гадоў. Тым не менш, я лічу, што седзячы і разважаючы на канапе, ні на якія змены не паўплываеш. І толькі выказваючы сваю пазіцыю, гуртуючы вакол яе аднадумцаў, актыўна працуючы з людзьмі, можна на нешта паўплываць. Пра гэты сведчыць і мой асабісты вопыт як аднаго з кіраўнікоў грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Не было б у нас ні 23-й гімназіі з беларускай мовай навучання ў г. Мінску, ні газеты “Новы час”, ні шмат якіх канферэнцый і выдадзеных кніг, калі б мы спадзяваліся толькі на тое, што нехта гэта зробіць за нас, а мы паглядзім збоку і пакрытыкуем.

У нас ёсць і планы па адкрыцці Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Але каб гэтая справа ажыццявілася, ёю трэба займацца, і пэўныя крокі для гэтага намі зроблены. І для таго я іду ўдзельнічаць у выбарах, каб мець магчымасць вырашаць такія важныя пытанні на больш высокім узроўні, маючы мандат народнага даверу.

Я маю свой погляд на тое, якім павінен быць парламент і на гэта буду працаваць.

1.​ Парламент – гэта орган народнага прадстаўніцтва. Трыбуна, з якой гучаць усе найбольш пашыраныя ў грамадстве меркаванні і погляды, датычныя важнейшых дзяржаўных спраў. Таму трэба, каб у парламент балатаваліся людзі, якія маюць досвед практычнай дзейнасці у грамадстве, вядомыя і паважаныя дзеячы, лідары грамадскай думкі.

2.​ Парламент павінен працаваць на дзяржаўнай беларускай мове, мове тытульнай нацыі. Законы павінны прымацца на беларускай мове і пры неабходнасці перакладацца на іншыя мовы.

3.​ Заробак дэпутата павінен адпавядаць сярэдняму заробку па краіне, як і пенсія дэпутатаў.

Ёсць і іншыя меркаванні наконт розных аспектаў нашага жыцця, але пра іх варта будзе казаць пасля таго, як я збяру неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Таму я запрашаю ўсіх выбаршчыкаў Стаўбцоўскай акругі № 70 – прыхільнікаў і апанентаў – паставіць свой подпіс за вылучэнне маёй кандыдатуры для ўдзелу ў выбарах.

Па ўсіх пытаннях вы можаце скантактавацца са мной праз электронную поштуalenaanisim@gmail.com , а таксама па тэл. 8-029-661-65-98.

Чакаем вас на нашых пікетах. Члены маёй ініцыятыўнай групы гатовы зафіксаваць ваш подпіс і занатаваць вашыя прапановы.

З павагай, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім


← вярнуцца ў навіны