Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зварот старшыні Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандра Давідовіча да сяброў ТБМ

2016.07.07 0

Паважаныя сябры!

Галоўная задача ТБМ – адраджэнне беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці беларускага народа.

Кожны з нас, сяброў ТБМ, несумненна падзяляе занепакоенасць сітуацыяй, што склалася з беларускай мовай, пра гэта сведчыць сам удзел у грамадскай арганізацыі.

Для дасягнення задач, пастаўленых перад ТБМ, Вамі абіраецца кіраўніцтва арганізацыі – ад кіраўнікоў раённага і гарадскога ўзроўняў да кіраўнікоў рэспубліканскай арганізацыі.

Са свайго боку, кіраўніцтва рэалізуе план мерапрыемстваў для дасягнення пастаўленых перад арганізацыяй задач.

Праца праводзіцца вельмі вялікая і складаная. Вы ўсе сутыкаецеся з дзяржаўным бюракратычным апаратам і ведаеце асаблівасці працы з ім. Большасць матэрыялаў па сваёй дзейнасці мы імкнемся выкладаць на партале ТБМ у інтэрнэце і друкаваць у газеце “Наша слова”.

Кіраўніцтва ТБМ увесь час чуе ў свой бок скаргі на не дастатковую працу ў накірунку адраджэння мовы, малую колькасць рэальных захадаў і г.д.

Сябры, ад невялікай колькасці актыву ТБМ мала чаго можна патрабаваць. Таму мы перыядычна звяртаемся з просьбай аб Вашай дапамозе. Бо ў некаторых выпадках некалькі лістоў ад арганізацыі не могуць паўплываць на вынік, але шэсць-дванаццаць тысяч лістоў, безумоўна, дадуць плён.

З пачатку 2016 года Мінская гарадская арганізацыя ТБМ пачала перапіску з гіпермаркетамі, каб у іх адкрылі хаця б адну касу з беларускай мовай абслугоўвання, адказы былі стандартнымі: прынялі да разгляду, але нікому гэта не патрэбна, бо ў нас дзве дзяржаўныя мовы.

Далей быў зварот да Вас, сябры, каб кожны напісаў мінімум адзін ліст у падтрымку нашай ініцыятывы і даў зваротную інфармацыю. І вось ужо пайшоў другі месяц, але ад вас нічога няма.

І тут паўстае пытанне, ці патрэбна кіраўніцтву ТБМ арганізоўваць такія ініцыятывы, калі ад сяброў арганізацыі няма ніякай падтрымкі.

Сябры, па ўсёй краіне нас з вамі паводле апошніх звестак больш за шэсць тысяч чалавек, думаю, што напісаць адзін ліст (тым больш ёсць іх узоры) не складана і па грашовых выдатках, і па фізічных намаганнях.

Без дзейнай падтрымкі сваіх сяброў любая грамадская арганізацыя не можа дасягнуць пастаўленых перад ёю задач. Праявіце, калі ласка, больш актыўнасці да гэтай ініцыятывы і да наступных. І тады беларускай мовы стане болей у нашым з вамі штодзённым жыцці.

Спадзяюся на вашу падтрымку!

З павагай,

старшыня Мінскай гарадской

арганізацыі грамадскага аб’яднаная

“Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны”                                                                                                      Аляксандр Давідовіч

 


← вярнуцца ў навіны