Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

За змены разам!

2016.07.06 0

 Выява з сайта news.tut.by.

У гэтым годзе наша краіна будзе святкаваць 25-я ўгодкі незалежнасці. Гэта сапраўды значная падзея, бо мы маем уласную дзяржаву, можам вольна выязджаць за мяжу, беларускія маладзёны служаць у беларускім войску, мы маем свае грошы. Наша працавітасць забяспечыла лепшы, чым быў у XIX-XX стст., дабрабыт. Упершыню за апошнія 5 стагоддзяў жыхары Беларусі ўжо больш за 70 год запар не ведаюць вайны. У нашай краіне не паміраюць з голаду і нікога не гоняць на чарговую сусветную ці лакальную вайну. 

Аднак у апошнія гады сітуацыя ў свеце і ў Беларусі моцна змянілася. Нацыянальная культура, адукацыя, медыцына знаходзяцца ў заняпадзе, назіраецца эканамічны і палітычны крызіс. Да нашых паўднёвых межаў падышоў ваенны канфлікт ва Украіне, на захадзе адбываюцца вялікія вайсковыя вучэнні НАТА, а наш усходні сусед падганяе свае танкі да нашай мяжы і патрабуе новую ваенную базу на нашай тэрыторыі.

Таму далейшая сітуацыя ў нашай краіне будзе залежаць ад тых дэпутатаў нашага парламента, якія будуць абраныя 11 верасня 2016 года, і ад таго, ці будуць новыя дэпутаты ўголас адстойваць інтарэсы грамадзян, альбо будуць паслухмяна галасаваць за ўсё, што ім прапануе выканаўчая ўлада.

Таму выбар дэпутата - надзвычай важны ўчынак, бо жыццё і дабрабыт выбаршчыкаў можа залежыць ад абранага дэпутата.

Я, Трусаў Алег Анатольевіч, маючы багаты жыццёвы і палітычны вопыт, будучы сярод тых дэпутатаў Вярхоўнага савета ХІІ склікання, якія зрабілі нашу краіну незалежнай, адчуваю тую небяспеку, якая ў апошнія гады нам стала пагражаць непасрэдна. Таму я і прыму ўдзел у гэтых выбарах ад 96-й Чкалаўскай выбарчай акругі г. Мінска, у тэрытарыяльных межах якой я працую з 1995 г. і добра ведаю сітуацыю ў гэтай частцы сталіцы.

Некаторыя кажуць, што сапраўдных выбараў у нас даўно няма, што галасы выбаршчыкаў не лічаць, а дэпутатаў не выбіраюць, а "назначаюць", таму грамадзяне і не звяртаюцца па дапамогу, бо не ведаюць абраных. Многія жыхары г. Мінска не прымаюць удзел у выбарах і не вераць, што яны могуць нешта змяніць да лепшага. Але сітуацыю можна змяніць, калі пачаць дзейнічаць.

Для таго, каб мяне зарэгістраваць у якасці кандыдата ў дэпутаты, неабходна сабраць не менш за 1000 Вашых подпісаў.

У сваёй праграме я буду прапаноўваць рэформу нашай заканадаўчай улады і прапаноўваць прывязаць заробкі і пенсіі чыноўнікаў да сярэдніх па краіне. Заробкі і пенсіі настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, медыкаў павінны быць роўныя заробкам і пенсіям міліцыянтаў, вайскоўцаў ці дзяржаўных чыноўнікаў, як і тэрмін выхаду на пенсію. А таксама ў праграме будзе ісці гаворка пра сучасны экалагічны стан у Кастрычніцкім раёне г. Мінска, які выклікае вялікую занепакоенасць.

Студэнты павінны быць вызваленыя ад абавязковага размеркавання і мець ільготны кошт на праезд у грамадскім транспарце, як і пенсіянеры. Выдаткі на культуру павінны зноў складаць не менш за 2% ад гадавога бюджэта. Усе законы парламент павінен прымаць перадусім на беларускай мове з перакладам на рускую і іншыя мовы пры неабходнасці.

Данесці маю праграму да большай колькасці выбаршчыкаў дапаможа Ваш подпіс. Менавіта Вы вырашаеце свой далейшы лёс.

З павагай,

Алег Трусаў


← вярнуцца ў навіны