Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Нас можа аб'яднаць толькі беларуская мова!

2016.02.28 1

 Выява з сайта novychas.by.

Для нашай краіны беларуская мова з'яўляецца тым адзіным аб'яднаўчым фактарам, які дазваляе нам захаваць нашу незалежнасць і дзяржаўнасць. Бо калі мы яе страцім, ліквідацыя нашай незалежнасці - справа часу. Дастаткова згадаць аншлюс Гітлерам Аўстрыі ў 1938 годзе. Менавіта моўны фактар прывёў да акупацыі Крыма і вайны на Данбасе.

Зараз мы маем унікальную магчымасць паказаць нашым грамадзянам і ўсёй сусветнай супольнасці, што наша мова можа аб'яднаць нас у цяжкую хвіліну існавання. У гэтым годзе адбудзецца палітычная кампанія пад назвай "Выбары ў заканадаўчы орган краіны". Калі раней шмат якія апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі заяўлялі пра байкот выбараў, то зараз яны збіраюцца ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Але кожная палітычная сіла мае свае канкрэтныя інтарэсы. Адны сцвярджаюць, што паколькі "галасы не лічаць", то да канца ісці не трэба. Другія спадзяюцца на ласку ўлады на цёплыя дэпутацкія месцы з вялікім заробкам і адпаведнымі пенсіямі. Некаторыя, што забыліся, як трэба ўдзельнічаць у палітычнай кампаніі, спяваюць старую песню пра байкот. Сітуацыя кардынальна змянілася пасля адмены санкцыяў Еўразвязам і агрэсіўнай палітыкай Расіі. Сённяшняя беларуская ўлада не мае плану па выхаду з крызіса і павышэння дабрабыту нашых людзей. Таму ў чарговы раз яны збіраюцца абкласці нас дадатковымі падаткамі, вялікімі коштамі за камуналку і павышэннем пенсійнага ўзросту. А самі ў гэты час за наш кошт будуюць шматмільённыя катэджы ў Драздах і іншых прэстыжных месцах Беларусі. Увесь час заклікі дэмакратычнай супольнасці да апазіцыі, каб яна аб'ядналася, застаюцца марнымі. Таму што не знойдзена фактара, на грунце якога можна аб'яднацца ўсім сумленным людзям Беларусі. Мы лічым, што такім фактарам можа стаць беларуская мова, якая ў свой час дазволіла БНФ у савецкі час атрымаць сваю фракцыю ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання. Прычым некаторыя сябры БНФ, не валодаючы беларускай мовай і не з'яўляючыся беларусамі, авалодвалі ёю на працягу года-двух. Дастаткова прыгадаць Галіну Сямдзянаву. Як толькі беларускамоўная фракцыя БНФ з'явілася ў Вярхоўным Савеце, па-беларуску загаварылі яго кіраўнікі - Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб і Сямён Шарэцкі. Па-беларуску пачалі прымацца законы, пастановы і загады.

У першай Канстытуцыі Беларусі 1994 г. беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны. І менавіта па беларускай мове быў нанесены шалёны ўдар падчас травеньскага рэферэндуму 1995 г. не без дапамогі ўсходняга суседа. Дабілі дзяржаўную беларускую мову ў 1998 г., калі ў Закон аб мовах унеслі змены: славутае ці (або). Дзякуючы гэтым папраўкам, жывучы ў Беларусі, можна не карыстацца беларускай мовай, за некаторымі  выключэннямі.

Вядома, можна не карыстацца прынцыпова і рускай мовай, але для гэтага трэба мець мужнасць і адпаведную адукацыю. Такія папраўкі супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што неаднаразова засведчана Канстытуцыйным Судом Беларусі. Усе намаганні ТБМ па змене вышэйзгаданага закона пакуль што плёну не далі. Больш таго, сённяшні беларускі парламент не прымае законы (за асобнымі выключэннямі) на дзяржаўнай беларускай мове і нават не робіць іх афіцыйнага перакладу. Справа дайшла да таго, што нават суддзі наймаюць за дзяржаўныя грошы перакладчыкаў, калі ўдзельнікі судовага працэсу патрабуюць весці яго па-беларуску. Усё гэта прыводзіць да таго, што мы, беларускія патрыёты, якія хочуць захаваць нашу незалежнасць, мусім браць актыўны ўдзел у сёлетняй палітычнай кампаніі. З гэтай нагоды Рада ТБМ прыняла адпаведны Зварот. Мы лічым, што на працягу бліжэйшых месяцаў можна стварыць групу асобаў, якія згодныя вылучыцца ў якасці кандыдатаў на сёлетніх парламенцкіх выбарах з мэтай змяніць моўную сітуацыю ў нашай краіне на карысць роднай беларускай мовы. Мы прапануем скласці адзіны парламенцкі спіс кандыдатаў у дэпутаты пад агульным лозунгам "Беларускую мову - у беларускі парламент!". Пры гэтым асобы, якія пажадаюць увайсці ў гэты спіс, будуць праводзіць усю кампанію па-беларуску ад самага пачатку да канца. У гэты спіс могуць увайсці любыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія падзяляюць вышэйзгаданыя прынцыпы і здольныя аб'яднаць вакол сябе ад 10 да 15 сяброў і прыхільнікаў. Маючы групу аднадумцаў, яны могуць з пачатку выбарчай кампаніі збіраць тысячу подпісаў у той акрузе, дзе яны вылучаюцца. На сёння мы маем 110 акруг, такім чынам, памнажаем на 15 і маем некалькі тысяч людзей, якія некалькі месяцаў гавораць па-беларуску і прыцягваюць увагу выбаршчыкаў. Гэты і будзе тое рэальнае аб'яднанне апазіцыі, пра якое вядзецца гаворка ўжо гадоў 20. Бо ўвайсці ў гэты спіс могуць як сябры палітычных партый, так і цалкам незалежныя грамадзяне. Гэту ідэю падтрымала на сваім паседжанні 16 лютага Рада кангрэса за незалежнасць.

Мы запрашаем грамадзян Беларусі да шырокага дыялогу на гэту тэму і паведамляем нашы кантакты:

220116, г.Мінск, а/с 22

siadziba@gmail.com

niezaleznasc@gmail.com

Алег Трусаў,

Алена Анісім

 

Каментары

Госць 2016-02-29 00:00:00

"Мы лічым, што такім фактарам можа стаць беларуская мова, якая ў свой час дазволіла БНФ у савецкі час атрымаць сваю фракцыю ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання." Па-мойму, не толькі і не столькі дзякуючы беларускай мове БНФ "атрымаў сваю фракцыю". Асноўным лозунгам было змаганне супраць партакратаў, іхніх прывілеяў і г.д. Нават праз 4-5 гадоў пасля выбараў 1990 г. далёка не ўсе члены фракцыі БНФ выступалі ў Вярхоўным Савеце па-беларуску, Сяргея Антончыка ўспомніце.


← вярнуцца ў навіны