Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Справаздачны даклад старшыні ТБМ аб дзейнасці арганізацыі за 2015 год

2016.01.16 3

Справаздачны даклад старшыні ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2015 год

Як і заўсёды, мінулы год прайшоў для нас у штодзённай стваральнай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.

Жыццё не стаіць на месцы, і за гэты час адышлі ў лепшы свет актыўныя сябры і заснавальнікі ТБМ гісторык Анатоль Грыцкевіч і пісьменнік Уладзімір Содаль, актывісты ТБМ, былыя сябры Рэвізійнай камісіі ТБМ Уладзімір Кішкурна і Барыс Мускі, вязень сталінскага ГУЛАГу Аляксандр Доўбік, актывістка ТБМ з Берасця, настаўніца беларускай мовы Марыя Лукашук, галоўны рэдактар газеты "Новы час" Аляксей Кароль, старшыня Баранавіцкай арганізацыі ТБМ Віктар Сырыца і шмат іншых сяброў і прыхільнікаў роднага слова.

Зараз наша арганізацыя налічвае больш за 7000 чалавек. З іх у базе дадзеных сакратарыята па стану на 1 студзеня 2016г. знаходзіцца 6 тысяч 210 чалавек.

Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Мінску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гродна, Ліды, Полацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Мінска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Оршы, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Мінску. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі “Наша слова”, “Новы час”, "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", "Краязнаўчая газета"  і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё “Свабода”, радыё “Рацыя”, Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.

Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас хвалюе сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Брэсце, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Клецку, Навагрудку і Мазыры.

Беларуская мова паступова  вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ, з'яўляюцца новыя праграмы з удзелам моладзі на беларускай мове. Быў створаны новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае.

З красавіка 2014 г. па чэрвень 2015 г. рэгулярна праводзіўся маніторынг моўных правоў грамадзян Беларусі. Мы накіравалі запыты аб стане моўных правоў усіх 117 раённых выканаўчых камітэтаў Беларусі. Зроблены аналіз адказаў мясцовых райвыканкамаў паказвае, што большасць рашэнняў выканкамаў і пастаноў мясцовых раённых саветаў прымаецца на рускай мове. Справаводства таксама пераважна вядзецца па-руску. Атэстацыя валоданнем беларускай мовай супрацоўнікамі арганізацый дзяржаўнай улады не праводзіцца.

Беларуская мова найбольш пашырана ў сферы культуры, адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ў візуальным афармленні.

У Савеце Міністраў Беларусі за вышэй азначаны перыяд па-беларуску было прынята толькі 13% пастаноў (170 з 1287) і 64% распараджэнняў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь (246 з 384).

Маніторынг аказвае стымулюючае дзеянне. Некаторыя органы ўзялі на сябе абавязальніцтвы па паляпшэнню сітуацыі, асабліва ў стварэнні беларускамоўных версій сайтаў.

Мы накіроўвалі запыты аб стане моўных правоў ва ўсе раённыя адміністрацыі г. Мінска (9), ва ўсе ўніверсітэты і іншыя ВНУ (42), рэспубліканскія (8), абласныя (3) і гарадскія газеты (4), суды розных інстанцый (20), міністэрствы (21), камітэты (8) і іншыя дзяржаўныя структуры агульнадзяржаўнага значэння (15). Атрымана ўнікальная інфармацыя, якая патрабуе дэталёвага абагульнення. Маніторынг робіць станоўчы ўплыў на розныя дзяржаўныя структуры, якія абяцаюць пашыраць ужыванне дзяржаўнай беларускай мовы ў сваёй дзейнасці. Напрыклад, зрабіць беларускамоўныя версіі сваіх афіцыйных сайтаў. Дарэчы, з ліпеня 2014 г. сайт МЗС атрымаў сваю беларускамоўную версію, міністр замежных спраў У. У. Макей і яго намесніца А. Купчына пачалі рабіць афіцыйныя выступы па-беларуску.

У цяперашні час незалежна ад мовы навучання ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі беларуская мова вывучаецца з першага класа, у V-ХI класах на вывучэнне беларускай і рускай моў адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання вядзецца работа па прапагандзе вывучэння вучэбных прадметаў “Гісторыя Беларусі” і “Геаграфія” на беларускай мове. У выніку праведзенай работы ў 2015/2016 навучальным годзе ў г. Мінску пажадалі вывучаць вучэбны прадмет “Гісторыя Беларусі” на беларускай мове 7943 вучні (у 2014/2015 – 1132), вучэбны прадмет “Геаграфія” – 1015 вучняў (у 2014/2015 – 253).

З мэтай захавання мовы як культурнай спадчыны беларускага народа ва ўстановах адукацыі арганізуюцца канферэнцыі, выставы мастацкай літаратуры, Дні і Тыдні беларускай мовы і літаратуры, алімпіяды, конкурсы, тэматычныя выхаваўчыя гадзіны; ствараюцца віртуальныя музеі і этнаграфічныя пакоі, на базе якіх праводзяцца вучэбныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы, экскурсіі на беларускай мове. Ва ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання краіны працуюць гурткі, клубы і іншыя аб’яднанні вучняў, у якіх арганізавана вывучэнне гісторыі, этнаграфіі, фальклору, тапанімікі роднага краю. Так, напрыклад, толькі ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і молодзі Гродзенскай вобласці дзейнічаюць больш за 200 гурткоў па вывучэнні гісторыі Беларусі, культуры мовы і інш.

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі выкладаецца курс “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”. Распрацоўваюцца і выдаюцца вучэбна-метадычныя комплексы па асобных вучэбных прадметах (дысцыплінах), у тым ліку і спецыяльных. Для ажыццяўлення якаснага выкладання дысцыплін на беларускай мове арганізавана павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў (праз спецыяльныя курсы). У асобных установах вышэйшай адукацыі (звыш 20) створаны вучэбныя групы, у якіх студэнты навучаюцца на рускай і беларускай мовах. Пашыраецца колькасць спецыяльных дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове.

Факультатыўныя заняткі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца ў адпаведнасці з зацверджанымі Міністэрствам адукацыі праграмамі факультатыўных заняткаў. У цяперашні час на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры арганізацыі факультатыўных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання рэкамендуецца выкарыстоўваць праграмы факультатыўных заняткаў “Храмы, палацы і замкі Беларусі” (VII клас), “Архітэктура Беларусі” (IX клас), якія распрацаваныя на беларускай мове.

Актыўна займаліся моўным маніторынгам нашыя рэгіянальныя структуры. Так, сябры ТБМ Гродзенскай вобласці зрабілі і надрукавалі ў газеце “Наша слова” №21 ад 27 траўня 2015 г. артыкул “Маніторынг моўнай сітуацыі на Гарадзеншчыне ад ТБМ (2014–2015 гг.). Адпаведная праца была зроблена ў Мінскай вобласці, Лідзе, Мінску, Салігорску, Гомелі і Паставах. У № "Нашага слова" надрукаваны моўны маніторынг, які зрабілі сябры Асіповіцкай раённай арганізацыі ТБМ.

Дзякуючы нашым намаганням паступова пашыраецца выкарыстанне беларускай мовы на беларускім тэлебачанні.

Так, на тэлеканале “Беларусь 3”, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампаніі, доля беларускамоўнага кантэнту ў 2015 годзе складала прыкладна 30%. У той жа час 70% уласнага кантэнту (перадачы, якія былі створаны тэлеканалам і па заказе) вырабляецца на беларускай мове. Гэта праграмы “Дыя@блог. Пра мову”, “Дыя@блог. Пра літаратуру” і “Дыя@блог. P. S.” “Наперад у мінулае”, “Размовы пра духоўнае”, “Хіт-парад “Сто песень для Беларусі”, “Сіла веры”, “Калейдаскоп”, “Дабраранак” і “Калыханка”, уся анонсная прадукцыя і большасць канцэртаў. Спецыяльна для папулярызацыі беларускай мовы створана тэлеперадача “Размаўляем па-беларуску”, якая выходзіць у двух варыянтах: кароткая інфармацыйная і тэлевіктарына. Адзначым, што праект карыстаецца вялікай папулярнасцю ў тэлегледачоў.

Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прымалі актыўны ўдзел у 8-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай памяці Францішка Багушэвіча, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.

На Свяце роднай мовы, якое ладзіла Арт-Сядзіба ў Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага, прынялі чынны ўдзел першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, якая чытала тэкст дыктоўкі, а таксама намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі, які ў межах гэтага свята прэзентаваў новыя ініцыятывы ТБМ.

У мінулым годзе выйшлі 12 і 13 нумары часопіса “Верасень” (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 – 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Увесь 2015 г. працавалі беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам Людмілы Бурлевіч і Леанарды Мухінай, а таксама псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі “Школа асобаснага росту” Людмілы Дзіцэвіч.

Летась актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства “Прамова”, кіраўнік – Аляксандр Давідовіч.

Варта адзначыць вялікі поспех курсаў "Мова нанова", заснаваных актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенка і Алесяй Літвіноўскай. Курсы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю, іх наведалі больш за тысячу асобаў у розных гарадах краіны, дзе працуюць філіялы гэтых курсаў.

Актыўна дзейнічае зараз гістарычная школа пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках з Алегам Трусавым” (каардынатар Алена Анісім).

Мы працягваем выпускаць “Наша слова” (наклад 2000 год) ў фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865). Нягледзячы на тое, што з’яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. У мінулым годзе створаны адмысловы сайт газеты.

Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ў першай палове 2015 г.  выдзеліла сродкі на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.

Вось ужо сёмы год кіраўнік Гродзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гродзеншчыны.

У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Дзякуючы яму, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За мінулы год зафіксавана 79 тысяч 789 праглядаў са 108 краін свету. Значную цікавасць выклікаў конкурс на размяшчэнне матэрыялаў у беларускай Вікіпедыі. Удзельнік Artificial123, які стварыў каля 20 якасных перакладаў артыкулаў, атрымаў за маштабнасць і тэхнічнасць працы прыз III ступені за артыкул "Руаль Амундсен”. Другое месца заняў удзельнік Gruszecki за артыкул "Беларускае фэнтэзі”. Прыз I ступені выйграў удзельнік Kocia1992 за артыкул "Беларускі нацыянальны касцюм”. 28 чэрвеня, у сядзібе ТБМ адбылося ўзнагароджанне ўдзельніка, які заваяваў прыз І ступені. Дзяўчына на імя Вольга, зарэгістраваная ў Вікіпедыі як удзельнік “Коця”, атрымала планшэт Lenovo Yoga Tablet. Яе матэрыял размешчаны на нашым партале і надрукаваны ў "Нашым слове". Пра гэты конкурс і яго вынікі распавядала радыё "Свабода".

Цяжкая сітуацыя па-ранейшаму ў беларускамоўнай адукацыі. Закрываюцца малакамплектныя вясковыя школы, якія працавалі на беларускай мове. Дзяцей пераводзяць у іншыя школы з рускай мовай навучання.

У канцы 2014 г. ТБМ звярнулася ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь (далей -НЦЗіПД) з прапановай уключыць у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 г. распрацаваны ТБМ законапраект “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. У прыватнасці, заключныя палажэнні гэтага законапраекта прадугледжваюць пераклад асноўных нарматыўных прававых актаў на беларускую мову. У адмове НЦЗіПД уключыць законапраект у план падрыхтоўкі на 2015 г. выказана меркаванне, што адсутнасць заканадаўча замацаванага абавязку ўжывання ва ўсіх сферах грамадскіх адносін адначасова дзвюх дзяржаўных моў не з’яўляецца падставай для дыскрымінацыйнага падыходу ў выкарыстанні беларускай мовы. Разам з тым, у тым жа адказе НЦЗіПД канстатаваў, што колькасць дзейсных нарматыўных прававых актаў на рускай мове складае больш за 33 300 (апрача тэхнічных нарматыўных прававых актаў, міжнародна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь), чым, на наш погляд, засведчыў супярэчлівасць уласных разважанняў.

Падрабязная інфармацыя аб ужыванні беларускай мовы ў судовай сістэме Беларусі размешчана на нашым сайце.

Па замове ТБМ было зроблена 8 відэафільмаў: адзін з іх пра новыя тактыкі для распаўсюджвання шматмоўя, у той час як яшчэ адзін – аб моўных правах у царкве. Сярод іх - “Змагары за мову”, “Анталогія русіфікацыі”, “Культура і бізнэс” і “Беларуская мова ў рэкламе”.

Разам з ГА “Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына” знята 9 відэафільмаў. Дыяпазон з самых наведвальных беларускіх вэб-старонак падтрымлівае гэту серыю. Яны дэманструюцца на трох абвешчаных вэб-старонках і YouTube, і яшчэ на 20 іншых вэб-старонках. Тысячы людзей ужо прагледзелі іх. Некаторыя з іх адправілі нам лісты, якія прапануюць дапамогу ў здымках новых эпізодаў ў іх населеных пунктах.

Кожны з фільмаў распавядае пра нейкае беларускае паселішча, падаючы інфармацыю аб яго назве, гісторыі, культуры, і г. д. Мэта гэтай дзейнасці заключаецца ў наступным: відэасюжэты забяспечваюць права народа на атрыманне інфармацыі на роднай мове. Яны папулярызуюць беларускую мову, беларускія геаграфічныя назвы, культуру і гісторыю. Некаторыя з гэтых відэа прадстаўляюць Беларусь як краіну з традыцыямі моўнай разнастайнасці і цярпімасці.

Навукова-папулярныя сюжэты маюць працягласць каля 10 хвілін. Гэтая відэасерыя стала працягам папулярнага праекта “Кгаj-By”.

Існуе ангельская версія нашага партала, якая карыстаецца попытам у англамоўных наведвальнікаў. Была створана асобная старонка з артыкуламі па інавацыйных тактыках абароны моўных правоў. Гэтыя артыкулы былі апублікаваныя ў некалькіх друкаваных выданнях і прынеслі плён, напрыклад, Міністэрства культуры папярэдне ўхваліла ідэю музея мовы.

Створана 7 новых вэб-старонак для мясцовых структур ТБМ: у Мінскай вобласці (в. Мікулічы, г. Салігорск, Бярэзінскі раён), у г. Мінску (Савецкі раён), у Віцебскай вобласці (г. п. Шаркаўшчына, г. п. Бешанковічы і г. Паставы) і ў Брэсцкай вобласці (г. Пінск і Пінскі раён).

28 сакавіка 2015 г. у Мінску адбылася Міжнародная канферэнцыя “Моўныя правы і іх абарона”. Былі запрошаныя праваабаронцы і навукоўцы з Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі, Эстоніі. Сярод беларускіх удзельнікаў праваабаронцы з праваабарончага цэнтра “Вясна”, навукоўцы з НАН Беларусі, вядучых універсітэтаў краіны.

Было праведзена пленарнае паседжанне і 2 секцыі. У канферэнцыі прынялі ўдзел звыш 50 удзельнікаў. Інфармацыя пра канферэнцыю была апублікаваная ў “Свободных новостях плюс”, у “Нашым слове”, на Еўрарадыё, ва ўкраінскіх СМІ.

Па выніках канферэнцыі ў чэрвені 2015 г. быў надрукаваны зборнік (у дзвюх частках). Гэта каштоўная крыніца інфармацыі для навукоўцаў і абаронцаў моўных правоў. Экземпляры матэрыялаў канферэнцыі былі перададзены ў бібліятэкі і навуковыя асяродкі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Англіі, Германіі.

Для рэкламы сваёй дзейнасці мы надрукавалі каляровы буклет разам з календаром у колькасці 1600 асобнікаў.

Буклеты распаўсюджаны ў Мінску, у Баранавічах, Слуцку, Салігорску, Лідзе, Гомелі і за мяжой (у Літве, Украіне, Польшчы і Расіі). Зроблена і англамоўная версія буклета ТБМ, якая размешчана на сайце ў зручным для пампавання фармаце.

Сакратарыят ТБМ у мінулым годзе накіраваў усім кандыдатам у прэзідэнты прапановы па паляпшэнні стану беларускай мовы ў краіне, каб яны ўключалі адпаведны пункт у свае прадвыбарчыя праграмы. Трэба адзначыць, што сп. Таццяна Караткевіч нашы прапановы ўключыла ў сваю праграму са спасылкай на нашу арганізацыю.

Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Гродна, Магілёва, Паставаў, Шклова, Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленэры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Станіслава Судніка, Алега Дзьячкова, Алеся Кроя.

Улічваючы інфляцыю, Рада ТБМ прыняла рашэнне з 1 студзеня 2016 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што большасць суполак ТБМ своечасова здалі складкі, а таксама сабралі немалыя ахвяраванні. Па стану на 31 снежня 2015 г. на нашым рахунку было 20 мільёнаў 667 тысяч беларускіх рублёў..

Адбыліся змены ў рэгіянальным кіраўніцтве ТБМ. Абраныя новыя кіраўнікі ў Гомелі, у Баранавічах і некаторых раённых арганізацый у Менску. У мінулым годзе былі выдадзены насценныя і кішэнныя календары і паштоўкі, прысвечаныя Францішку Багушэвічу, Генадзю Бураўкіну і Кастусю Тарасаву. Прыгожы настольны каляндар выдала Лідская арганізацыя ТБМ.

Дзякуючы супрацоўніцтву з кампаніяй "Новы паварот" выйшаў новы дыск з заданнямі і каментарамі на беларускай мове для здачы экзамена на правы кіроўцаў.

Напрыканцы 2015 г. па ініцыятыве ТБМ быў створаны аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, у які ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх арганізацый. Сустаршынямі аргкамітэта абраны сп. Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Колас і Алег Трусаў.

Шаноўнае спадарства!

У новым годзе нас чакае шмат розных спраў.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на правядзенне выбараў у беларускі парламент у верасні гэтага года. Было б добры, каб сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у гэтай кампаніі з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і прапанавалі праводзіць парламенцкую кампанію на беларускай мове. Таксама трэба прапанаваць кандыдатам уключыць у свае праграмы наступныя пункты:

1. Беларускі парламент павінен працаваць на беларускай мове, г.зн. усе законы рыхтуюцца і прымаюцца на дзяржаўнай беларускай мове.

2. Унесці неабходныя змены ў Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь.

3. Прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

Жадаем вам моцнага здароўя, духоўнай моцы і аптымізму.

Дзякуй вам усім за актыўную працу на карысць беларускай мовы і нашай Бацькаўшчыны.

Жыве наша мова і жыве Беларусь!

 

24 студзеня 2016 г.

Старшыня ТБМ                                                                            Алег Трусаў

Каментары

Госць 2016-01-15 21:52:34

Впечатлен системной и кропотливой работой ТБМ им. Ф. Скарыны. Валер Барташ,Севастополь

Госць 2016-02-14 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --

Госць 2016-02-14 00:00:00

-- выдалена адміністратарам --


← вярнуцца ў навіны