Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Сумныя ўгодкі

2015.05.12 3

Сёлета, 14 траўня (мая), споўніцца 20 год першаму беларускаму рэферэндуму. Трэба сказаць, што ні ў Расійскай імперыі, а потым у СССР ніякіх рэферэндумаў не было. Бальшавікі, якія ў 1917 годзе прайгралі першыя, адносна дэмакратычныя выбары, разагналі “Учредительное собрание” і не збіраліся раіцца з народам, ад імя якога кіравалі самай вялікай краінай свету. І толькі ў часы “перабудовы”, напрыканцы існавання СССР, быў прыняты закон аб рэферэндуме. Рэферэндум упершыню быў праведзены ў сакавіку 1991 года з мэтай захаваць СССР. У гэты час законы аб рэферэндумах пачалі прымаць і саюзныя рэспублікі. Адной з першых была Украіна, народ якой прагаласаваў за незалежнасць сваёй краіны, што паскорыла распад СССР. Адпаведны закон быў прыняты пасля доўгіх спрэчак і абмеркаванняў і ў Рэспубліцы Беларусь.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў-1994 увесну 1995 года сітуацыя ў краіне стала вельмі складанай. Пасля таго, як прэзідэнт збудаваў сваю вертыкаль улады, яму стала замінаць як Канстытуцыя 1994 года, так і Вярхоўны Савет ХІІ склікання, у якім большасць дэпутатаў на выбарах 1994 года падтрымлівала яго асноўнага канкурэнта – Вячаслава Кебіча. Таму прыхільнікі ўзурпацыі ўлады ў адных руках вырашылі правесці рэферэндум па чатырох асноўных пытаннях:

2.1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?

2.2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і герба Рэспублікі Беларусь?

2.3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?

2.4. Ці згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?

Самае галоўнае было чацвёртае пытанне, якое дазваляла ліквідаваць Вярхоўны Савет і змяніць Канстытуцыю на сваю карысць. Першыя два пытанні, якія закон аб рэферэндуме не дазваляў наогул выносіць на ўсенароднае абмеркаванне, павінны былі нанесці ўдар па беларускіх патрыётах і падрыхтаваць чарговую анексію Беларусі суседняй дзяржавай, дзе ўжо пачалі марыць аб былой Расійскай імперыі, тым больш што трэцяе пытанне паскарала гэты працэс.

Апазіцыя ў ВС, а таксама дэмакратычныя дэпутаты як маглі супраціўляліся гэтаму ціску і выносілі свае варыянты пытанняў на рэферэндум, асабліва пасля таго, як у сакавіку 1995 года 74 дэпутаты ВС звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай надаць рускай мове (у Беларусі) статус другой дзяржаўнай. Іх прозвішчы былі надрукаваны ў газеце “Звязда” ад 18 сакавіка 1995 года. Пра іх ініцыятыву беларускі паэт і дэпутат Ніл Гілевіч сказаў наступнае: “Гэта значыць, патрабуюць беларускую мову як дзяржаўную ліквідаваць. Іначай разумець іх просьбу нельга. У нашых умовах даць рускай мове правы дзяржаўнай – гэта азначае: беларускай мове смерць.

Вось такія патрыёты Роднай зямлі, Роднай мовы. Такія слугі беларускага народа.”

У сваю чаргу 10 красавіка 1995 г. ад 70 да 73 дэмакратычных дэпутатаў унеслі такія прапановы, як:

1) Просім ўнесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:
“Ці згодны вы з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які выкладзены ў наступнай рэдакцыі: “Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова.
Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай, як мовай міжнацыянальных зносін”?”
“Так” ці “Не”.
(73 дэпутаты)

2) Просім вынесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:
“Ці згодныя вы з дзеючай дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь (Бел-чырвона-белы сцяг, Герб “Пагоня”)?”
“Так” ці “Не”.
(72 дэпутаты)

3) Просім вынесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:
“Ці задавальняе вас выкананне Прэзідэнтам Беларусі А.Лукашэнкам яго перадвыбарчай праграмы ў галіне эканомікі, сацыяльнай абароны грамадзян і барацьбы з карупцыяй?”
“Так” ці “Не”.
(70 дэпутатаў)

Аднак гэтыя прапановы не былі падтрыманыя бальшынёй ВС Беларусі, і тады частка апазіцыі пайшла на радыкальны крок і 11 красавіка абвесціла галадоўку пратэсту прама ў зале парламента. І здарылася неверагоднае, дэпутаты не прынялі пытанні па мове, сімвалах і роспуску ВС, засталося толькі пытанне аб эканамічнай супрацы з Расіяй. Дэмакратыя ў Беларусі 11 красавіка 1995 года перамагла.

Тады ноччу 12 красавіка дэпутаты, што засталіся начаваць у зале ВС былі жорстка збітыя і выдаленыя сілай “невядомымі” людзьмі са зброяй у руках. Наступілі доўгія гады аўтакратыі і бяспраўя.

На наступны дзень перапалоханыя дэпутаты прынялі Пастанову ВС Беларусі аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам, 14 мая 1995 года, прычым чацвёртае – галоўнае – пытанне мела толькі рэкамендацыйны характар. Адначасова на гэты дзень былі абвешчаны і выбары дэпутатаў у Вярхоўны Савет Беларусі ХІІІ склікання.

Улады на рэферэндум народныя грошы не шкадавалі. На мой запыт па гэтым пытанні міністр фінансаў сп. Дзік 24.03.1995 г. адказаў, што для правядзення 14 мая 1995 г. неабходна ад 4 да 5 млрд. рублёў, а далей ён паведаміў наступнае: “Что касается расходов на отмену существующей символики и изготовление и распространение новой, то такими данными Министерство финансов не располагает.”

І вось надышоў “судны дзень” 14 траўня 1995 г. Тады я ўдзельнічаў у выбарах у ВС па 247 Мірашнічэнкаўскай выбарчай акрузе і некаторыя з маіх назіральнікаў на асобных выбарчых участках зрабілі падлікі па выніках рэферэндуму.

Варта адзначыць, што ў Мінску рэферэндум ледзь не праваліўся, бо ў ім узялі ўдзел толькі 52,4% выбаршчыкаў. Не вельмі добрыя вынікі былі і па Беларусі ў цэлым, бо тады галасы яшчэ лічылі. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у рэферэндуме прынялі ўдзел толькі 64,8%. З іх за захаванне адзінай дзяржаўнай беларускай мовы прагаласавала 613 516 чалавек (12,7%), а за нацыянальную сімволіку 988 839 чалавек альбо 20,5%, што склала толькі 44,3% ад усіх выбаршчыкаў. Большасць беларускага народа ў маі 1995 года засталася верная сваім спрадвечным сімвалам.

За роўнасць дзвюх дзяржаўных моў прагаласавала 4017273 чалавекі, альбо 51,81%. Хочацца праз 20 гадоў спытаць у ініцыятараў рэферэндума, а ДЗЕ Ж ТАЯ РОЎНАСЦЬ? Чаму вы праігнаравалі волю 4 млн чалавек, панове?

У першым нумары “ЛіМа” пасля рэферэндуму пад загалоўкам “Ганьба тыдня” чытаем: “Тое, што адбылося на Беларусі, - пакуль не трагедыя. Гэта – фарс, гэта – агонія посткамуністычных сіл, у якіх няма ні перспектывы, ні будучыні. Яны непазбежна пацерпяць крах, але шлях Беларусі і беларусаў да спраўднай незалежнасці ляжыць праз ганьбу і пакуты. Ганьбу мы перажываем цяпер, а пакуты – наперадзе”.

Дваццаць гадоў пакутаў прайшлі, а пагроза незалежнасці засталася. Пра гэта варта памятаць кожнаму беларускаму патрыёту.

Алег Трусаў,
старшыня ТБМ,
спецыяльна для партала ТБМ

Каментары

Госць 2015-05-14 11:57:25

"Пасля прэзідэнцкіх выбараў-1994 увесну 2015 года..." - папраўце на "1995 года". "12 красавіка абвесціла галадоўку пратэсту..." - гэта было 11 красавіка, а ў ноч на 12-е (не на 13-е!) дэпутаты "былі жорстка збітыя". Дзіўна, што сам удзельнік тых падзей блытаецца...

Госць 2015-05-15 22:20:44

Дзякуй, памылкі паправілі!

Госць 2015-05-16 23:17:20

Але ж і паправілі: "Пасля прэзідэнцкіх выбараў-1995 года"... :) Трэба: "Пасля прэзідэнцкіх выбараў-1994 увесну 1995 года..."


← вярнуцца ў навіны