Працуюць
76Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
220034, г. Менск,
вул. Румянцава, 13
siadziba@gmail.com
+375 17 263-85-11
Структуры ТБМ працуюць ў 76 населеных пунктах Беларусі, а таксама ў Маскве, Іркуцку, Вільні, Пецярбурзе, Рызе.
Арганізацыя мае ў сваіх шэрагах каля 6 тысяч актыўных сяброў.
Пры Таварыстве створана і працуе ініцыятыўная група па арганізацыі Беларускага нацыянальнага універсітэта, у склад якой уваходзяць 68 найаўтарытэтнейшых дзеячоў беларускай навукі і культуры.
Сабрана больш 50000 подпісаў пад патрабаваннем забяспечыць канстытуцыйнае права атрымліваць вышэйшую адукацыю на беларускай мове і стварэннем Беларускага нацыянальнага універсітэта.
Выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай літаратуры
Наладжана праца грамадскай бібліятэкі старажытнай беларускай кнігі, фонд якой складае звыш 600 асобнікаў рэдкіх і ўнікальных беларускіх кніг
Віцебская гарадская арганізацыя прыхільнікаў беларускага слова паўстала ў асяродку супольнікаў нефармальнага аб’яднання па ахове гістарычнай спадчыны “Узгор’е”. Клуб “Узгор’е” існаваў у горадзе з 1986 г.
Віцебская гарадская арганізацыя прыхільнікаў беларускага слова паўстала ў асяродку супольнікаў нефармальнага аб’яднання па ахове гістарычнай спадчыны “Узгор’е”. Клуб “Узгор’е” існаваў у горадзе з 1986 г.
Там было прынята рашэнне карыстацца беларускай мовай у час работы па ўзнаўленні помнікаў архітэктуры і на пасяджэннях клуба. На асобныя пасяджэнні запрашалі настаўніка беларускай мовы для яе аднаўлення і навучання тых, хто раней ёю не валодаў.
У 1988 г. у аргкамітэт пленума ЦК КПСС па нацыянальным пытанні быў накіраваны ліст, у якім выказвалася думка аб захаванні нацыянальнай спадчыны,у тым ліку і беларускай мовы. Неўзабаве Віцебск наведаў сакратар ЦК КПСС па ідэалогіі В.А.Мядзведзеў, які абмяркоўваў з кіраўніцтвам горада праблемы перабудовы ў краіне. Пасля гэтага гарадскія ўлады пачалі ставіцца больш лагодна і да адраджэння беларускай мовы.
24 кастрычніка 1989г у Віцебску была створана гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Першым старшынём арганізацыі абралі дацэнта Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава, паэта, выкладчыка нямецкай мовы Уладзіміра Антонавіча Папковіча. На тэлебачанні і ў друку была разгорнута культурна-асветніцкая праца і праца ў падтрымку заканадаўчага акта аб наданні беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай.
Сябрам ТБМ давялося актыўна ўдзельнічаць у спрэчках з апанентамі, што актыўна выступалі супраць дзяржаўнасці беларускай мовы. Пачалася праца за пашырэнне беларускай мовы ў сферы грамадскага ўжывання. Да гэтага толькі адна кіроўца трамвая шостага маршрута Вольга Георгіеўна Менжуліна па ўласнай ініцыятыве рэгулярна абвяшчала прыпынкі па-беларуску. У.Папковіч, І.Цішкін, В.Арлоў арганізавалі сустрэчу з калектывам трамвайна-тралейбуснага парка, на якой тлумачылі неабходнасць пераходу гарадскога пасажырскага транспарту на беларускую мову. Падобныя сустрэчы праводзіліся многа разоў і ў наступныя гады, але надпісы на прыпынках па-беларуску з’явіліся толькі ў 1998 г. І толькі ў выніку нарады ў гарвыканкаме з прадстаўнікамі гарадской рады ТБМ быў распрацаваны і 12.10.1999 г. зацверджаны гарвыканкамам план рэалізацыі прапаноў па выкарыстанні беларускай мовы ў сферы адукацыі, культуры, побытавага абслугоўвання, у гандлі і на гарадскім пасажырскім транспарце. Пасля гэтага з 2000г. Пачалі агучваць транспартныя прыпынкі па-беларуску. Трэба адзначыць, што поўнасцю гэты план ніколі не выконваўся.
З 1991г і да сакавіка 2008г. старшынёй гарадской рады ТБМ абіраўся выкладчык Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Валянцін Мікалаевіч Арлоў. З пачатку 90-х гадоў галоўнымі накірункамі працы гарадской арганізацыі былі наступныя: імкненне да безумоўнага выканання Закона аб мовах, прапаганда ўжывання беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця, вывучэнне гісторыі Беларусі, традыцыйнай нацыянальнай культуры, арганізацыя суполак ТБМ і іх функцыянаванне, сувязь з суполкамі іншых раёнаў і ўзаемны абмен вопытам працы, асветніцкая праца ва ўсіх яе праявах. Былі прыкладзены значныя намаганні для стварэння беларускамоўных класаў у гарадскіх школах і беларускіх груп у дзіцячых садках.
Пачатак 90-х гадоў супаў з рэзкай актывізацыяй праціўнікаў дзяржаўнасці беларускай мовы ў краіне. Як ні дзіўна, галоўнымі актывістамі ў Віцебску, якія выступалі супраць Закона аб мовах 1990г і Закона аб адукацыі 1991г, былі выкладчыкі кафедры філасофіі ўніверсітэта імя Машэрава, будучыя члены Славянскага сабора Белая Русь Уткевіч, Голубеў, супрацоўнік тагачаснага дома палітасветы Глушонак і інш. З другога боку, калі ў пачатку 90-х гадоў старшыня гарвыканкама М.Федарчук абяцаў стварыць пры гарвыканкаме пасаду для чалавека, які павінен сачыць за выкананнем Закона аб мовах, дык яго пераемнік В.Невушаў ужо быў супраць таго, каб беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. На абласным радыё і тэлебачанні сябры ТБМ А.Папковіч, А.Канапелька, Ф.Сіўко, В.Арлоў і іншыя дзясяткі разоў выступалі з гутаркамі па пытаннях мовы, гісторыі, архітэктуры, зберажэнні нацыянальных каштоўнасцей. Гарадская арганізацыя разам з абласной (створана ў 1997г.) ладзілі сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі Барадуліным, Бураўкіным, Гілевічам, Іпатавай, Алексіевіч і інш. Гарадское ТБМ арганізоўвала сустрэчы з вайскоўцамі ў Віцебску, Баравусе пад Полацкам, некаторы час існавала супрацоўніцтва паміж гарадской радай ТБМ і рэдакцыяй вайсковай газеты “Гвардзеец”, дзе друкаваліся нататкі аб мове і гісторыі Беларусі.
Яшчэ ў 1995г. пасля рэферэндуму па мове па дамоўленасці са старшынём гарвыканкама У.В.Пелагейкам гарадская арганізацыя атрымала магчымасць ладзіць свае пасяджэнні, сходы і канферэнцыі ў СШ N 11 і бібліятэцы імя Караткевіча. У бібліятэцы Караткевіча каля года працаваў і гурток беларускай мовы для дарослых, які дабраахвотнаі на безаплатнай аснове вяла настаўніца беларускай мовы Шымковіч Соф’я Феліксаўна. Было наладжана супрацоўніцтва ў Гарадку з філіялам мінскага ліцэя Беларускага адукацыйнага гуманітарнага цэнтра, Лужаснянскай гімназіяй для адораных дзяцей.
У 1994-95 гг. зноў абвастрылася барацьба паміж прыхільнікамі адзінай дзяржаўнай беларускай мовы і тымі, хто выступаў за наданне рускай мове статуса дзяржаўнай. К 1994г.у Віцебску ў першых класах па-беларуску вучылася ўжо 15% першакласнікаў у 40 першых класах, у дзіцячых садках існавала больш за сто беларускамоўных груп. Не без цяжкасцей уплыў беларускай мовы ўсё больш і больш пашыраўся на ўсе сферы грамадскага жыцця,у тым ліку на школу і дашкольнае выхаванне, што асабліва непакоіла праціўнікаў беларусізацыі і незалежнасці Беларусі. У 1994г. віцебскі гарсавет звярнуўся да Вярхоўнага Савета рэспублікі з прапановай надання і рускай мове статуса дзяржаўнай. Арганізатарамі гэтага звароту былі намесніца старшыні гарвыканкама Л.Аленская і старшыня камісіі гарсавета па адукацыі В.Захарава. В.Шырокава, дырэктар СШ N 15, якую меркавалася зрабіць нацыянальнай беларускамоўнай гімназіяй, спрабавала зрабіць гімназію рускамоўнай, што практычна з цягам часу і было зроблена.
16.11.1994г. гарадская рада ТБМ праз газету “Наша слова” звярнулася да А.Лукашэнкі з адкрытым лістом з нагоды яго імкнення зрабіць рускую мову дзяржаўнай. Адказу, канешне, не было. 25.04.1995г. ТБМ звярнулася праз СМІ да віцяблян са зваротам не галасаваць на рэферэндуме за наданне рускай мове статуса дзяржаўнай. У віцебскіх газетах “Выбар”,”Віцебскі рабочы”, “Народнае слова”, “Віцебскі кур’ер” ТБМ друкавала артыкулы аб стане беларускай мовы, неабходнасці захаваць яе статус у адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Беларусі.
Пасля рэферэндуму 1995 г. аналізавалася сітуацыя з беларускай мовай у Віцебску і вобласці.У 1996г. ТБМ правяло гарадскую канферэнцыю з настаўнікамі, выхавацелямі дзіцячых садоў і прадстаўнікамі грамадскасці, каб абмеркаваць стан беларускай мовы ў горадзе.Канферэнцыя рыхтавалася разам з гарадскімі ўладамі. Канферэнцыя некалькі разоў адкладвалася, а рэзалюцыя па яе выніках увогуле не была прынята. ТБМ правяло сход настаўнікаў з удзелам Г.Бураўкіна, дзе быў адзначаны нездавальняючы стан у выкананні Закона аб мовах і выказана занепакоенасць у сувязі з раскамплектаваннем беларускамоўных класаў. Гэта было адзначана ў СМІ і адпаведным звароце да уладаў. Працягвалася тлумачальная работа сярод бацькоў з мэтай пераканаць іх у неабходнасці адправіць сваіх дзяцей пасля дзіцячага садка ў беларускамоўныя класы. Добрую ініцыятыву ў гэтым накірунку праяўляла лекарка Валянціна Анатольеўна Рыбакова.
У ВНУ Законы аб мовах і адукацыі фактычна сабаціраваліся, рэктар ветэрынарнага істытута Жакаў ставіўся да іх увогуле варожа. Праца гарадскога ТБМ прыкметна ўскладнілася. Знайсці падтрымку сваім ідэям у асяродку дэпутатаў Нацыянальнага Сходу ад Віцебска таксама не ўдалося. Але заставаліся яшчэ магчымасці па-за школьнай працай, а таксама асветніцкая дзейнасць.Сябра гарадской рады ТБМ, выкладчыца ўніверсітэта імя Машэрава Ліля ПаўлаўнаКернажыцкая (Глот) арганізавала нядзельную школку “Празоры” ў памяшканні абласнога аб’яднання пазашкольнай працы для дзяцей дашкольнага ўзросту. На працягу некалькіх гадоў дзеці ў “Празорах” у розных узроставых групах далучаліся да фальклору, народных звычаяў, танцаў, спеваў, этыкету. ТБМ для “Празораў” набыло шэраг народных музычных інструментаў. З дзецьмі святкаваліся Каляды, арганізоўваліся веснавыя святы на Юр’евай горцы, загарадныя экскурсіі па гістарычных мясцінах разам з бацькамі. З бацькамі таксама праводзіліся гутаркі аб народных святах, экскурсіі па гістарычным цэнтры горада. ТБМ рэгулярна ладзіла экскурсіі па Віцебску са школьнікамі, гурткоўцамі-краязнаўцамі вобласці, студэнтамі. Па магчымасці друкаваліся дапаможныя беларускамоўныя матэрыялы для гурткоўцаў -краязнаўцаў: “Мова і палітыка”,”Каляды ў народнай міфалогіі”, “Купалле – макушка лета”(В.Арлоў); для студэнтаў “Слоўнік хімічных тэрмінаў” (У.Слабін); Настаўнік гісторыі, сябра рады ТБМ І.Х.Каліноўскі выдаў некалькі бюлетэняў “Наша праўда”, прысвечаных беларускай культуры. Нефармальна гарадская рада арганізавала факультатыў для старэйшых школьнікаў па вывучэнні культурнай спадчыны (гісторыя, архітэктура,гісторыя мовы, экскурсіі па гістарычных месцах). Адным з арганізатараў гэтай справы быў вучань СШ № 37, сябра радыТБМ Ігар Землякоў. Разам з супрацоўнікам абласной арганізацыі пазашкольнайпрацы з дзецьмі і падлеткамі і кіраўніком суполкі ТБМ А.В.Куржалавым Таварыства арганізавала паездкі ў Полацк дзяцей віцебскіх школ, пераможцаў краязнаўчых алімпіяд.Была ажыццёўлена шматдзённая паездка настаўнікаў- краязнаўцаў па маршруце Віцебск-Полацк-Наваполацк-Германовічы-Пагост-Мёры-Віцебск з мэтай азнаямлення з краязнаўчай працай у вобласці. Ладзіліся паходы да помнікаў прыроды і археалогіі на Віцебшчыне для дзяцей з “Празораў” і сярэдніх школьнікаў (вёскі Горкі, Бараўляны, Лосвіда і інш.) У гэты ж час ТБМ праводзіць на пл. Леніна ў Віцебску з дазволу ўладаў (старшыня гарвыканкама У.В.Пелагейка) пікет у абарону беларускай мовы з лозунгамі: “Беларускім школьнікам – беларускія школы”, “Беларускім студэнтам – беларускія ВНУ,” “Саюз Беларусі з Расіяй – пагроза беларускай мове”. Старшыні гарадской рады ТБМ у гэты час яшчэ дазвалялася выступіць на сесіі гарсавета і засяродзіць увагу дэпутатаў на нездавальняючым стане беларускай мовы ў школьнай адукацыі. Але паступова гарадскія ўлады, якія праводзяць агульнадзяржаўны курс згортвання беларускай мовы ў грамадстве, практычна абмежавалі ўсялякую магчымасць адкрытай працы ТБМ па сваім прызначэнні і негалосна ўвялі забарону на яго дзейнасць.
З сакавіка 2008 г. да верасня 2013 г. кіраўніком Віцебскай гарадской арганізацыі ТБМ з’яўлялася Любоў Яўгенаўна Лукашэнка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
З верасня 2013 г. кіраўніком Віцебскай гарадской арганізацыі ТБМ з’яўляецца Ірына Лобан, журналістка і паэтка.