Заснавана ў кастрычніку 1989 года. Першы старшыня рады і заснавальнік арганізацыі Іван Юліянавіч Здановіч, настаўнік беларускай мовы, былы дырэктар СШ № 4 г.Пружаны, пенсіянер.
На час стварэння арганізацыі пачалі дзейнічаць суполкі ў г.п. Ружаны, г.п. Шэрашава, у раённай бібліятэцы, у рэдакцыі раённай газеты, ва ўсіх пяці школах горада і агульнагарадская суполка.
У верасні 2003 года старшынёй рады абраны Жытко Канстанцін Іванавіч, настаўнік беларускай мовы СШ №1 г.Пружаны.
Са снежня 2006 года раду ўзначаліла Жэгалава Тэрэза Міхайлаўна, былы настаўнік гісторыі СШ №5 г. Пружаны. На гэты час частка суполак арганізацыі па прычыне ўзмацнення аўтарытарна-таталітарнага ўціску на грамадства ў нашай краіне і ўсталявання атмасферы страху самаліквідавалася. Перасталі існаваць суполкі ў Ружанах, Шэрашаве, у СШ №4, №3, № 5, №1 горада Пружаны. Дзейнічалі суполкі пры раённай бібліятэцы, рэдакцыі “Раённых будняў”, былой СШ №2, а цяпер Пружанскай гімназіі і гарадская суполка як найбольшая па колькасці сябраў.
На 2012 год старшынёй рады з’яўляецца Жэгалава Тэрэза, намеснікам Жаўнярчук Ларыса, сябрамі рады Чаркасава Галіна, Папека Мікола, Ячычка Віктар.
Найбольш актыўна дзейнічае гарадская суполка, яна фактычна стала асновай арганізацыі.
Мы маем падтрымку і прыхільнікаў у бібліятэцы, рэдакцыі раённай газеты, у гімнаэіі і музеі-палацыку. Але пасля сыходу на пенсію альбо на іншую працу актывістаў былых суполак астатнія, у святле цяперашняй сітуацыі, баяцца праводзіць дзейнасць пад афіцыйным брэндам ТБМ.
Найбольш значныя накірункі нашай дзейнасці:
- Збор сродкаў на ўсталяваннне або аднаўленне помнікаў паўстанцам 1863 года, паэту М. Купрэеву, на выдавецкую дзейнасць.
- Краязнаўча-даследчая праца. Вядзецца сіламі сябраў суполкі гімназіі, супрацоўнікаў бібліятэкі, палацыка. Былі даследаваны жыццёвы і творчы шлях мастака Станіслава Жукоўскага, спевака Міхала Забэйды-Суміцкага, стваральніка народнай харавой капэлы Рыгора Шырмы, пісьменніка, вучонага-фалькларыста Юзафа Крашэўскага, польскага паэта, асветніка Францішка Карпінскага, паэтаў Міколы Купрэева і Міколы Засіма.
- Выдавецкая дзейнасць. Выдалі грамадска-літаратурны даведнік “Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны”. Частка першая-2003 год, другая -2008 год. Зборнікі паэзіі М. Папекі , Я.Вароніча, буклет да двадцацігоддзя нашай арганізацыі.
- Аднаўленне традыцый і абрадаў. Дзейнічае тэатральна-літаратурны клуб “Талака” пад кіраўніцтвам Жаўнярчук Ларысы, які правёў свята нацыянальнай кухні, абрад уваходзін у хату, свята “Запрашаем на вячоркі”, свята “Багач”.
- Вандроўкі па Пружаншчыне. Наведванне кожны другі год магілы касінераў К.Каліноўскага ў Ружанскай пушчы з запрашэннем праваслаўнага і каталіцкага святароў.
- Вандроўкі па краязнаўчых мясцінах:Шэйпічы, Шакуны, Ружаны, Лыскава, Доўгае і г.д.
- Наведванне магілы Міколы Купрэева.
- Арганізацыйна –масавая праца з мясцовымі органамі ўлады. Мы прапанавалі шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці знакамітых землякоў: Р.Шырмы, М.Засіма, Ю.Крашэўскага, Л.Сапегі, Р.Жук-Грушкевіч. Неаднаразова звярталіся да адміністрацыі горада і раёна з патрабаваннем візуальнага беларускамоўнага афармлення (шыльды, вітрыны, упакоўка прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў).
- Барацьба за наданне вуліцам горада імён знакамітых землякоў.Так да 450-годдзя Л.Сапегі мы выступілі з прапановай перайменаваць адну з вуліц горада і надаць ёй імя Л.Сапегі. Гэта прапанова была падмацавана больш чым 100 подпісамі жыхароў горада, якія пражываюць пераважна па вуліцы Інтэрнацыянальнай, яны жадалі, каб іменна іх вуліца насіла імя Л.Сапегі. Для разгляду пытання райвыканкам стварыў камісію, на паседжанне камісіі былі запрошаны і мы, як ініцыятары такой прапановы. Камісія прыйшла да высновы, што імя Сапегі павінна быць у назвах нашых вуліц, але толькі новых. У прысутнасці 30 чалавек нас запэўнілі, што першая ж новая вуліца ў Пружанах атрымае імя Л.Сапегі. Прайшло некалькі год, з’явілася больш за 7 вуліц , але абяцанне так і не выканана. Барацьба працягваецца ўжо праз мясцовую прэсу, новыя звароты з патрабаваннем выканаць дадзенае людзям слова, улічваць пажаданні кампетэнтных асоб пры выбары назваў новых вуліц, прытрымлівацца ў гэтых назвах беларускага правапісу.
Зараз рыхтуем зварот у габрэйскую амбасаду з патрабаваннем усталяваць на помніку на габрэйскіх могілках у Пружанах таблічку з надпісам на беларускай мове.(Маюцца надпісы на габрэйскай, ангельскай і рускай мовах). Робім тое, што не зрабіў наш райвыканкам.
Найбольш значныя масавыя мерапрыемствы.
- Традыцыйна, кожны год, мы ўдзельнічаем у агульнабеларускай дыктоўцы, адзначаем Дзень Волі, Дзяды. Ужо трэці год на кожных зімовых канікулах ладзім Навагодні ранішнік для школьнікаў горада. Гэта адзінае беларускамоўнае свята для дзяцей у нашым горадзе.
Да 125-тых угодкаў Я.Купалы і Я.Коласа быў распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, які лёг у аснову раённага плана ушанавання памяці славутых беларускіх класікаў.
Былі праведзены: конкурс чытальнікаў сярод вучняў школ раёна, конкурс творчых работ вучняў старэйшых класаў з публікацыяй лепшых у раённай газеце, конкурс малюнкаў сярод навучэнцаў мастацкага аддзялення школы мастацтваў ім. Р.Р.Шырмы на тэму “Мой родны кут”, вечар беларускага раманса і завяршальнае свята “Гучы беларускае слова”, якое праводзілася сіламі навучэнцаў і настаўнікаў мастацкай школы, а таксама вучняў Пружанскай гімназіі, пераможцы атрымалі ад нашай арганізацыі каштоўныя падарункі і граматы.
У 2008-09 годзе здзейснены праект “Ад дзіцячага садка да школы”, у рамках якога праведзены шэраг мерапрыемстваў для дзетак старэйшых груп садкоў горада і іх бацькоў.
Кульмінацыяй стала сустрэча вучняў, настаўнікаў і бацькоў адзінага беларускага класа ў горадзе з бацькамі будучых першакласнікаў.
Запамінальным стаўся праведзены ў 2010 годзе круглы стол “Беларуская мова і хрысціянства на Пружаншчыне” з удзелам прадстаўнікоў праваслаўнага і каталіцкага святарства раёна, сяброў таварыства і прадстаўнікоў пружанскай інтэлігенцыі. Мерапрыемства прайшло ў Пружанскім палацыку.
Сябра рады нашай арганізацыі, паэт-пчаляр Папека Мікола арганізаваў уручэнне мядовай прэміі кожныя два гады берасцейскім паэтам.