Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў пра перадвыбарную кампанію 2020: "Дэмакратыя без мовы - гэта лінгвацыд"

Сёлета мы маем новую палітычную з'яву, калі на сцэну выйшлі тыя, хто раней падтрымліваў сучасную беларускую ўладу, альбо заключыў з ёй сацыяльны кантракт: мы вас не крытыкуем, прымаем вашыя асноўныя каштоўнасці (вашу сімволіку, ідэалогію, знешнюю і ўнутраную палітыку, вашу мову і адносіны да рэлігіі), а вы нас не чапаеце і мы займаемся сваімі справамі: бізнесам, навукай, культурай і маем магчымасць доўга жыць і  працаваць за мяжой. Прычым галоўная ўмова - мы ўсе рускамоўныя, альбо "рускія са знакам якасці". Доўгі час сацыяльны кантракт дзейнічаў і абыякавыя да палітыкі людзі паступова палепшылі свой дабрабыт і крытычна альбо абыякава ставіліся да іншадумцаў. Але сярод тых былі людзі, якія змагаліся за захаванне і існаванне беларускай мовы і культуры. Аднак у апошнія гады эканоміка спыніла свой рост, дабрабыт не расце, а ўлада стала рэальна публічна зневажаць народ, які стаў "народцам", а еўрапейская краіна сярэдніх памераў, дзе мы жывём, стала "клочком земли". Пасля падзей на Украіне канчаткова прачнуўся расійскі імперыялізм, які пачаў каланіяльныя захопы новых тэрыторый і выбраў у якасці чарговай ахвяры Беларусь.

Працяг чытайце тут.

2020-07-31 2

НАН Беларусі праводзіць конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць агульнарэспубліканскую творчую акцыю “За што я люблю родную зямлю”. Яна заключаецца ў стварэнні жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі творчых прац, у якіх будуць адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі, увасоблена пачуццё гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга.

Тэмы: “За што я люблю свой край”, “Мова маёй малой Радзімы”, “Родная зямля – крыніца натхнення”, “Квітней, мая Радзіма!”

Вынікі конкурсу будуць падведзены падчас Тыдня мастацкага слова (з 31 жніўня па 6 верасня 2020 года) і Дня беларускага пісьменства (6 верасня 2020 года).

Пераможцы конкурсу будуць адзначаны памятнымі прызамі, дыпломамі, граматамі і падзякамі НАН Беларусі.

Творчыя працы просім дасылаць да 20.08.2020 на адрас: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 1/2, г. Мінск, 220072, або па электроннай пошце: inlinasbel@tut.by з паметай “Конкурс”.

Больш інфармацыі тут.

2020-07-29 0

Зварот Сакратарыята Таварыства беларускай мовы да ўдзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі 2020 г.

Паважаныя суайчыннікі!

Набірае моц чарговая прэзідэнцкая кампанія. Мы зноў звяртаем Вашу ўвагу на галоўную прыкмету нашай нацыі і незалежнасці – беларускую мову. Кіраўнікі дзяржавы прыходзяць і адыходзяць. А пакуль жыве беларуская мова – жыве і наш народ, жыве і наша краіна. Знікне мова – не стане ні народа, ні дзяржавы.

Таму мы ўсіх выбаршчыкаў галасаваць за тых кандыдатаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і хто ўключыць у свае праграмы наступныя пункты:

1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

 2. Падтрымаць дзейнасць універсітэта імя Ніла Гілевіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

3. У кожным раённым цэнтры, а таксама ва ўсіх раёнах абласных гарадоў і г. Мінска адкрываць новыя школы і гімназіі з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.

5. Забяспечыць вяшчанне на дзяржаўнай беларускай мове першага беларускага тэлеканала (БТ-1).

6. Усе дзяржаўныя раённыя і абласныя газеты павінны друкавацца па-беларуску не менш, чым 50% тэкстаў у кожным нумары.

Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і паспяховае развіццё Беларусі.

 

14 ліпеня 2020 года

Сакратарыят ТБМ

2020-07-20 0

Зварот старшыні ТБМ Алены Анісім да старшыняў арганізацый ТБМ у сувязі з падрыхтоўкай да наступнага з'езда

Старшыня ТБМ Алена Анісім звяртаецца да кіраўнікоў суполак, раённых, гарадскіх і абласных арганізацый.

Гэтай восенню ў кастрычніку пройдзе чарговы з’езд ТБМ. Таму неабходна звярнуць ўвагу на правядзенне справаздачна-выбарных канферэнцый і схода. Цалкам зварот чытайце далей.

2020-07-08 1

Захаваем ТБМ разам!

Дарагія сябры! Звяртаецца да вас Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

З вашай дапамогай мы здолелі сабраць грошы на запазычанасць за красавік (ужо аплацілі), аднак сітуацыя не палепшылася, бо пандэмія працягваецца, а таксама наклалася перадвыбарчая кампанія з неспакойнай абстаноўкай у краіне.

Зараз мы ўжо мусім сабраць каля 4000 рублёў, каб сплаціць арэнду за травень і чэрвень. На жаль, кожны дзень адтэрміноўкі цягне за сабой дадатковя выдаткі (бо накладаецца пеня). На наш зварот да ўладаў Менска, каб у сувязі з пандэміяй нам часова зменшылі арэндную плату, мы сёння атрымалі здзеклівую адмову. Таму я звяртаюся ў першую чаргу да кіраўнікоў абласных і раённых арганізацый ТБМ і прашу тэрмінова сабраць сяброўскія складкі за гэты год і, калі будзе магчымасць, ахвяраванні. Бо страта офіса, у якім зарэгістраваныя Рэспубліканская арганізацыя ТБМ, выдавецтвы часопіса "Верасень", газет "Наша слова" і "Новы час", Мінская гарадская і тры раённыя арганізацыі ТБМ г. Мінска (Партызанская, Савецкая і Кастрычніцкая), пацягне за сабой закрыццё пералічаных арганізацый, а ў перспектыве і ўсяго ТБМ.

Спадзяюся, што з вашай падтрымкай мы справімся ў гэтай няпростай сітуацыі, як спраўляліся цягам усіх 30 год існавання ТБМ. Унёскі можна пералічыць на рахунак ТБМ BY84BLBB30150100129705001001 BIC BLBBBY2X у аддзяленні №539 ААТ "Белінвестбанка" УНП 100129705. Ахвяраванні можна пералічыць на рахунак ТБМ BY91BLBB31350100129705001001 BIC BLBBBY2X у аддзяленні №539 ААТ "Белінвестбанка" УНП 100129705 (бланкі спампаваць можна тут). Па гэтай спасылцы прыведзены спосаб аплаты праз АРІП, праз які можна падтрымаць нас і нашу справу. Нягледзячы на пандэмію за гэты час выйшаў новы "Верасень" №22, працягвае выходзіць газета "Наша слова", літаратурна-мастацкі зборнік "Ад лідскіх муроў", працягваем аплочваць сайт, на якім можна спампаваць розныя матэрыялы, напрыклад, разнастайныя слоўнікі. Вядома, афлайнавыя мерапрыемствы, адукацыйныя і моўныя курсы прыпыніліся ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Дзякую ўсім, хто нас ужо падтрымаў ці толькі збіраецца гэта зрабіць, зычу ўсім здароўя, спакою і аптымізму ў гэтыя няпростыя часы. Разам мы былі, ёсць і будзем моцныя!

 

2020-06-23 0

ТБМ у Лічбах
20

Выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай літаратуры

ТБМ у дзеянні

Часопісу "Верасень" 10 год, Таварыству беларускай мовы - 30!

Учора, 1 ліпеня, у менскім офісе ТБМ адбылася літаратурная сустрэча з паэтам, бардам, галоўным рэдактарам часопіса "Верасень" сп. Эдуардам Акуліным. Сустрэча была прымеркаваная да дзесяцігоддзя літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”, дваццаты нумар якога выйшаў зусім нядаўна.

На мерапрыемства трапіла некалькі дзясяткаў чалавек, адкрывалі сустрэчу старшыня ТБМ спн. Алена Анісім і Ганаровы старшыня арганізацыі сп. Алег Трусаў. Акрамя іншага сустрэча праходзіла ў межах святкавання 30-годдзя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

2019-07-02 0

Да свайго 30-годдзя Таварыства беларускай мовы выпусціла адмысловыя паштоўкі, асадкі і магніцікі

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" святкуе юбілей, 27 чэрвеня 2019 г. нам споўнілася 30 гадоў! З гэтай нагоды ТБМ ладзіць шэраг мерапрыемстваў і ініцыятыў.

Так, за ліпень адбылася творчая сустрэча з паэтам Эдуардам Акуліным і прэзентацыя 20-га нумара часопіса "Верасень", якому ўжо 10 гадоў, прайшла літаратурная сустрэча з пісьменніцай, педагогам Ганнай Севярынец, адбылася экскурсія да 200-годдзя кампазітара Станіслава Манюшкі.

Таксама з нагоды 30-годдзя мы выпусцілі адмысловыя паштоўкі, асадкі і магніцікі з сімволікай ТБМ.

2019-08-21 0

ТБМ распрацавала канцэпцыю праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"

Прапануем для абмеркавання азнаёміцца з канцэпцыяй праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", якая прапануецца Грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Па даручэніі Рады ТБМ канчатковую версію падрыхтаваў намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі. Спампаваць праект можна тут.

2018-11-16 0

Прайшлі першыя заняткі новага сезона "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

Сёння, 27 чэрвеня, прайшлі першыя заняткі новага сезона "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. На сустрэчу прыйшло два дзясяткі чалавек рознага ўзросту. Адкрывала сустрэчу старшыня ТБМ спн. Алена Анісім, якая адзначыла, што сёння асабліва адметны дзень не толькі дзякуючы заняткам гістарычнай школы, але і ў сувязі з 30-годдзем ТБМ.

Таксама на сустрэчы ладзіліся прагляды гістарычных фільмаў выбітнага гісторыка Алеся Краўцэвіча пра Мір і Мірскі замак, а Алег Трусаў распавёў пра тое, што засталося за кадрам.

Штомесяц будзе праведзена па 1-2 лекцыі, у якіх сп. Трусаў будзе распавядаць пра гісторыю розных гарадоў Беларусі, сярод якіх Мір, Слонім, Валожын, Мсціслаў і мястэчка Івянец. Тэма другой сустрэчы - "Старажытны Мсціслаў".

Чакаем у офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13)  4 ліпеня ў 18:20. Уваход вольны.

2019-06-27 0