Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Захаваем ТБМ разам!

Дарагія сябры! Звяртаецца да вас Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

З вашай дапамогай мы здолелі сабраць грошы на запазычанасць за красавік (ужо аплацілі), аднак сітуацыя не палепшылася, бо пандэмія працягваецца, а таксама наклалася перадвыбарчая кампанія з неспакойнай абстаноўкай у краіне.

Зараз мы ўжо мусім сабраць каля 4000 рублёў, каб сплаціць арэнду за травень і чэрвень. На жаль, кожны дзень адтэрміноўкі цягне за сабой дадатковя выдаткі (бо накладаецца пеня). На наш зварот да ўладаў Менска, каб у сувязі з пандэміяй нам часова зменшылі арэндную плату, мы сёння атрымалі здзеклівую адмову. Таму я звяртаюся ў першую чаргу да кіраўнікоў абласных і раённых арганізацый ТБМ і прашу тэрмінова сабраць сяброўскія складкі за гэты год і, калі будзе магчымасць, ахвяраванні. Бо страта офіса, у якім зарэгістраваныя Рэспубліканская арганізацыя ТБМ, выдавецтвы часопіса "Верасень", газет "Наша слова" і "Новы час", Мінская гарадская і тры раённыя арганізацыі ТБМ г. Мінска (Партызанская, Савецкая і Кастрычніцкая), пацягне за сабой закрыццё пералічаных арганізацый, а ў перспектыве і ўсяго ТБМ.

Спадзяюся, што з вашай падтрымкай мы справімся ў гэтай няпростай сітуацыі, як спраўляліся цягам усіх 30 год існавання ТБМ. Унёскі можна пералічыць на рахунак ТБМ BY84BLBB30150100129705001001 BIC BLBBBY2X у аддзяленні №539 ААТ "Белінвестбанка" УНП 100129705. Ахвяраванні можна пералічыць на рахунак ТБМ BY91BLBB31350100129705001001 BIC BLBBBY2X у аддзяленні №539 ААТ "Белінвестбанка" УНП 100129705 (бланкі спампаваць можна тут). Па гэтай спасылцы прыведзены спосаб аплаты праз АРІП, праз які можна падтрымаць нас і нашу справу. Нягледзячы на пандэмію за гэты час выйшаў новы "Верасень" №22, працягвае выходзіць газета "Наша слова", літаратурна-мастацкі зборнік "Ад лідскіх муроў", працягваем аплочваць сайт, на якім можна спампаваць розныя матэрыялы, напрыклад, разнастайныя слоўнікі. Вядома, афлайнавыя мерапрыемствы, адукацыйныя і моўныя курсы прыпыніліся ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Дзякую ўсім, хто нас ужо падтрымаў ці толькі збіраецца гэта зрабіць, зычу ўсім здароўя, спакою і аптымізму ў гэтыя няпростыя часы. Разам мы былі, ёсць і будзем моцныя!

 

2020-06-23 0

Заява ТБМ з нагоды правядзення кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Паважаныя грамадзяне Беларусі!

Поўным ходам ідзе выбарчая кампанія. Таварыства беларускай мовы выступае за справядлівыя выбары, на якіх грамадзяне Беларусі змогуць аддаць галасы за кандыдата, якога яны палічаць найбольш годным для пасады кіраўніка краіны, і асуджае любыя спробы парушэння правілаў сумленнай канкурэнцыі паміж кандыдатамі, у тым ліку выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і рэпрэсій. У прыватнасці, нас абурае факт чарговага зняволення актыўнага сябра ТБМ Паўла Севярынца, сапраўднага патрыёта, які заўсёды паслядоўна і прынцыпова выступае ў абарону незалежнасці Беларусі.

Наша грамадства патрабуе зменаў. Сёлетняя выбарчая кампанія вызначаецца з’яўленнем  новых яскравых постацей, якія вылучылісвае кандыдатуры, каб пазмагацца за самую высокую пасаду.

Разам з тым  звяртае на сябе ўвагу той прыкры факт, што шэраг асобаў, з  якімі вялікая колькасць грамадзян краіны звязвае надзеі на доўгачаканыя перамены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці, не валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай і не выкарыстоўваюць яе падчас збору подпісаў за сваё вылучэнне.  У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці здольныя гэтыя людзі належным чынам выконваць абавязкі першай асобы ў краіне, калі яны не адпавядаюць кваліфікацыйнаму патрабаванню, абавязковаму для службовай асобылюбога  ўзроўню? Дэманстратыўнае ігнараванне некаторымі кандыдатамі беларускай мовы падчас кампаніі збору подпісаў выглядае як абраза ўсім грамадзянам, якія разумеюць значэнне гэтай каштоўнасці для існавання Беларусі як суверэннай незалежнай дзяржавы.  Прэзідэнт, які не валодае роднай мовай свайго народа, дыскрэдытуе сябе, а разам і краіну, якую ён прадстаўляе.

Таварыства Беларускай мовы заяўляе аб тым, што не будзе падтрымліваць тых, хто парушае Канстытуцыю і ігнаруе моўныя правы грамадзян, і раіць усім выбаршчыкам задумацца, ці варта галасаваць за такіх прэтэндэнтаў, якія не паважаюць свой народ.

 

Сакратарыят ТБМ,

16 чэрвеня 2020 г.                                                            г. Менск

2020-06-22 0

Выйшаў дваццаць другі нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень"

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Мілады Паўлавай, Вікторыі Смолкі, Кацярыны Массэ, Кацярыны Ваданосавай, Міколы Кандратава, Тамары Аўсяннікавай і Эдуарда Акуліна. Раздзел «Проза» складаюць апавяданні Уладзіміра Шыпілы, Сяргея Белаяра, Зміцера Дзядзенкі, Лявона Валасюка, Паўла Ляхновіча і Вінцэся Мудрова.     

Пытайце «Верасень» № 22 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com

2020-06-14 0

Гурт PyLai стаў пераможцам конкурсу “Заспявай-6”

На рашэнне журы песня гурта Рыгора Лайкова і Уладзя Пыльчанкі на верш Віктара Жыбуля “Мафія” прызнаная найлепшай у конкурсе, які ў шосты раз ладзілі фонд “Вяртанне” і партал TuzinFM. 

Cёлета ўзнагароджанне прайшло ў тэлеэфіры, у межах праграмы Belsat Music Live, а не на канцэрце фіналістаў. Пераможцы атрымалі галоўны прыз - 1500 беларускіх рублёў на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.


 

2020-05-06 0

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай

У кароткі спіс прэміі Наталлі Арсенневай ўвайшлі 3 кнігі:

Данута Бічэль-Загнетава “Гускі вяртаюцца”. Выдавецтва “ЮрСаПрынт”, Гродна.
Вольга Гапеева “Чорныя макі”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
Андрэй Хадановіч “Школа травы”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Цырымонія ўзнагароджання, на якой будзе названы пераможца прэміі, адбудзецца анлайн (дзень і час удакладняюцца). Пераможца прэміі атрымае грашовы прыз.

У журы прэміі Наталлі Арсенневай сёлета ўвайшлі: паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук, выкладчыца сусветнай літаратуры Вольга Гронская, паэт, літаратуразнаўца, архівіст, кандыдат філалагічных навук  Віктар Жыбуль,  літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца Анжэла Мельнікава, паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Лера Сом.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН-цэнтрГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

 

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае” і Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”.

2020-04-27 0

ТБМ у Лічбах
600

Наладжана праца грамадскай бібліятэкі старажытнай беларускай кнігі, фонд якой складае звыш 600 асобнікаў рэдкіх і ўнікальных беларускіх кніг

ТБМ у дзеянні

ТБМ распрацавала канцэпцыю праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"

Прапануем для абмеркавання азнаёміцца з канцэпцыяй праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", якая прапануецца Грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Па даручэніі Рады ТБМ канчатковую версію падрыхтаваў намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі. Спампаваць праект можна тут.

2018-11-16 0

Да свайго 30-годдзя Таварыства беларускай мовы выпусціла адмысловыя паштоўкі, асадкі і магніцікі

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" святкуе юбілей, 27 чэрвеня 2019 г. нам споўнілася 30 гадоў! З гэтай нагоды ТБМ ладзіць шэраг мерапрыемстваў і ініцыятыў.

Так, за ліпень адбылася творчая сустрэча з паэтам Эдуардам Акуліным і прэзентацыя 20-га нумара часопіса "Верасень", якому ўжо 10 гадоў, прайшла літаратурная сустрэча з пісьменніцай, педагогам Ганнай Севярынец, адбылася экскурсія да 200-годдзя кампазітара Станіслава Манюшкі.

Таксама з нагоды 30-годдзя мы выпусцілі адмысловыя паштоўкі, асадкі і магніцікі з сімволікай ТБМ.

2019-08-21 0

Прайшлі першыя заняткі новага сезона "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

Сёння, 27 чэрвеня, прайшлі першыя заняткі новага сезона "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. На сустрэчу прыйшло два дзясяткі чалавек рознага ўзросту. Адкрывала сустрэчу старшыня ТБМ спн. Алена Анісім, якая адзначыла, што сёння асабліва адметны дзень не толькі дзякуючы заняткам гістарычнай школы, але і ў сувязі з 30-годдзем ТБМ.

Таксама на сустрэчы ладзіліся прагляды гістарычных фільмаў выбітнага гісторыка Алеся Краўцэвіча пра Мір і Мірскі замак, а Алег Трусаў распавёў пра тое, што засталося за кадрам.

Штомесяц будзе праведзена па 1-2 лекцыі, у якіх сп. Трусаў будзе распавядаць пра гісторыю розных гарадоў Беларусі, сярод якіх Мір, Слонім, Валожын, Мсціслаў і мястэчка Івянец. Тэма другой сустрэчы - "Старажытны Мсціслаў".

Чакаем у офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13)  4 ліпеня ў 18:20. Уваход вольны.

2019-06-27 0

Навіны Універсітэта імя Ніла Гілевіча: пададзены пакет дакументаў для атрымання ліцэнзіі (абноўлена)

У пятніцу, 19 ліпеня, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім (ТБМ з'яўляецца заснавальнікам універсітэта) падала падрыхтаваны рэктаратам Універсітэта імя Ніла Гілевіча першы неабходны пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год, прынамсі, на гэта вялікі спадзеў.

Нагадаем, што ў аўторак, 2 ліпеня, адбылося пасяджэнне рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча, на якім былі падведзены вынікі дзейнасці за час атрымання рэгістрацыі і было вырашана ў гэтым месяцы цалкам падрыхтаваць і падаць пакет дакументаў на атрыманне ліцэнзіі для набору студэнтаў ужо на 2020 год па 4-х спецыяльнасцях. Акрамя іншага, сярод дакументаў і 18 вучэбна-метадычных комплексаў, падрыхтаваных нашымі выкладчыкамі.

Таксама кіраўніцтва Універсітэта імя Ніла Гілевіча ўдзячнае за фінансавую падтрымку. У першую чаргу, выказваем падзяку спн. Мотуз і спн. Мікульскай.

Калі маеце магчымасць падтрымаць універсітэт, то па гэтай спасылцы ёсць інструкцыя. Любыя пытанні задавайце праз пошту nhuniversitet@gmail.com.

Чытайце пра нас на сайце ўніверсітэта www.nhu.by і ў інстаграме www.instagram.com/nhu.by.

2019-07-19 0